Музей Максіма Багдановіча ў Яраслаўлі — адзіны на тэрыторыі Расіі музей, які, апрача жыцця і творчасці беларускага пісьменніка, распавядае пра беларускія традыцыі.
Месціцца музей у адным з нямногіх мемарыяльных дамоў паэта, што добра захаваліся. Ініцыятарамі яго заснавання былі нашчадкі Паўла Багдановіча (зводнага брата Максіма), краязнаўчая супольнасць Яраслаўля, беларусы Яраслаўля, а таксама гарадская мэрыя.
Пры яго стварэнні ўзнікла шмат цяжкасцяў: у першую чаргу, пры захаванні мемарыяльнага дома, які планавалі знесці. Мясцовыя краязнаўцы і нашчадкі сям’і Багдановіча ўсё ж такі здолелі захаваць дом. У 1986 г. у выніку доўгіх перамоваў быў ажыццёўлены перанос дома з цотнага боку вуліцы на няцотную.
Праблемы тычыліся і ўнутранага абсталявання, бо ў горадзе захавалася мала экспанатаў. Вырашыць гэтае пытанне дапамог Мінскі музей Багдановіча, перадаўшы ў Яраслаўль некаторыя арыгіналы экспанатаў са сваіх фондаў.
Інтэр’ер музея
Музей адчыныў свае дзверы для наведвальнікаў 9 снежня 1992 года, прыходзяць як расійскія, так і беларускія турысты. А асноўныя яго наведвальнікі — яраслаўскія школьнікі, якія складаюць каля 80 адсоткаў. Таксама ў музея ёсць свае «сябры» сярод мясцовых жыхароў.
Святочнае мерапрыемства з нагоды 20-годдзя Яраслаўскага музея, праводзілася з удзелам Мінскага музея Багдановіча, снежань 2012
Місія музея — распавесці пра класіка беларускай літаратуры, творчасць якога мала вядомая яраслаўцам. У кантэксце жыцця Багдановіча ў Яраслаўлі — паказаць няпросты перыяд гісторыі Яраслаўля паміж рэвалюцыямі 1905 і 1917 гадоў.
Ноч музеяў, 2015 г.
Як кажа навуковая супрацоўніца музея, Лізавета Андрэеўна Рабініна, Яраслаўскі музей «рэгулярна ўдзельнічае ў канферэнцыях і круглых сталах, якія арганізуе Мінскі музей Максіма Багдановіча. Апошняя канферэнцыя адбылася 23 лістапада на анлайн-платформе Zoom».
«Мы стараемся пашыраць кола нашых наведвальнікаў сярод усіх узроставых груп. Асаблівую ўвагу надаем школьнікам, паколькі ў школьнай праграме няма паўнацэннага краязнаўства, ні вывучэння творчасці Багдановіча,» — дадае жанчына.
Паэтычная паляна
Калядны верцеп 2016
Дажынкі 2020
Ганна Бурштын, budzma.org
Аўтарка выражае падзяку супрацоўнікам музея за прадастаўленыя фотаздымкі.