У Міжнародны дзень дзіцячай кнігі, 2 красавіка, у музеі “Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва” адбылася прэзентацыя кніжкі “Яська і конік ягоны Грыўка” — казкі пра незвычайнае пераўвасабленне маленькага хлопчыка Яські і яго ўдзел у Грунвальдскай бітве, 600-годзем якой быў адзначаны 2010 год.
Імпрэза прайшла ў межах культурнай грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!” (budzma.org), пра якую шмат казалася падчас мерапрыемства аўтарам кнігі Юрыем Усціновічам і яго сябрамі — чальцамі Мінскага клуба гістарычнай рэканструкцыі “GIVOJT”. Героі імпрэзы паўсталі перад наведнікамі ў вобразах сярэднявечных рыцараў у адпаведных строях і са зброяй. Пасля прэзентацыі арыгінальнага выдання ў выставачнай зале зазвінелі цяжкія мячы і разгуляліся сярэднявечныя ваяры. Дудар Ігар Расолька выканаў мелодыі старадаўніх танцаў і песняў земляў Вялікага Княства Літоўскага. Публіка не ўтрымалася на месцах і кінулася ў скокі.
Юры Усціновіч — гісторык, ветэран руху гістарычнай рэканструкцыі, з даўніх часоў сябра МГА “Гісторыка”, былы кіраўнік Народнага тэатра гістарычнага строю “Полацкі звяз”, аўтар сцэнароў многіх замалёвак з “Падарожжаў дылетанта”, рэжысёр-пастаноўшчык трукаў і шэрагу пластычных гістарычных спектакляў. “Яська і конік ягоны Грыўка” — сумесны праект Ю. Усціновіча і МГА “Гісторыка”, які стаў першай спробай пяра для аўтара ў галіне дзіцячай кніжкі. Па словах аўтара, кніга — першая з адмысловай серыі гістарычных кніг для дзяцей, хутка пойдзе ў друк кніга другая і ўжо знаходзіцца ў стадыі складання трэцяя!
Мерапрыемства ладзіла МГА “Гісторыка” (my-historica.org), інфармацыйную падтрымку дапамагала забяспечыць культурная прастора vitebsk4.me. Цудоўным памятным падарункам для многіх з наведнікаў гэтай незвычайнай сустрэчы сталі паштоўкі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Тэгі: Віцебск