Дырэктар гродзенскага дзіцячага хоспіса Вольга Вялічка праходзіць падазраванай па крымінальнай справе, узбуджанай за ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак. Пра гэта паведамляе прэс-служба МУС.
Па дадзеных ГУБАЗіК, 37-гадовая Вольга Вялічка датычная да дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. Гаворка ідзе пра марш адзінства, які прайшоў у Гародні восенню мінулага года.
— Разам з іншымі ўдзельнікамі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства жанчына выходзіла на праезную частку, блакуючы рух, а таксама стаяла ў счэпцы, аказваючы непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыі, — гаворыцца ў паведамленні.
Вольгу Вялічка прызналі падазраванай па крымінальнай справе, узбуджанай за ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак.
МУС нагадвае, што раней у дачыненні да Вольгі Вялічка была ўзбуджаная крымінальная справа «за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейснены ў буйным памеры». Следчыя сцвярджаюць, што жанчына скрала грошы, якія хоспіс сабраў на куплю апарата ШВЛ хвораму дзіцяці, а таксама якія прызначаліся для рамонту службовага памяшкання (работы там не праводзіліся).
У чым яшчэ абвінавачвалі кіраўніка дзіцячага хоспіса
Грамадская дабрачынная арганізацыя «Гродзенскі дзіцячы хоспіс» была заснавана ў 2008 годзе для дапамогі цяжка і безнадзейна хворым дзецям, якія маюць шматлікія парушэнні развіцця, і іх сем’ям. Пад яе апекай знаходзіліся больш за 50 сем’яў.
Прэтэнзіі да арганізацыі з’явіліся восенню мінулага года, пасля таго як 15 кастрычніка ў адным з двароў у мікрараёне Альшанка падчас дабрачыннай сустрэчы была затрыманая яе дырэктар Вольга Вялічка. Жанчына правяла суткі ў ІЧУ, а пазней была аштрафаваная на 15 базавых за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу, які праходзіў 6 верасня ў абласным цэнтры. 22 кастрычніка ў хоспіс прыйшлі супрацоўнікі ДФР.
У пратаколе агляду было напісана, што праводзіцца праверка «ў дачыненні да службовых асоб ГДА «Гродзенскі дзіцячы хоспіс» «па фактах заніжэння падаткаабкладальнай базы і ўхілення ад выплаты сум падаткаў».
1 снежня супрацоўнікі ДФР з’явіліся ў хоспісе зноў і забралі апарат ШВЛ, які належыць арганізацыі.
У сярэдзіне снежня стала вядома, што дырэктара хоспіса Вольгу Вялічка падазраюць у незаконным выкарыстанні спонсарскай дапамогі. Узбуджаная крымінальная справа.
Да таго часу сама Вольга Вялічка вымушана была з’ехаць за мяжу. Паводле яе слоў, штуршком да пераезду стаў званок са школы: ёй сказалі, што рыхтуецца сацыяльнае расследаванне, пасля якога могуць забраць дзяцей з сям’і.
У сакавіку гэтага года пракуратура Гародні паведаміла, што падала ў суд на дзіцячы хоспіс: нібыта дабрачынная арганізацыя самавольна, без афармлення дадатковага пагаднення, заняла памяшканне агульнага карыстання паліклінікі № 2 Гародні.
А на днях праваабаронцы паведамілі, што прадстаўнікі Следчага камітэта ў Гародні ўзламалі кватэру кіраўніцы хоспіса.