Калі мы ўяўляем сабе XVI стагоддзе, то можа падавацца, што жанчына на той час не мела ні голасу, ні правоў. Аднак нават у тыя часы законы Вялікага княства Літоўскага паказвалі іншую карціну, а Статут 1588 года падрабязна рэгуляваў, як караць за гвалт супраць жанчын, хто можа абараняць іх у судзе і ў якіх выпадках жанчыну нельга было караць смерцю. Вядома, што гэта не была роўнасць у сучасным разуменні, але для свайго часу з’яўлялася даволі развітай сістэмай абароны правоў. Palatno расказала, як вялікакняжацкі закон абараняў жанчын больш за 500 гадоў таму.

Тры словы, без якіх нічога не зразумела: Каб зразумець, як абараняліся жанчыны (і не толькі яны) ў ВКЛ, трэба разумець тры важныя тэрміны. Галоўшчына — грашовая кампенсацыя за забойства. Навязка — грашовая кампенсацыя за раны, пабоі, калецтва. Прысяга «сам-трэці», «сам-сёмы» і г.д. — выпадак, калі чалавек прысягаў не адзін, а разам з пэўнай колькасцю чалавек.
Жыццё чалавека раней увогуле можна было ўявіць у якасці прайс-ліста. У Статуце 1588 года з халодным прагматызмам адзначалася, колькі каштуе жыццё людзей простага звання. Напрыклад, жыццё панцарнага слугі каштавала 60 коп, бортніка — 40 коп, палоннага — 20 коп. За жанчын гэтых жа саслоўяў галоўшчына і навязка выплачвалася ўдвайне. Кошт за жыццё чалавека быў спосабам зрабіць суд прадказальным, каб забойства не заканчвалася бясконцай помстай, а ператваралася ў справу, у якой апошняе слова і пакаранне было за дзяржавай.
Зусім па-іншаму трактаваліся злачынствы супраць шляхты. Так, забойства шляхцянкі каралася гэтак жа, як забойства шляхціча. Аднак пакаранне было са сваімі агаворкамі: галоўшчына і пакаранне было ўдвая большым.
Асобна вылучалася абарону цяжарных жанчын. За нанясенне ім шкоды, якая прывяла да страты дзіцяці, прадугледжвалася турэмнае зняволенне і публічнае пакаянне. А калі такіх дзеянняў памірала жанчына і дзіця, то злачынцу чакала смяротнае пакаранне.
Калі цяжарная жанчына здзяйсняла злачынства і ёй было прысуджана смяротнае пакаранне, то выкананне прысуду адтэрміноўвалася да родаў.
Згвалтаванне жанчыны каралася смерцю, але толькі пры выкананні строгіх умоў для доказу:
Калі жанчына не крычала, хоць і магла быць пачутая, то яе словы не прымаліся як доказ. Такім чынам, ахова жанчыны была рэальнай, але моцна залежала ад правільных, паводле Статуту, паводзін.
Цікава, што Статут дапускаў магчымасць шлюбу паміж ахвярай і гвалтаўніком, але толькі ў выпадку, калі жанчына сама таго жадала.
Статут не дапускаў гвалтоўнае выкраданне жанчын, а для выкрадальніка прадугледжвалася пакаранне смерцю. Закон нават абараняў такіх жанчын да суда: іх змяшчалі пад ахову і сярод жанчын. Калі высвятлалася, што жанчына сама пагадзілася на выкраданне, але схавала гэты факт ад сям’і, то яна губляла права на пасаг і спадчыну, а мужчыну вызвалялі ад смяротнага пакарання.
Што было, калі адбываліся злачынствы ўнутры сям’і? Напрыклад, калі муж ці жонка забівалі адзін аднаго, то справа магла пачацца па заявах дзяцей, сваякоў або самім судом. Забойства маці ці бацькі дзецьмі лічылася адным з найцяжэйшых злачынстваў і каралася надзвычай жорстка. Дарэчы, забойства дзіцяці бацькамі наадварот каралася турмой і публічным пакаяннем, а не смерцю.
У судзе жанчына ў ВКЛ не была безгалосавай, але яе магчымасці моцна залежалі ад яе сацыяльнага стану, сямейнага статусу і ад таго, пра якую справу ішла гаворка. Жанчыны маглі падаваць скаргі ў суд, удзельнічаць у працэсе, прысягаць (сама ці са сваякамі), прадстаўляць інтарэсы дзяцей, патрабаваць галоўшчыну і навязку.
Шляхцянцы ў судзе дазвалялі прысягаць са слугамі толькі тады, калі няма магчымасці сабраць шляхту. Менавіта сведкі-шляхцічы лічыліся прыярытэтнымі. Асобным момантам было права забіраць галоўшчыну: у многіх выпадках перавагу аддавалі сваякам-мужчынам, але пры іх адсутнасці жанчына ўступала ў гэта права.
Жанчыны маглі мець адвакатаў (такія ж правы былі і ў мужчын), а бедным давалі бясплатнага абаронцу. Жанчыны не маглі быць сведкамі, калі былі асуджаны за цяжкія злачынствы, былі вар’яткамі.
Механізм доказаў у справах ў датычнасці да жанчын і ў справах простых людзей быў амаль аднолькваы. Там і там вырашальную ролю адыгрывала прысяга, пэўная колькасць сведак, часцяком відавочнае злачынства магло скончыцца проста грашовай выплатай.