• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • «Музыка»
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Гісторыя за 5 хвілін»
  • «Трызуб і Пагоня»
  • «Разумняты»
  • Вандруем разам
  • Афіша
27.06.2018 | Гісторыя Асоба

Язэп Шнаркевіч – “не выдатны дзеяч”

Язэп Канстанцінавіч Шнаркевіч. Гэты культурна-асветны дзеяч не трапляе ў катэгорыю забытых або невядомых асоб. Біяграфічныя артыкулы пра яго змешчаныя і ў 6-томнай “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”, і ў нясвіжскай раённай кнізе “Памяць”, сціслую інфармацыю можна знайсці ў Вікіпедыі. Але нягледзячы на гэта, імя чалавека, які стаяў ля вытокаў беларускага школьніцтва, усё яшчэ застаецца малавядомым. Някруглы, 130-гадовы, юбілей дае лішнюю нагоду згадаць пра яго і пра станаўленне нацыянальнай беларускай школы.

Язэп Шнаркевіч, здымак 1940-х гг.

Язэп Шнаркевіч, здымак 1940-х гг.

Язэп Шнаркевіч нарадзіўся 10 (22) чэрвеня 1888 г. у вёсцы Саская Ліпка, недалёка ад Нясвіжа, у сялянскай сям’і. Пасля пачатковай школы скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю і з 1907 г. сам пачаў настаўнічаць. Працаваў у Вялікім Сяле Мінскага павета, а з 1908 па 1913 г. выкладаў рускую мову і геаметрыю ў Гомельскай чыгуначнай школе. Гэты час ён досыць падрабязна апісаў ва ўспамінах. Так, згадваючы Вялікае Сяло, адзначаў звычку сялян рабіць настаўніку рэгулярныя прадуктовыя “прынашэнні”: “Увосень прыносілі бараніну, пасьля Каляд – сала, каўбасы, па Вялікадні – яйцы, масла, сыр. Пробы адмовіцца ад браньня даводзілі да трагізму: дарослыя усімі сіламі стараліся не дапусціць да гэтага, ужывалі фізічную сілу, а дзеці даходзілі да плачу. На жаль, яны бывалі пераможцамі. Але гэта не звязвалася з просьбамі, каб я глядзеў лепш іх дзяцей ці што, проста рабілася як абрад. У сутнасьці, гэта й ня кепскі звычай”. Пішучы пра цяжкае становішча настаўнікаў прыгадваў, што ў яго ўзнік план: “…пайсці ў папы, яны матэрыяльна добра былі забяспечаны. Тады гэтага званьня навет лёгка можна было дабіцца. У Маскве былі адкрыты спэцыяльныя багаслоўскія курсы… Адно толькі мяне ўтрымала, што па сканчэньні перасылалі ў Сібір, куды я не хацеў ехаць”.

З 1913 па 1916 г. Я. Шнаркевіч вучыўся ў Магілёўскім настаўніцкім інстытуце, пасля якога быў мабілізаваны ў войска. Служба праходзіла ў запасным палку, потым была Лютаўская рэвалюцыя і курсы тэлеграфістаў у Бабруйску. У гэты ж час ён далучыўся да беларускага руху, удзельнічаў у з’ездзе настаўнікаў Мінскай губерні. А ў студзені 1918 г., пасля дэмабілізацыі, атрымаў накіраванне на працу ў адну з беларускіх школ Мінска, якую яшчэ належала стварыць.

Пазней настаўнік згадваў першага вучня, які прыйшоў запісвацца ў гэтую школу. “Быў ён зусім малы хлопец гадоў васьмі, сын нейкага рабочага, зусім яшчэ няграматны, белагаловы, з белым дзіцячым тварам, на якім свяціліся ясныя сінія вочкі. Звалі яго Андрэем Андрэевым. Не зважаючы на вялікую адлегласць, холад, снежныя заносы, агульны неспакой з прычыны акупацыі, гэты вучань быў адным з самых акуратных і пільных. Як я пасля даведаўся, бацька яго пасылаў свядома ў беларускую школу, сваю родную”. Неўзабаве такіх вучняў набралася каля 60.

Восенню 1919 г., ужо за польскай акупацыяй, Я. Шнаркевіч стаў выкладчыкам беларусазнаўства ў вышэйшай пачатковай школе Мінска, а неўзабаве ўзначаліў яе і цалкам беларусізаваў. Адзін з вучняў згадваў, як моцна адрозніваўся гэты настаўнік ад выкладчыкаў старой загартоўкі: “ былі прымітыўныя не толькі па сваіх ведах, але і знешне. Настаўнік рускай мовы – Карнілій Еўціхіевіч Падольскі галіўся, можа, раз у месяц, а можа, раз у два месяцы, чорная яго тужурка пад пахаю лопнула, і рукаво разышлося напалавіну. Падобна, што звыш таго, што было ў падручніку, ён сам не ведаў, пра нашы настроі, пра тое, як жывём, ніхто з настаўнікаў не цікавіўся”. І вось у школе з’явіліся Язэп Шнаркевіч, які вёў беларускую мову і літаратуру, і Міхась Гурскі, што выкладаў геаграфію.  Шнаркевіч, “чалавек гадоў пад трыццаць, хадзіў у высокіх ботах і кароткім кажушку. Пачаў ён з таго, што нашае, сваё, нічым не горшае за чужое, а часам нават і лепшае. Так, ён тлумачыў, што вось звычайны кажух лепшы за паліто, сшытае з фабрычнага матэрыялу… Праз некаторы час настаўнік раздаў кожнаму з нас па тры кнігі: граматыку Тарашкевіча, “Родныя з’явы” Коласа і “Дыямэнты беларускай паэзіі” Апавяданні Коласа былі прымітыўныя, але такія блізкія, сардэчныя… Здаецца, з гэтага пачалося захапленне беларускаю літаратурай, якая ў той час была такою слабенькай…”

Мікалай Улашчык (1906–1986), вучань Язэпа Шнаркевіча ў 1919 г.

Мікалай Улашчык (1906–1986), вучань Язэпа Шнаркевіча ў 1919 г.

Вучня, які пакінуў гэтыя ўспаміны, звалі Мікалай Улашчык – у далейшым ён стане выдатным гісторыкам. А свайго настаўніка будзе памятаць і праз паўстагоддзя. У 1966 г. напіша яму ліст: “Дарагі Язэп Канстанцінавіч. Мы такі сустрэліся з Вамі праз 47 год. Памятаю Вас маладым… Вы гаворыце, што свае мовы і свайго народа нельга саромецца, а трэба любіць, што мы такі ж народ, як і іншыя, што ў нас ёсць свая гісторыя. Усё гэта для нас, хлапчукоў, было надзвычайна новым і дзіўным, бо ўсё наша кароткае жыццё нас вучылі, што беларускасці трэба як мага скарэй пазбавіцца…” Тады ж гісторык даслаў настаўніку сваю манаграфію “Перадумовы сялянскай рэформы 1861 г. у Літве і Заходняй Беларусі” зазначыўшы, што ў ёй “…знаходзіцца нейкая частка і Вашай працы”.

У пачатку жніўня 1920 г. Язэп Шнаркевіч стаў адным з кіраўнікоў беларускага аддзела народнага камісарыята асветы ССРБ. А восенню накіраваўся ў Заходнюю Беларусь, якая ўвайшла ў склад Польскай дзяржавы. Матывы гэтага пераезду да канца не зразумелыя. Паводле адной з версій, бальшавіцкае кіраўніцтва проста вымусіла Шнаркевіча, які быў сябрам партыі беларускіх эсэраў, пакінуць Савецкую Беларусь. Так ці іначай, у канцы 1920 г. ён апынуўся ў родным Нясвіжы і стаў працаваць выкладчыкам у прыватнай жаночай гімназіі і адначасова рабіць крокі па яе беларусізацыі.

Польскія ўлады адмоўна ставіліся да развіцця беларускага школьніцтва. Тым не менш у прыватных навучальных устаноў была альтэрнатыва. Рускамоўныя гімназіі маглі пераходзіць або на мясцовую мову навучання (г.зн. на беларускую), або на польскую. У апошнім выпадку яны атрымлівалі разнастайную падтрымку і набывалі правы дзяржаўных школ, у першым іх чакаў доўгі шлях змагання за існаванне. Менавіта такім шляхам вырашылі ісці Язэп Шнаркевіч і яго паплечнікі. Летам 1921 г. быў атрыманы дазвол стварыць 1-ы і 2-і класы з беларускай мовай навучання. Іх кіраўніком стаў Язэп Шнаркевіч, кіраўніком рускамоўных класаў (з 3-га па 8-ы) быў Кандрат Шчансновіч. Камплектаванне беларускіх класаў ішло з вялікімі цяжкасцямі. У іх было забаронена прымаць дзяцей іншых нацыянальнасцяў, а таксама беларусаў каталіцкага веравызнання. Вельмі непрыхільна паставіліся да “канкурэнтаў” і кіраўнікі рускай мужчынскай гімназіі. Усё гэта прывяло да таго, што ў першы клас запісалася толькі 8 чалавек, а ў другі – 10.

Перад пачаткам заняткаў польскія ўлады падрыхтавалі яшчэ адзін “сюрпрыз”. На другі дзень прыёмных экзаменаў павятовы стараста Ежы Чарноцкі рэквізаваў будынак жаночай гімназіі, які тая арандавала з перадваенных часоў. Увесь інвентар выкінулі на двор. Намаганні вярнуць памяшканне поспеху не мелі. Заняткі давялося пачынаць у двух невялікіх пакоях на прыватнай кватэры адной з настаўніц. І вось тут сваё важкае слова сказалі нясвіжане, якія далі ўласныя дамы для размяшчэння школы. Ветэрынарны фельчар Апанас Вітушка выдзеліў тры пакоі для 5–8 класаў, Нікадзім Дылеўскі – пакой для 3 класа, а Міхаіл Кулакоўскі – два пакоі для 1–2 класаў і пры гэтым адмовіўся ад аплаты.

На беларускай плыні Язэп Шнаркевіч адзін выкладаў усе агульнаадукацыйныя прадметы, а ў старэйшых класах вёў яшчэ беларускую мову, спевы і фізкультуру. Нямецкую мову выкладала Ніна Шчансновіч, польскую – Я. Смоліч, Закон Божы – праваслаўны святар Васіль Валасовіч. Займацца даводзілася ў дзве змены. Да цяжкіх умоваў працы дадавалася не найлепшае матэрыяльнае становішча настаўнікаў. Прыватная гімназія магла існаваць толькі за кошт аплаты навучання. А паколькі вучняў было мала, ды і тыя з незаможных сем’яў, то часта замест грошай даводзілася задавольвацца натуральнай аплатай у выглядзе прадуктаў, дроваў і г.д. Да таго ж гімназія дзейнічала ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі з боку рускай і польскіх школ. Гэта абавязвала настаўнікаў трымаць высокі ўзровень.

Заканчэнне навучальнага года было адзначанае вечарынай, пра якую пісала віленская газета “Беларускі звон” (№ 16, 25.08.1922): “15 чэрвеня г. году ў г. Нясьвіжы адбыўся спэктакль на карысьць незаможных вучаніцаў Нясьвіжскай Жаноцкай гімназіі з І і ІІ беларускімі клясамі. П’есы і дэклямацыі былі выкананы вучаніцамі Гімназіі, за выключэньнем мужчыньскіх роляў. Сьпевы выпаўнены гімназіяльным хорам пад кіраўніцтвам настаўніка Язэпа Шнаркевіча.

Дзейныя асобы і харысткі былі ў нацыянальных беларускіх касьцюмах. П’еса прайшла з вялікай удачай. П’еса закончылася вясёлай “Лявоніхай”, на якую перапоўненая заля бурнымі воплескамі выклікала два разы.

Дэклямавалі так сама надта добра.

Але самы ўдалы быў канцэртны аддзел пад кіраўніцтвам наст. Я. Шнаркевіча; хор выпаўніў Беларускі гімн і іншыя нацыянальн. песьні.

Вечар зрабіў моцнае ўражаньне на публіку і даў добры збор”.

Назіраючы поспехі гімназіі, насельніцтва пачало ставіцца да яе з большай прыхільнасцю, а вучнёўская моладзь з іншых школ была гатовая перайсці да беларусаў.

Язэп Шнаркевіч з вучнямі Нясвіжскай беларускай гімназіі

Язэп Шнаркевіч з вучнямі Нясвіжскай беларускай гімназіі

Да ўсіх клопатаў Язэпа Шнаркевіча ў гэты перыяд дадаўся яшчэ адзін – выбары ў сейм і сенат Польскай рэспублікі. Ён узначаліў беларускі выбарчы камітэт Нясвіжскага павета, пасля заняткаў ездзіў па вёсках, праводзячы агітацыю. Разам з іншымі беларускімі дзеячамі Шнаркевіч балатаваўся ў сейм ад “Блока нацыянальных меншасцяў”. Яго прозвішча стаяла ў спісе па Наваградскай акрузе пад нумарам 7. Выбары, якія адбыліся ў лістападзе 1922 г., прынеслі беларусам 11 месцаў у сейме і 3 – у сенаце. Ад Наваградчыны былі абраны М. Кахановіч, В. Рагуля і А. Назарэўскі. Паводле папярэдніх падлікаў, Шнаркевіч меў усе шанцы прайсці ў парламент, але гэтага не адбылося, і ён застаўся ў Нясвіжы.

Гімназія паспяхова развівалася. Быў набраны чарговы беларускі клас і нарэшце здабыты дазвол на фармаванне змешаных класаў, дзе маглі займацца і хлопцы, і дзяўчаты. Але ўжо ў наступным, 1923/24, навучальным годзе, школьны куратар забараніў дзейнасць гімназіі. Тлумачылася гэта нібыта нізкім узроўнем навучання, адсутнасцю памяшкання і малой колькасцю вучняў (і гэта пры тым, што было пададзена каля 150 заяў аб прыёме). Нягледзячы на тое, што да справы падключыліся беларускія паслы і сенатары, забарону так і не адмянілі. Цэлы год гімназія існавала нелегальна: вучні займаліся на кватэрах настаўнікаў. Дзякуючы такой ахвярнасці ўдалося захаваць ядро навучальнай установы і дабівацца новай канцэсіі на 1924/25 год. Да таго моманту стала ясна, што польская адміністрацыя не дапусціць існавання беларускай сярэдняй школы ў Нясвіжы. У якасці альтэрнатывы разглядаўся варыянт яе пераводу ў Гарадзею або Клецк. Менавіта ў апошнім горадзе пашанцавала здабыць памяшканне. У чэрвені 1924 г. Язэп Шнаркевіч падпісаў пагадненне з яўрэем Рэйзіным аб арэндзе дома, дзе раней размяшчалася прыватная польская школа.

У Шнаркевіча з часоў працы ў Мінску быў вопыт супрацоўніцтва з яўрэйскімі арганізацыямі, і, як правіла, апошнія падтрымлівалі ініцыятывы беларусаў. Але ў Клецку ўсё атрымалася іначай. Калі школьны інвентар перавозілі ў новае памяшканне, туды ўварваліся агрэсіўна настроеныя маладзёны, якія заявілі, што ў доме размесціцца яўрэйская арганізацыя “Тарбут”. Не дапамагло нават умяшальніцтва вядомага яўрэйскага дзеяча, дэпутата сейма Якава Выгодзскага, які заклікаў аднаверцаў не чыніць перашкод беларусам. Улады ніяк не адрэагавалі на незаконны захоп дома. Відавочна, ім было выгадна, каб два народы марнавалі сілы на міжусобную барацьбу.

Тым не менш удалося знайсці новае памяшканне, сфармаваць настаўніцкі калектыў, пачаць уступныя экзамены. Здавалася, вось-вось – і гімназія будзе працаваць у нармальным рэжыме. У той самы момант, калі арганізацыйная праца падыходзіла да завяршэння, Шнаркевіча выклікалі ў Нясвіжскае павятовае староства, дзе абвінавацілі ў варожасці да польскай дзяржавы і існага ладу. На гэтай падставе яму адмовілі ў канцэсіі, забаранілі выкладаць у школе. І ўвогуле далі зразумець, што знаходзіцца з такім статусам у прыгранічнай паласе непажадана. Тым самым улады разлічвалі паставіць гімназію ў бязвыхаднае становішча, змусіўшы яе самаліквідавацца. Аднак тут яны пралічыліся. Язэп Шнаркевіч быў далёка не адзіным беларускім настаўнікам. Побач з ім працавалі такія патрыёты, як Вячаслаў Арэнь, Ганна Малойла, Рыгор Якубёнак, Антон Якімовіч. І самае галоўнае – за імі была падтрымка насельніцтва. Пад націскам шматлікіх бацькоўскіх дэлегацый школьны куратар быў вымушаны даць дазвол на адкрыццё ў Клецку 1–4 класаў гімназіі з правам паступовага развіцця да 8 класаў уключна. Вось толькі Шнаркевіч быў змушаны з’ехаць у Вільню.

Там ён працаваў у Віленскай беларускай гімназіі, дзе хутка здабыў павагу вучняў. Адзін з тагачасных навучэнцаў згадваў: “Язэп Шнаркевіч выкладаў геаграфію. Чалавек спакойны, зраўнаважаны, з мяккім і гуманным сэрцам. Дапамагаў вучням чым мог: шыў чаравічкі і прыносіў у прытулак гімназіі”. У гэты ж час ён стварыў сям’ю. Жонка, Надзея Маркаўна, паходзіла з Брэста. Скончыла Пружанскую жаночую гімназію, настаўнічала. З 1925 г. загадвала дзіцячым прытулкам пры Віленскай гімназіі. Яе характарызавалі як “вельмі слаўную кабету, а таксама свядомую беларуску”, якая “…пакінула па сабе добрую, шчырую, гуманную памяць… многа памагала рыхтавацца да экзамену па польскай мове, давала бясплатныя лекцыі-урокі… Жыла вельмі скромна, апрача стала і нейкага тапчанчыка нічога больш не было. Кожны з вучняў адчуваў яе скромнасць і апеку над дзецьмі”.

У Вільні Я. Шнаркевіч быў абраны ў склад Управы Таварыства беларускай школы (ТБШ), дзе заняў пасаду сакратара, а таксама з’яўляўся адным з супрацоўнікаў аддзела пазашкольнай асветы. Адначасова з гэтым ён уключыўся ў палітычнае жыццё. У 1925 г. стаў адным з заснавальнікаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ), а з 1 чэрвеня 1926 г. узначаліў яе сакратарыят. За кароткі час БСРГ ператварылася ў адну з найбольш масавых палітычных партый. Колькасць яе сяброў, па некаторых ацэнках, складала ад 120 да 150 тысяч. Напалоханыя такім ростам польскія ўлады вырашылі знішчыць Грамаду адным ударам. Ноччу з 14 на 15 студзеня 1927 г. па ўсёй Заходняй Беларусі пачаліся масавыя вобшукі і арышты кіраўнікоў і актывістаў арганізацыі. У турмы былі кінутыя 490 чалавек.

Язэп Шнаркевіч правёў за кратамі амаль год. Пасля вызвалення вярнуўся ў Віленскую гімназію. Тады ж прыняў рашэнне адысці ад палітыкі і засяродзіцца выключна на культурна-асветніцкай дзейнасці, зноў актыўна працаваў у ТБШ. З 1933 г. выкладаў біялогію і сталярную справу у пачатковых школах. Яшчэ адным напрамкам яго дзейнасці стала… пчалярства. Вясной 1934 г. ён увайшоў у склад Нагляднай рады кааператыўнага таварыства “Пчала”. Таварыства ставіла перад сабой задачу злучыць беларускіх пчаляроў у адзіную арганізацыю, дапамагчы практычнымі парадамі ў вядзенні гаспадаркі, арганізаваць збыт прадукцыі, што ў выніку мусіла ўзняць дабрабыт вясковага насельніцтва. Неўзабаве былі арганізаваныя завочныя курсы па зборы мядова-лекарскіх зёлак, пачаў выходзіць часопіс “Беларуская борць”, які рэдагавала Зоська Верас.

Часопіс “Беларуская борць”, дзе ў 1937–1938 гг. друкаваліся артыкулы Я. Шнаркевіча аб пчалярстве

Часопіс “Беларуская борць”, дзе ў 1937–1938 гг. друкаваліся артыкулы Я. Шнаркевіча аб пчалярстве

На старонках выдання практычным вопытам дзяліўся і Язэп Канстанцінавіч. У 1937–1938 гг. былі надрукаваныя яго артыкулы “Падгатоўка пчолаў да зімы”, “Апошні агляд пчол на зіму”, “Медаваньне расьлін”. У яшчэ адным артыкуле з назвай “Выкарыстоўвайце месцы пад сьценамі будынкаў” ён распавядаў пра вырошчванне вінаграду, што для таго часу было новай і нязвыклай справай. На жаль, у 1938 г. з прычыны фінансавых цяжкасцяў часопіс перастаў выдавацца. А неўзабаве адбыліся падзеі, якія прымусілі забыць і пра пчалярства, і пра вінаградарства.

На другі дзень пасля нападу Германіі на Польшчу Язэп Шнаркевіч як палітычна нядобранадзейны разам з іншымі беларускімі дзеячамі быў арыштаваны і накіраваны ў Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер. Ужо праз два тыдні, з прыходам Чырвонай арміі, вязні выйшлі на волю. Язэп Канстанцінавіч змог вярнуцца ў Вільню і неўзабаве быў прызначаны загадчыкам беларускай школы. Падчас нямецкай акупацыі працаваў выкладчыкам Віленскай беларускай настаўніцкай семінарыі. Гісторык Аляксандра Гесь сцвярджае, што ў 1946 г. ён быў “рэпрэсіраваны савецкай уладай” (не ўдакладняючы, у якой форме), а ў 1956 г. рэабілітаваны. У той жа час вядомы даследчык рэпрэсій Леанід Маракоў не згадвае пра арышт Я. Шнаркевіча. ў пасляваенны перыяд. Безумоўна, савецкія органы не маглі пакінуць настаўніка без пільнай увагі, аднак гаварыць пра яго арышт, не падмацоўваючы гэта адпаведнымі дакументамі, будзе няправільна.

Будынак Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, дзе вучыўся Язэп Шнаркевіч. Паштоўка пачатку ХХ ст.

Будынак Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, дзе вучыўся Язэп Шнаркевіч. Паштоўка пачатку ХХ ст.

Фактам з’яўляецца тое, што пасля вайны Я. Шнаркевіч не вярнуўся да педагагічнай дзейнасці, а займаўся агародніцтвам і пчалярствам. У дадатак да ўсяго ён мусіў даглядаць хворую жонку, якая апошнія 25 гадоў жыцця была паралізаваная і не магла хадзіць. Пры гэтым Надзея Маркаўна захавала добрую памяць, цікавілася беларускімі справамі, апрацоўвала ўспаміны мужа, рыхтавала альбомы па гісторыі школьніцтва. Яна памерла 21 мая 1974 г., а 30 лістапада пайшоў з жыцця Язэп Канстанцінавіч.

На заканчэнне прывяду фрагмент з ліста Мікалая Улашчыка да Янкі Брыля ад 14 снежня 1985 г: “Ці ведалі Вы Язэпа Шнаркевіча? У 1966 г. я спаткаўся з ім у Вільні, і колькі-небудзь моцнага ўражання ён не зрабіў і наогул пэўна не быў выдатным дзеячам, але як школьны прапагандыст ён быў выдатны. Ва ўсякім разе нас малых (13–14 гадоў), якіх усё жыццё вучылі зневажаць сваё, ён за некалькі месяцаў зусім “перарабіў”. Вось менавіта на такіх “не выдатных” дзеячах і трымаўся беларускі рух. Толькі, на жаль, мэты, якія ставілі перад сабой Шнаркевіч і яго паплечнікі, не дасягнутыя і сёння.

Тэкст: Андрэй Блінец

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Літаратура

У Беларусі хутка з'явіцца кніга ўспамінаў рэпрэсаваных гродзенцаў

У красавіку выйдзе з друку кніга ўспамінаў рэпрэсаваных гарадзенцаў «Ніколі болей», — паведаміў Андрэй Янушкевіч...

valiancina_shauchenka
Тэатр

Па старонках памяці. Гісторыя і традыцыі тэатральнага мастацтва Беларусі

Сёння, 27 сакавіка, у свеце адзначаюць Дзень тэатра. У беларускага тэатральнага мастацтва найбагацейшая гісторыя...

valiancina_shauchenka
Літаратура

Стартуе падкаст «Супердудко»: Наста Грышчук густоўна не пагаджаецца з наяўным

Выйшла пілотная серыя падкасту «Супердудко», — паведамляе «Літрадыё». Крытык Наста Грышчук п’е таматны гозэ і ўспамінае...

valiancina_shauchenka
Краіна

«Увага, стукач!» Беларусы звязаліся з даносчыкамі на пратэстоўцаў 2020-га і знялі фільм

Што можа быць больш сумным і дзікім за даносы беларусаў на іншых беларусаў? У 2020 годзе гэта было нормай, на жаль,...

Апошнія навіны

    Літаратура
    У Беларусі хутка з'явіцца кніга ўспамінаў рэпрэсаваных гродзенцаў
    Тэатр
    Па старонках памяці. Гісторыя і традыцыі тэатральнага мастацтва Беларусі
    Літаратура
    Стартуе падкаст «Супердудко»: Наста Грышчук густоўна не пагаджаецца з наяўным
    Краіна
    «Увага, стукач!» Беларусы звязаліся з даносчыкамі на пратэстоўцаў 2020-га і знялі фільм
    Грамадства
    У Вязынцы вясну гукалі. І нагукалі! Шмат фота
    Мастацтва
    Таша Кацуба. Мяккая зброя
    Гісторыя Літаратура
    Мікалай Гусоўскі і «Песня пра Зубра»
    Гісторыя
    Першая ў старадаўняй Беларусі жанчына-лекар. Лёс і вандроўкі Саламеі Русецкай
    Грамадства Літаратура
    Бяляцкі гаворыць пра нацыянальнае прымірэнне, падымае іншыя дыскусійныя тэмы не пад прымусам, а з-за сваёй інтэлектуальнай смеласці
    Грамадства «Музыка»
    Музыку Фёдара Чаранкова арыштавалі на 15 сутак
    Каляндар
    Каляндар з 27 сакавіка па 2 красавіка. Што святкуем? Па чым сумуем?
    Мастацтва Беларусы свету
    Выстава пад знакам Пагоні ў Нью-Ёрку
    Замежжа
    Гайд па беларускай Вільні: усё, што трэба мігрантам з Беларусі
    Грамадства
    Упершыню ў беларускага горада з’явіліся свае духі. Гэта Брэст
    Культура
    Песням-вяснякам навучаць усіх жадаючых у Веткаўскім музеі стараверстваў і беларускіх традыцый

Афіша

  • 28.03

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Прэзентацыя беларускага перакладу «Дзьмухаўцовага віна» Рэя Брэдберы у Мінску

  • 27.03 — 22.04Выстава ткацкіх працаў у Мінску
  • 27.03 — 30.03Экспазіцыя да 100-годдзя з дня нараджэння Алены Васілевіч у Мінску
  • 27.03 — 31.03Выстава, прысвечаная мастаку кіно Яўгену Ганкіну, у Мінску
  • 27.03 — 31.03«У краіне мар». Выстава, прысвечаная Канстанцыі Буйло, у Мінску
  • 27.03 — 30.04Выстава «Ян Вермеер» у Мінску
  • 27.03 — 02.04Выстава Усевалада Швайбы і Тамары Дзяменцьевай «Узы меж нами» ў Гродне
  • 27.03 — 30.04 «Партрэт часу»: калекцыя жывапісу Белгазпрамбанка ў Магілёве

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • Як, дзе і калі беларусы свету будуць адзначаць Дзень Волі
    • Ва Украіне з’явіўся сайт пра тое, чаму ў Беларусі ўсё так і беларусы такія
    • Адкуль мы ўзяліся: 7 кніг пра нашу гісторыю
    • Міты Другой Сусьветнай вайны. Да дня спаленьня Хатыні
    • Што вядома пра серыял пра Уладзіміра Мулявіна «За паўгадзіны да вясны», трэйлер якога з’явіўся ў сеціве?
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип