У гэты панядзелак, 16 траўня, выдавецтва адкрывае новую кнігарню пад назвай «Кнігаўка», паведамляецца на афіцыйнай старонцы «Янушкевіча» ў Facebook. Кнігарня будзе працаваць кожны дзень: з панядзелка па суботу з 11 да 20, а ў нядзелю з 12 да 18.
Кнігарня знаходзіцца зусім недалёка ад таго месца, дзе выдавецтва працавала раней, — вул. З. Бядулі, 6. Перадусім гэта будзе выдавецкая кнігарня, дзе выдаўцы будуць прадаваць свае кнігі і кнігі блізкіх партнёраў.
Выдаўцы не плануюць гучнага адкрыцця, але падрыхтавалі некалькі цікавостак для сваіх чытачоў. На адкрыцці кнігарні можна будзе купіць некаторыя кнігі, якія ўжо скончыліся ў у продажы: «Вядзьмар, які рабіўся ваўком» і «Кот Шпрот і зніклы мышамабіль» Ганны Янкуты, а таксама дадатковы наклад кнігі «Гары Потэр і філасофскі камень» у мяккай вокладцы.