У польскай вёсцы Біндзюга (цяпер — Беньдзюга) на Беласточчыне стварылі Рэспубліку Біндзюга і распрацоўваюць яе канстытуцыю. А яшчэ, ужо ў чацьвёрты раз, праводзяць «Prekupalle» — найгоршы фестываль на свеце, як паведамляецца ў афішы.
Януш Гаўрылюк на «Prekupalle»-2023. Фота: Podlasian Council for Culture
Праграмным дырэктарам фестывалю з’яўляецца Пётр Дудановіч — аніматар беларускай культуры ў Польшчы. А патрон фестывалю — Прэзідэнт Рэспублікі Біндзюга Януш Гаўрылюк.
Reform.news распытаў заснавальніка культавага фестывалю беларускіх фільмаў у Польшчы «Бульбамуві» і рэдактара @Белсат Doc спадара Януша пра спробу ажыцяўлення культурнай дзейнасці ў Рэспубліцы Біндзюга і яго іншыя актыўнасці.
«Prekupalle»-2022. Фота: Podlasian Council for Culture
— Вы — прэзідэнт Рэспублікі Біндзюга. Ці маеце сваю канстытуцыю, тэрыторыю, сталіцу?
— Канстытуцыю збіраемся пісаць паводле канстытуцыі Рэспублікі Ужупіс у Вільні. Пабывалі там пару разоў і захапіліся ідэяй незалежнай рэспублікі. Знайшлі такую на Падляшшы.
— Там жа сур’ёзныя рэчы ў гэтай канстытуцыі, накшталт права быць сабой... Што яшчэ ёсць у вашай рэспубліцы?
— Прыватная зямля. Сад з яблынямі, яшчэ з царскіх часоў. Ладзім штогадовы фестываль. Інфраструктура яшчэ слабаватая, але можна падчас фестывалю жыць у намётах. Побач — рака Нараў, за ракой — Белавежская пушча.
«Prekupalle»-2023. Фота: Podlasian Council for Culture
— То-бок вы набылі кавалак зямлі і стварылі ўласную краіну.
— Ну, можна так сказаць.
— У мяне адразу ўзнікаюць паралелі з Вейшнорыяй на Гродзеншчыне. З аднаго боку, жарт. З іншага — занадта шмат ён выклікаў эмоцый. Бо на ўсіх узроўнях — канцэптуальна і нават візуальна — праз айдэнтыку — Вейшнорыя ўспрымалася як мадэль і правобраз іншай Беларусі. Чулі пра гэтую гісторыю? Натхняліся?
— Мы іншым натхняліся. Напачатку гэта быў жарт. Але я часта туды езджу і добра сябе пачуваю, успрымаю Рэспубліку Біндзюга як Беларусь, якую б я хацеў мець, але цяпер не магу. Не езджу ў Беларусь апошнія чатыры гады, сябры не раяць, а мне вельмі хочацца, бо трэба скончыць кніжку, у якой я пішу пра свае прыгоды ў Беларусі за дваццаць пяць гадоў. Мне для апошняй часткі кніжкі не хапае ўсяго адной паездкі.
«Prekupalle»-2023. Фота: Podlasian Council for Culture
— Вы — стваральнік фестывалю «Бульбамуві». Ваш фестываль пачынаўся як паўпанк-мерапрыемства, а цяпер стаўся фактычна галоўным форумам беларускага кіно. Я да чаго вяду? Што гульня насамрэч з’яўляецца важным элементам культуры. Палігонам для будучых разгалінаваных праектаў, хоць бы таму, што ў канцэнтраванай форме прапануе стратэгіі руху і розныя мадэлі. Так і ваша рэспубліка можа ператварыцца ў нешта цалкам іншае.
— Калі казаць пра «Бульбамуві», то з самага пачатку, з 2011 года, кінафестываль быў вельмі сур’ёзным мерапрыемствам, якое адразу атрымала падтрымку Міністэрства замежных спраў Польшчы. Паказы ладзіліся нават у Еўрапейскім парламенце. Калі б мы не былі сур’ёзныя, то ў 2014 годзе не з’явіўся б нацыянальны конкурс на мінскім кінафестывалі «Лістапад». Несур’ёзнымі былі некаторыя паводзіны, непасрэдна не звязаныя з паказамі фільмаў. Мяшкі бульбы на адкрыцці. Ці сто бутэлек «Крамбумбулі» на першым фестывалі.
«Prekupalle»-2023. Фота: Podlasian Council for Culture
— Вы афармлялі адкрыцці ў атракцыйнай гульнёвай форме?
— Так, мы былі не ў гальштуках. У кожнага беларуса кінафестываль адразу асацыюецца з «Оскарам», з чырвонай дарожкай. Мы стваралі сцёб з вялікага кінамастацтва.
Гэтак жа наш фестываль «Prekupalle» з’яўляецца сатырай на фестываль «Тутака», які праходзіць недалёка ад Біндзюгі. У ганаровым камітэце там Святлана Ціханоўская. А я — прэзідэнт Біндзюгі. Хоць да «Тутакі» мы сур’ёзных прэтэнзіяў не маем.
«Prekupalle»-2023. Фота: Podlasian Council for Culture
— Як вы думаеце, ці тое, у што вы гуляеце цяпер, можа вырасці нешта сур’ёзнае?
— Мяркую, што так, толькі цяпер няма сілаў займацца «Prekupalle». Таму на афішы, якую нам зрабіў адзін з чальцоў гурта «Дзецюкі» (у яго цяпер шмат часу: з ім у лесе штосьці здарылася, пра што ён не памятае, і з паламанымі нагамі ён апынуўся ў бальніцы), напісана «Найгоршы фестываль на свеце». І мне гэта падабаецца, бо я не маю часу ім займацца: працую цяпер у Варшаве. Чым менш мы займаемся падрыхтоўкай, тым фестываль будзе больш адпавядаць надпісу на афішы. У гэтым годзе яшчэ нічога не падрыхтавалі. Праўда, знайшлі хэдлайнера — Сяргея Пукста, дарэчы, сёння ён напісаў мне, каб спытаць, дзе будзе фестываль. Бо ён меркаваў, што ў Варшаве. «Не, — кажу, — гэта ў Рэспубліцы Біндзюга, 200 кіламетраў ад Варшавы».
Насамрэч, я думаю, што патэнцыял у нашага фестывалю ёсць, толькі трэба ім сур’ёзна заняцца. Выгляд рабіць несур’ёзны, але заняцца па-сур’ёзнаму.
З’яўляюцца новыя калектывы. Два гады таму мы напісалі на афішы, што ў нас ёсць вольная сцэна, хто хоча, хай прыязджае. І пад’ехаў маленькі бус з маладымі беларусамі з Падляшша. Гэта быў гурт Wandraunik. Гралі паўтары гадзіны. А на наступны год — ужо цэлую ноч. Так што ў гэтым бардаку ёсць пэўны патэнцыял. Дарэчы, гэтыя маладыя хлопцы нам сказалі, што іх бацькі ездзілі на «Басовішча». І што наш фестываль нагадвае ім першыя Басовішчы з бацькоўскіх аповедаў.
«Prekupalle»-2023. Фота: Podlasian Council for Culture
— То-бок, вы прапануеце гуртам сцэну і мінімальную арганізацыю?
— Мы запрашаем гурты, і яны два-тры дні граюць.
— А гледачы жывуць у сваіх намётах?
— Так, год таму была цікавая сітуацыя. Мы сядзелі, пілі, гэта была раніца пятніцы, першы дзень фестывалю, і штосьці ўжо пачыналася. І тут пад’язджае машына, у ёй хлопец, дзяўчына і двое малых дзяцей. І яны нас пытаюць, як ім знайсці фестываль «Prekupalle». Яны ж думалі, што прыедуць на фэст кшталту «Тутакі» з сур’ёзнай арганізацыяй, а патрапілі на «Prekupalle». На Радыё Рацыя пачулі, што праводзіцца такі вялікі фестываль.
— Ці можаце вы ў некалькіх словах ахарактарызацваць вашу імпрэзу?
— Так, наш лозунг гучыць такім чынам: «Музыка, фільмы, ежа».
— Па вечарах дэманструеце фільмы?
— Год таму не было фільмаў, бо што праектар я пазычыў, а шнур забыўся ўзяць. Таму нічога не паказвалі. А папярэднія разы былі паказы, нацягвалі адмысловае палатно.
— А ў гэтым годзе шнур не забудзеце?
— Я ўжо сабе ў нататнік запісаў, каб не забыць. Так што пакажам. Не хачу казаць што, бо будзем паказаваць тыя фільмы, якія нельга паказваць. Але хто прыедзе, будзе мець магчымасць паглядзець стужкі, якіх нават на «Бульбамуві» не будзе.
«Prekupalle»-2023. Фота: Podlasian Council for Culture
— Вернемся да «Бульбамуві». Вы былі спынілі гэты кінафестываль, а пасля падзей 2020 года ўзнавілі. Чаму?
— Так, з 2017 года чатыры гады фестываль не праводзіўся, не мелі сілаў, каб рабіць яго без датацыі, бо перад гэтым апошнія два фестывалі рабілі на голым энтузіязме. Тым больш у гэтым не было сэнсу, бо ўжо з’явіўся Нацыянальны конкурс на Мінскім кінафестывалі «Лістапад», бачна было, што справа ў Беларусі пайшла і беларускія фільмэйкеры займелі ў сябе на радзіме свой конкурс. Таму рабіць конкурс беларускіх фільмаў без фінансавання ў Польшчы не мела сэнсу.
Прыйшоў 2020 год. З-за ковіда фестываль «Лістапад» не праводзілі, а ў 2021-м, летам, я сядзеў у Рэспубліцы Біндзюга, слухаў беларускіх навінаў. І там сказалі, што «Лістапад» зноў адбудзецца, але арганізатар яго ўжо не «АРТ Карпарэйшн», а «Беларусьфільм», а нацыянальнага конкурсу не будзе. Калі я гэта пачуў, зразумеў, што трэба ехаць у Варшаву і пачынаць дзейнічаць. Спачатку думаў зрабіць фестываль у нейкіх кавярнях, але напісаў пару мэйлаў да варшаўскіх кінатэатраў з просьбай даць пляцоўку. І адгукнулася польская дзяржаўная інстытуцыя Нацыянальная фільматэка. Яна мае свой кінатэатр «Iluzjon». І мы сталі праводзіць фестываль у гэтым кінатэатры. Пасля 2022 года я, праўда, баяўся за фестываль, бо тады банілі рускае і беларускае кіно, але ўсё было добра. За гэтыя тры гады адбыліся найлепшыя «Бульбамуві». У адрозненні ад 2011 года, калі фестываль пачаўся, 80 працэнтаў нашых гледачоў — беларусы. Былі меркаванні, што гледачы адчувалі сябе як калісьці на «Лістападзе». Але мы б хацелі, каб і польскія гледачы сталі цікавіцца фестывалем, як гэты было ў ранейшыя часы.
У гэтым годзе мы атрымалі адмысловы грант Міністэрства культуры Польшчы. Таму на наш 10-ты фестываль, які пройдзе ў лістападзе, можна зрабіць рэкламу ў вялікіх СМІ, каб ахапіць большую аўдыторыю.
— Але ці зацікавіць замежную публіку беларускія рэжысёры?
— Гэта іншае пытанне. Раней быў інтарэс да Беларусі ў сувязі з падзеямі 2020 года, і гэты інтарэс згасае. У гэтым годзе я склаў някепскую праграму, але што да наступнага года, то я яшчэ не чуў пра новыя фільмы.
Сёлета мы пакажам некалькі зорных стужак. Напрыклад, «Радзіму» рэжысёраў Аляксандра Міхалковіч і Ганны Бадзяка. У Варшаве яны дэманстраваліся на міжнародным фестывалі праваабарончага кіно WATCH DOCS. Таксама мы вядзём перамовы пра паказ фільма Мары Тамковіч «Пад шэрым небам». У верасні ён будзе ўдзельнічаць у польскім фестывалі ігравых фільмаў. Ёсць шанец, што патрапіць да нас.
Гэта быў бы важны пункт нашай праграмы, але я таксама рыхтую варыянт, калі дамовіцца не атрымаецца. А больш пра праграму я не хачу казаць, бо зарана.
— Але адбор фільмаў на конкурс маладога беларускага кіно яшчэ працягваецца?
— Так, акрамя галоўнай праграмы мы праводзім конкурс маладога беларускага кіно. Да 22 кастрычніка чакаем новых твораў пачынаючых беларускіх кінематаграфістаў. Не толькі маладых, але і пачынаючых.
— Вы вядзеце праграму на Белсаце. Як вы выбіраеце сваіх герояў?
— На канале @Белсат Doc сабраны ўсе фільмы, зробленыя Белсатам ад 2007 года. Цяпер не ўсе іх можам паказаць, частку выкладаем ананімна. Задача маёй праграмы — паказаць дакументаліста як жывога чалавека. Бо дакументалістыка асацыюецца з чымсьці нудным. Важна, што мае героі — рэжысёры фільмаў, якія можна паглядзець на гэтым канале.
Апошняе інтэрв’ю з Сяргеем Марчыкам давялося рабіць вельмі хутка, бо ён з’язджаў на фронт ва Украіну. Цікава, што калі я з ім пазнаёміўся, ён не ведаў, як камера выглядае. Але паступова, працуючы журналістам, мантажорам, аператарам, ён зрабіў сваю прадзюсарскую фірму, супрацоўнічае з рознымі тэлеканаламі і стварае дакументальнае кіно.
— Дзякуй вялікі за гутарку! Застаецца толькі нагадаць, што фестываль музыкі, кіно і ежы «Prekupalle» адбудзецца ў польскай вёсцы Беньдзюга з 15 па 18 жніўня. «Найгоршы фестываль на свеце» чакае падрыхтаваных гледачоў.
Чытайце яшчэ: «Пасля 2020 года беларусы сталі дарослымі». Стваральнік «Бульбамуві» пра айчыннае кіно, праблемы і выклікі часу