Ян Давід Голанд сваю музычную кар’еру пачынаў у Гамбургу, але на пачатку 1780-х гадоў жыццё закінула яго ў Нясвіж. Гэты беларускі горад стаў для кампазітара другой радзімай, дзе ён правёў большую частку свайго жыцця і здзейсніў выдатныя творчыя задумы. Адна з іх, напрыклад, — стварэнне першай нацыянальнай беларускай оперы «Агатка, або Прыезд пана», піша radiounet.fm.
Выдатнага нямецкага кампазітара і тэарэтыка музыкі запрасіў у Нясвіж Караль Радзівіл, больш вядомы як Пане Каханку. Ян Давід Голанд працаваў у яго прыдворным капельмайстрам і менавіта на гэтыя гады прыпала кульмінацыя развіцця нясвіжскага тэатра. Адкрыўся «Камедыхаўз» на тысячу месцаў, сабралася прафесійная трупа і для таго, каб забяспечыць яе патрэбы, у Нясвіжы і Слуцку працавалі аж два харэаграфічныя вучылішчы! Словам, найцікавейшы быў час.
У Нясвіжы Голанд пісаў оперы, балеты, вакальныя творы і клавірныя п’есы. У Радзівілаў кампазітар працаваў амаль 20 гадоў і нават пасля падзелу Рэчы Паспалітай і заняпаду магнацкіх дынастый не пакінуў краіну. Ян Давід Голанд пераехаў у Вільню і там яшчэ цэлых 23 гады выкладаў у Віленскім універсітэце, кіраваў хорам і аркестрам, працягваў ствараць музычныя опусы і напісаў сваё самае значнае тэарэтычнае даследаванне — падручнік «Акадэмічны трактат пра сапраўднае мастацтва музыкі».
Чытайце яшчэ: Ёган Давід Голанд, або Правім біяграфію знакамітасці разам