“Еўрабачанне-2014” уразіць брыльянтавай сцэнай і вадкакрышталічнай відэасцяной

21.03.2014 Музыка

Арганізатары “Еўрабачання-2014”, якое пройдзе ў дацкім Капенгагене, збіраюцца здзіўляць гледачоў так званай брыльянтавай сцэнай і вадкакрышталічнай відэасцяной. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказала памочнік кіраўніка беларускай дэлегацыі на конкурсе Вольга Саламаха.

“Шоу пройдзе на своеасаблівым востраве, на месцы, дзе размешчаны вялікі ангар. Пакуль там нічога няма, акрамя голай бетоннай падлогі. Самой сцэны пакуль яшчэ няма, аднак ёсць яе 3D-мадэль”, – адзначыла яна.

Апошнім часам арганізатары конкурсу адмаўляюцца ад выкарыстання ў шоу грувасткіх канструкцый, замяняючы іх LED маніторамі. У гэтым годзе Капенгаген вырашыў уразіць публіку ВК-відэасцяной, якая адкрые новыя магчымасці перад пастаноўшчыкамі. “На LED сцэну будзе стварацца праекцыя, да таго ж будуць выкарыстоўвацца светлавыя прыборы, такім чынам, кожны нумар будзе выглядаць унікальным”, – удакладніла Вольга Саламаха. Яна дадала: “Паколькі сімвалам “Еўрабачання” з’яўляецца сіне-блакітны брыльянт, святло і сцэнічныя спецэфекты будуць нагадваць ззянне алмаза”.

Каб максімальна паказаць усё, што адбываецца на сцэне, у грын-рум і за кулісамі, для трансляцыі будуць выкарыстоўваць 23 тэлекамеры. Як і ў мінулым годзе, акцэнт пры распрацоўцы еўравізійнай сцэны зроблены на збліжэнні гледачоў і артыстаў. У зале будзе размяшчацца грын-рум, што таксама з’яднае канкурсантаў і публіку.

Міжнародны песенны конкурс “Еўрабачанне-2014” пройдзе ў Капенгагене на сцэне B&W Hallerne на Refshaleoen пад дэвізам “Далучайцеся да нас” (Join Us). Паўфіналы будуць арганізаваны 6 і 8 мая, фінал – 10 мая. Беларусь на конкурсе прадставіць Тэа (Юрый Вашчук). Ён выступіць у другой частцы другога паўфіналу (8 мая). Разам з ім у гэты дзень на сцэну выйдуць выканаўцы з Нарвегіі, Ізраіля, Грузіі, Аўстрыі, Літвы, Польшчы, Мальты, Македоніі, Фінляндыі, Ірландыі, Румыніі, Славеніі, Грэцыі і Швейцарыі.

Усяго ў песенным форуме прымуць удзел 37 краін.

БЕЛТА