На вясну — лета 2024 года ў Беларусі запланавана дастаткова вялікая колькасць актыўнасцяў, разнастайных паводле маштабу і тэматыкі. Не ўсе з іх патрапілі ў спіс Міністэрства спорту і турызму, інфармацыя пра некаторыя можа з’явіцца значна пазней. Але мы ўжо зрабілі для вас падборку найбольш цікавых мерапрыемстваў, каб вы маглі планаваць загадзя свой вольныя час.
1. Ноч музеяў — 2024
Дзе: музеі Беларусі
Калі: 18-19 траўня
Фота: nochmuzeev.by
Пачнем наш агляд з адной з самых адметных культурніцкіх падзеяў вясны па ўсім свеце і ў Беларусі таксама — Ночы музеяў. У гэты дзень музеі па ўсёй краіне адчыняць свае дзверы для наведвальнікаў у нязвыклыя адносна штодзённага раскладу гадзіны ды прапануюць актыўнасці, падчас якіх можна азнаёміцца з музейнымі каштоўнасцямі ды прыняць удзел у разнастайных інтэрактывах.
Тэма сёлетняй ночы — «Музеі: адукацыя і даследаванні». Падрабязны расклад мерапрыемстваў з’явіцца бліжэй да справы тут https://nochmuzeev.by/ .
2. Фэст «Жамчужная зорка — Палац Умястоўскіх»
Дзе: Гродзенская вобласць, Іўеўскі раён, Жамыслаўль
Калі: 25 траўня
Фота: grodno.bardy.org
Вядома, што вялікі ўнёсак у развіццё Жамыслаўля і ваколіцаў зрабіў род Умястоўскіх, які збудаваў тут велічны палацава-паркавы ансамбль, копію варшаўскіх «Лазенак», які захаваўся да нашых дзён. Дакрануцца да гісторыі навакольных мясцінаў можна будзе 25 траўня на фестывалі, што пройдзе побач з колішняй рэзідэнцыяй Умястоўскіх. Арганізатары прапануюць паўдзельнічаць у святочнай тэатралізаванай дзеі, прайсціся сцежкамі старадаўняга парку ды адчуць сябе мясцовым жыхаром XVIII-XIX стагоддзяў. Да таго ж наведвальнікаў чакае квэст-гульня, выступы аматарскіх калектываў установаў культуры Іўеўскага раёна, танцавальна-забаўляльная праграма і шмат іншых цікавостак. На пляцоўцы фэсту можна будзе пакаштаваць юшкі, пакатацца на конях, паўдзельнічаць у рамесніцкіх майстар-класах, прыдбаць разнастайных сувеніраў ад мясцовых майстроў.
Чытаць яшчэ: 7 цудаў Іўя: гайд ад Будзьма
3. Фестываль аўтарскай песні і паэзіі «Зялёны Гран-пры»
Дзе: Гродна, турыстычны аздараўляльны комплекс «Пышкі»
Калі: 24-26 траўня
Фота ivyenews.by
На душэўнае свята аўтарскай песні і паэзіі «Зялёны Гран-пры» ўжо далёка не першы раз з усёй Беларусі з’язджаюцца як вядомыя аўтары-выканаўцы, так і пачынаючыя музыкі. Асноўнай часткай праграмы будзе конкурсны канцэрт і вялікі выніковы выступ. Да таго ж аматарам адпачынку на вольным паветры арганізатары прапануюць наведаць творчыя майстэрні, паўдзельнічаць у лірычнай танцавальнай праграме ды далучыцца да кранальных спеваў ля вечаровага вогнішча ў найлепшых бардаўскіх традыцыях ды сяброўскай атмасферы. Пра заяўкі на ўдзел і пра іншыя падрабязнасці можна даведацца па спасылцы.
4. Фестываль «Магія вагню і святла»
Калі: 24-26 траўня
Дзе: Гродзенская вобласць, Ліда, тэрыторыя Лідскага замка
Фота: grodnonews.by
На апошнія выходныя траўня ў Лідзе запланаваны маштабны фестываль на тэрыторыі мясцовага сярэднявечнага замка «Магія вагню і святла». У праграме арганізатары абяцаюць пазнаёміць з выступамі тэатраў агню і сольнымі артыстамі, што па-майстэрску валодаюць усім магчымым вогненным рэквізітам. Удзельнікі рыхтуюць відовішчныя нумары з жывым агнём ды светлавымі эфектамі і яскравае піратэхнічнае шоу. Яшчэ ў праграме заяўлена «Жывая гісторыя» ад клубаў гістарычнай рэканструкцыі і выступы сярэднявечных гуртоў.
5. Фестываль сярэднявечнай культуры «Меч Брачыслава»
Дзе: Віцебская вобласць, Браслаў
Калі: 1 чэрвеня
Фота: planetabelarus.by
Фестываль «Меч Брачыслава» існуе з 2011 года і стаўся сапраўднай візітоўкай старажытнага Браслава. Сёлета наведнікаў тут чакаюць рыцарскія баі з удзелам рэканструктарскіх клубаў, майстар-класы па рамёствах, спектаклі ў стылі этна, феерверкі і фаер-шоу, пляцоўкі для дзяцей, гандлёвыя шэрагі і атракцыёны. Яшчэ традыцыйна плануюцца выступы фольк і рок-гуртоў.
Чытаць яшчэ: Што паглядзець у Браславе
6. XIV Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур
Дзе: Гродна
Калі: 7-9 чэрвеня
Фота: cheeseland.by
Адзін раз на два гады ў Гродне адбываецца фестываль нацыянальных культур. Першапачатковая ідэя фэсту надзвычай цікавая і радыкальна іншая, што да звыклага стылю «Дажынак» ці «Дня перамогі», рэалізацыя якіх ужо мала адрозніваецца адно ад аднога. На фестывалі нацыянальных культур гараджанаў і гасцей горада чакаюць разнастайныя музычныя пляцоўкі, нацыянальныя падворкі з традыцыйнымі танцамі і мясцовай кухняй, выставамі народных майстроў, нават «мясны фестываль». Па выніках абласных адборачных тураў, праведзеных яшчэ летась, былі вызначаны найлепшыя творчыя калектывы сярод прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў, што жывуць у Беларусі. Усе яны прымуць удзел у выніковых канцэртах, прымеркаваных да фестывалю. Сёлета фэст мае сабраць каля 900 удзельнікаў, прадстаўнікоў 36 нацыянальнасцяў. 9 чэрвеня фестываль перамесціцца на Аўгустоўскі канал, дзе працягнуцца тэматычныя ўрачыстасці.
Чытаць яшчэ: Ад старажытнай царквы да «міні-зыбіцкай». Што варта паглядзець у Гродне на выходныя
7. Купальскі фэст «Свята Сонца»
Дзе: Музейны комплекс «Дудуткі», Мінская вобласць, Пухавіцкі раён, вёска Пціч
Калі: верагодна, 22-23 чэрвеня
Фота : рoshyk.info
У музейным комплексе «Дудуткі» да дня летняга сонцастаяння, старажытнага свята Купалле, прымеркаваны традыцыйны фестываль «Свята сонца». У межах фестывалю адбываецца мноства мерапрыемстваў на адной пляцоўцы: канцэрты, фестываль вогненных тэатраў, інтэрактыўныя лакацыі, купальскі квэст, рэканструкцыя абрадаў нашых продкаў. Абавязковы элемент праграмы — купальскае вогнішча на рацэ Пціч. Акрамя гэтага, у гасцей фестывалю будзе магчымасць паслухаць музыку самых розных напрамкаў, убачыць вогненнае шоу, пабываць на рамесніцкім кірмашы і смачна пад’есці на фудкорце. Сёлетняя праграма фестывалю яшчэ не абвешчана, сачыць за навінамі, падаваць заяўкі на ўдзел можна на сайце фэсту.
8. Фестываль электроннай музыкі «Паветра»
Дзе: Віцебская вобласць, Пастаўскі раён, Азяркі, вул. Лясная, д. 1
Калі: 6-7 ліпеня
Фота travel.by
Спартова-музычны open-air «Воздух» запланаваны ў ліпені ў маляўнічым куточку Паставаў на тэрыторыі спартова-турыстычнага комплекса «Азяркі» на беразе возера «Белае». Плануюцца спартовыя спаборніцтвы, водныя забавы, кальян-бар, фудкорты. Дакладная праграма фэсту яшчэ не вядомая, але летась на фэсце было не менш за 2 сцэны з магутным гукам і разнастайнай электроннай музыкай ад беларускіх дыджэяў ды выступамі кавер-бэндаў.
9. Фэст «Легендарныя эпохі»
Дзе: Гродзенская вобласць, Зэльва, поле побач са старым млынам
Калі: 13 ліпеня
Фота: vk.com/fourera
У 2024 годзе фестываль збярэ сотні рэканструктараў розных гістарычных перыядаў у Зэльве ўжо чацверты раз. Лакацыя фестывалю перанясе жыхароў Зэльвы і гасцей у атмасферу старадаўніх часоў. Сёлета на фестывалі сотні рэканструктараў адновяць некалькі гістарычных эпох: перыяд вікінгаў, сярэднявечнага рыцарства, эпоху мушкетаў, змагання з войскам Напалеона і баі Другой сусветнай вайны. Дакладная праграма фестывалю яшчэ не вядомая, за навінамі можна сачыць па спасылцы.
Чытаць яшчэ: 5 нагодаў наведаць Зэльву
10. Фестываль «Гальшанскі замак»
Дзе: Гродзенская вобласць, Ашмянскі раён, Гальшаны, вул. Замкавая
Калі: 13 ліпеня
Фота: osh.by
Фестываль «Гальшанскі замак» адбудзецца 13 ліпеня непасрэдна ля старажытных сценаў Гальшанскага замка ўжо ў 13-ты раз. Арганізатары абяцаюць насычаную праграму: рыцарскія турніры, сярэднявечныя танцы і разнастайную музычную праграму. Вядома, на тэрыторыі побач з замкам будуць працаваць гандлёвыя шапікі і фудкорты, а рамеснікі з усёй Беларусі прадставяць уласныя вырабы на любы густ і прапануюць паўдзельнічаць у безлічы майстар-класаў.
Чытаць яшчэ: 7 цудаў Ашмянаў
11. Фестываль сярэднявечнай культуры «Наш Грунвальд»
Дзе: Музейны комплекс «Дудуткі», Мінская вобласць, Пухавіцкі раён, вёска Пціч
Калі: 20-21 чэрвеня
Фота: people.onliner.by
Традыцыйна фэст будзе прысвечаны вайсковай і свецкай сярэднявечнай тэматыцы, звычаям нашых продкаў. Галоўнай жа падзеяй найстарэйшага і найбуйнейшага фестывалю ваенна-гістарычнай рэканструкцыі ў Беларусі стане аднаўленне самай маштабнай бітвы сярэднявечнай Еўропы, якая адбылася 15 ліпеня 1410 года. Пакуль дакладная праграма сёлетняга фестывалю яшчэ невядомая, але арганізатары ўжо загадзя абяцаюць змаганні рыцараў, экстрэмальны конны турнір па правілах ХV стагоддзя, сярэднявечны стрытфуд і напоі, рынак рамеснікаў, яскравае вогненнае шоу і гучны рок-канцэрт. За навінамі фэсту можна сачыць на сайце.
12. Viva Braslav
Дзе: Віцебская вобласць, г. Браслаў
Калі: 26-28 ліпеня
Фота people.onliner.by
Viva Braslav — штогадовы музычны фестываль на беразе возера Дрывяты, напэўна, самы буйны з сучасных беларускіх фэстаў. Праводзіцца ён з 2013 года і збірае тысячы наведвальнікаў.
У праграму фэста ўваходзіць пляжная частка: спаборніцтвы па валейболе, футболе, крос-кантры; а таксама музычная. Беларускія і замежныя гурты, дыджэі розных напрамкаў граюць да самай раніцы. Спіс удзельнікаў сёлетняга фестывалю яшчэ не абвешчаны, за навінамі можна сачыць па спасылцы.
13. Мсціслаўскі Рыцарскі фэст
Дзе: Магілёўская вобласць, Мсціслаў, Замкавая гара
Калі: 3-5 жніўня
Фота: vk.com/mstislavl_fest
Свята сярэднявечнай культуры «Рыцарскі фэст» у Мсціславе штогод збірае больш за 300 удзельнікаў з клубаў гістарычнай рэканструкцыі. Пляцоўкай, на якой адбываецца фестываль, традыцыйна з’яўляецца гісторыка-археалагічны помнік архітэктуры «Замкавая гара». Праграма фестывалю складаецца з выступаў лучнікаў, конных спаборніцтваў і пешых рыцарскіх турніраў, тэатралізаваных і музычных выступаў ды іншых цікавостак. Дакладная праграма будзе апублікавана бліжэй да падзеі.
Чытайце яшчэ:
7 прыродных цудаў Браслаўскага і Мёрскага раёнаў