У сэрцы літоўскай Жамойці ёсць невялікае мястэчка Цяльшай, якое называюць культурніцкай сталіцай рэгіёну. Нядаўна там адкрылася галерэя VDA і адразу прадставіла выставу environmental art беларускіх мастакоў і мастачак «Прырода ведае». Работы былі падрыхтаваны на двух пленэрах пры ўдзеле беларускіх эколагаў.
— Мы хацелі правесці выставу ў невідавочным месцы, адводзячы ўвагу ад сталіц тыпу Вільнюса або Варшавы, гэтак жа як падчас пленэраў максімальна адводзілі мастакоў у прыроду, каб яны пачулі яе голас, — распавядаюць суарганізатары выставы Evaa project. — Сёння людзі адрэзаныя ад дзённага святла: мы можам жыць і працаваць і днём і ноччу. Мы адрэзаныя ад цыклаў прыроды: на нашых сталах круглы год яблыкі і ананасы. Мы жывем па-за сезонаў пад кандыцыянерамі пры вечным + 23, а нашы старонкі ў Instagram несмяротныя і назаўжды напоўнены шчаслівымі фотаздымкамі. Пры гэтым знікае адчуванні сябе як часткі вялікай экасістэмы, а з ім і доступ да ведаў гэтай экасістэмы аб тым, як выжыць, нават калі навокал усё палае. Як зараз.
Урывак з апісання інсталяцыі «Дамашняя работа» Алены Іванюшчанка:
Прырода дорыць досвед свабоды, вызваленасці ад сістэм, якія немінуча ствараюцца чалавечай прысутнасцю. Школьны сшытак, падручнік, парта — гэта прастора абмежаванняў і правіл, у якім мы шукаем спосаб быць, шукаем свой асабісты спосаб жыцця, выразы сябе. Ці можам мы трансфармаваць правілы, уступіць з імі ў дыялог? Заданне з зорачкай — адшукаць свабоду ўнутры сябе.
У працэсе падрыхтоўкі да выставы, дваццаць беларускіх мастакоў глядзелі на прыроду як на суб’ект, які валодае ведамі аб тым, як перажыць катастрофу — пажары, вайну, паводкі, радыяцыю, вывяржэння вулканаў, цунамі. Ці можна памятаць, што ты частка прыроды і як перажыць разбурэнне, адрыў каранёў ад сваёй зямлі, як працягваць быць там, дзе, здавалася б, няма жыцця?
Урывак з апісання працы «Космас наш! Вялікі выбух 2.0» Аляксандра Бельскага:
Асноўным графічным матэрыялам для стварэння тытульнай працы сталі грыбы, а менавіта цвіль. Прыгажосць плесневых калоній падобная на космас, які выжыве нават пасля глабальнай катастрофы, паклапаціцца аб рэштках свету і створыць глебу для новага.
Рэфлексія вылілася ў працы аб перасычэнні не толькі рэчамі, але і сэнсамі, у працэс паўнапраўнай музычнай сатворчасці паміж людзьмі і азёрамі і лясамі навокал і нават у жудаснае, але гіпнатызыючае апісанне апакаліпсісу.
Урывак з апісання трыпціха інсталяцый «Апакаліпсіс» Bazinato:
<...> Ведаеш, мой дарагі, у кожным з нас жыве чорнае насенне, дзіця чорнай ракі. І калі ты памнажаеш чорныя кроплі, тады рака паглыне цябе, і ты станеш чорнай ракой. Мы прыходзім у гэты свет з чорнымі кроплямі ў нашых душах. Гэта кроплі болю, безвыходнасці, роспачы і страху нашых продкаў. «Бабуля, а навошта яны пакідаюць свае чорныя слёзы ў сваіх дзецях?» — я задаў гэтае пытанне і прачнуўся.
— Што можа даць беларусам мастацтва па тэмах экалогіі?
— Сёння мастацтва на тэму экалогіі і навакольнага асяроддзя — гэта пазанацыянальныя каштоўнасці. Важна разумець, што ёсць праблемы ўсяго чалавецтва — і гэта праблемы і беларусаў таксама — якія застаюцца ўсеагульнымі праблемамі па-за лакальным кантэкстам. Так, відавочна і зразумела, што ўкраінцам, беларусам і рускім зараз надзвычай складана камунікаваць, нават знаходзячыся на адным каштоўнасным баку. Аднак эколагі з Украіны, Беларусі і Расіі працягваюць супрацоўнічаць і абазначаць экалагічныя праблемы, працаваць з катастрофай, якую нясе вайна навакольнаму асяроддзю.
Урывак з апісання лабараторнай працы па ландшафце «Out on the Tiles» Ігара Корзуна і Яўгена Канаплёва:
Мы жывем у часы чарговага здранцвення, немагчымасці вырабляць новае, крызісу перавытворчасці — перавытворчасці рэчаў, сэнсаў, сілы і ўлады. <...>У школе, на ўроках фізікі, першая лабараторная работа — кіпячэнне вады. Яна недарэчная ў сваёй прастаце і відавочнасці, але з’яўляецца неабходнай. Так і зараз час вяртання да лабараторных работ у прасторы сэнсаў.
— Якім быў водгук на выставу?
— Калі мы праводзілі выставу ў Мінску, людзі дзякавалі і казалі, што класна і што важна працягваць, што гэта адчуваецца як жывое мастацтва. У Мінску зараз стала менш сапраўдных шчырых не цэнзурных падзей, і наша была адной з іх — такое прарастанне праз асфальт.
— Якія планы ў праекта Evaa далей?
— Працягваць рабіць сваю справу, падтрымліваць устойлівасць і бачнасць праекта, каб паказаць скрыжаванне сучаснага беларускага мастацтва і экаактывізму.
— Як думаеце, прырода ведае яшчэ нешта, пра што мы не здагадваемся?
— Мы думаем, прырода ведае вельмі шмат. І калі мы хочам знайсці нейкія адказы, нам трэба быць вельмі ўважлівымі і назіральнымі. Гэтая ўвага павінна быць цёплай і аберагальнай, а не патрабавальнай і знішчальнай — і тады мы знойдзем падтрымку і апору, якія патрэбныя чалавецтву, каб адчуць сваю агульнасць і рухацца далей.
Урывак з апісання гукавай інсталяцыі Кацярыны Жынгяроўскай:
Законы Каманера:
Усё звязана з усім.
Усё павінна кудысьці дзявацца.
Прырода ведае лепш.
Нішто не даецца дарма.
Паводле прэс-рэлізу