Увечары здратаваныя турыстамі, усе ў сетцы маршчынак ад слядоў, як твар глыбокай старой, пад раніцу яны разгладжваюцца і абнаўляюцца, нібы маладзеюць, а лёгкая рабізна на зацішных схілах нагадвае растрапаныя валасы бялявых прыгажунь. Дзюны, нібыта жывыя істоты…
На фоне халаднаватай сіні мора — «jura» (як кажуць літоўцы) — і больш цёплага, але не менш маляўнічага заліва. Вакол сасновы бор, насычаны водарамі траваў і спелых ягад — і ўсё гэтае хараство выцягнулася ў запаведную (у наўпростым сэнсе слова — за ўезд на тэрыторыю нацыянальнага парку давядзецца заплаціць) палоску сушы.
Даўжыня яе — без малога сотня, шырыня — ад двух да чатырох кіламетраў, абмываецца з аднаго боку Куршскім залівам, з другога — Балтыйскім морам. Яна рассечаная амаль напалову Літвой і Калінінградскай вобласцю Расіі, працятая аўта- і веладарожкамі, што ўваходзяць у міжнародную трасу Еurovelo 10.
Куршская каса, прыстанак старажытных куршаў — рыбакоў, чые пасёлкі шматкроць падвяргаліся небяспецы быць занесенымі тымі самымі пяскамі, якімі турысты цяпер так захапляюцца, маўляў, месяцовы краявід і ўсё такое, пакуль за ўмацаванне дзюнаў не ўзяліся спецыялісты.
Адным з іх быў лесавод Мюлер, чыім імем названы адзін з маршрутаў на расійскай частцы касы з відам на возера Чайка і пасёлак Рыбачы (па-нямецку Rossitten). Дзюна Брухберг, па схіле якой і праходзіць маршрут, была спыненая лесапасадкамі ў канцы ХІХ стагоддзя.
З выдмы Парніджыа як на далоні бачная Ніда і мяжа з Расіяй, што праходзіць за чатыры кіламетры ад пасёлка. Ніда — адміністрацыйны цэнтр Нерынгі, якая ўключае ў сябе пяць паселішчаў — Альскінэ, Юадкрантэ, Пярвалку, Прэйлу і ўласна саму Ніду — што расцягнуліся на сорак з лішнім кіламетраў. На самай вяршыні дзюны ёсць сонечны гадзіннік, распісаны рунічнымі знакамі.
Хочаце верце, хочаце не, але Ніда, знаходзячыся ў цэнтры касы, летам амаль не ведае дажджоў. Як тлумачаць мясцовыя жыхары, цёплы пясок награвае паветраныя масы і разганяе іх у бакі, дажджы дастаюцца Клайпедзе, іншым пасёлкам і астатняму ўзбярэжжу, а над Нідай хмары літаральна растаюць. Быць можа, таму спыніцца тут выйдзе адчувальна даражэй, чым па суседстве.
Шпацыруючы гарадской набярэжнай міма каменных скульптур і вясёлых флюгераў, прыйдзеш да пад’ёму на гару Уошвес, дзе Томас Ман у свой час пабудаваў сабе лецішча і дзе сёння месціцца яго культурны цэнтр. Гэта проста Мека для нямецкіх турыстаў.
Падняўшыся туды, кожны зразумее, чаму нобелеўскі лаўрэат называў гэтыя мясціны «поўднем на поўначы». Напэўна, міжземнаморскі краявід не толькі тры летніх сезоны, а яшчэ доўгія гады цешыў бы яго і яго сям’ю, калі б да ўлады ў Германіі не прыйшлі нацыянал-сацыялісты, у выніку чаго вялікі пісьменнік быў вымушаны эміграваць. Сюды ён так і не вярнуўся.
У старажытнасці свята летняга сонцастаяння — Ёнінэс — на касе праводзілі асабліва шумна, скочваючы падпаленыя бочкі са смалой з гары Ёна, недалёка ад Юадкрантэ. Цяпер гэта гара Ведзьмаў, пад’ем на якую ўпрыгожвае каля васьмідзесяці драўляных скульптур — герояў мясцовых міфаў і паданняў. Беларусы без цяжкасцяў знойдуць тут водгукі сваіх паганскіх традыцый, моцных і дагэтуль. Памятаецца, за савецкім часам у сталічным парку Горкага таксама была паляна з драўлянымі скульптурамі, на першы погляд цалкам бяскрыўднымі.
Аб рыбацкім рамястве можна дакладна даведацца ў этнаграфічнай Сядзібе рыбака, а на самай поўначы касы, у Клайпедскім марскім музеі, усяго за пару кіламетраў ад паромнай пераправы, пазнаёміцца з насельнікамі марскіх глыбінь, мадэлямі судоў, убачыць сапраўдны курэнас (рыбацкую лодку) і нават навучыцца асновам судакіравання — завесці карабель у Клайпедскую бухту (віртуальна, зразумела).
Але лепш саступіць спакусе і дазволіць сабе маленькі гастранамічны шык — засесці каля пірса з яхтамі недалёка ад адной з вяндлярняў, дачакацца свежавэнджанай рыбы і зладзіць піўную сіесту. Тады майстэрства мясцовых рыбакоў паўстане ва ўсёй красе смакавых адчуванняў.
Усю вандроўку падарожніка паўсюдна будзе пераследаваць славуты бурштын — гэтыя слёзы Сонца, застылыя ў халодных водах Балтыкі, якія не-не, ды і падорыць шчасліўцу мора. Бурштынавыя музеі з унікальнымі экспанатамі, пачынаючы з яшчаркі, што ўвязла ў смале, з калекцыі Музея бурштыну ў палацы графа Тышкевіча ў Паланзе, які, дарэчы, восенню гэтага года пасля рэканструкцыі абяцаюць адкрыць для наведнікаў, да бурштынавага матылька з Музея акіянаў ў Калінінградзе, не кажучы ўжо пра мастацкія amber-галерэі або ўсюдыісных вулічных гандляроў.
Гэта не даведнік або гайд па Куршскай касе. Свет унікальны і непаўторны ў кожным сваім месцы і ў любы момант часу, і Сусвету хопіць пяску ў шкляной колбе Вечнасці, каб падарыць імгненне кожнаму, хто хоча яго займець. А пакуль атрымлівайце асалоду ад заходу дзённага свяціла ў глыбіні Балтыйскага мора, толькі не забудзьцеся папляскаць у далоні, калі апошні прамень згасне ў вечаровым небе. Сонца павіннае ведаць, дзе яго заўтра чакаюць!
Зарына Кандрацьева