Сорак дзевяць гадоў таму ў Горадні нарадзіўся паэт, празаік і журналіст Юры Гумянюк, які трагічна загінуў у студзені 2013-га. Да дня народзінаў паэта мы ўзгадалі, што казалі вядомыя беларускія літаратары пра характар Юрыя Гумянюка.
Анатоль Брусевіч: — Характар яго вызначаўся неверагоднай супярэчлівасцю, аднак некаторыя дамінантныя рысы можна назваць: геданізм, шляхетнасць, якая часта перарастала ў прэтэнцыёзнасць і нарцысізм, нонканфармізм з немалым дамешкам цынізму, шчырасць, якая межавала з любоўю да пляткарства. Юра быў чалавекам адкрытым, але мог неўзабаве замыкацца, гатовы быў разбіцца ўшчэнт і дапамагчы чалавеку, а мог здзіўляць скрайняй абыякавасцю. Цікава, што пераход да падобных скрайнасцяў адбываўся незаўважна, што магло шакаваць выпадковых людзей. Непрадказальнасць — ці не самая адметная рыса характару Юры Гуменюка.
Ігар Сідарук: — Юры быў чалавек адметна-інтэлігентны, адукаваны, франтаваты. Заўсёды модна апранаўся, але, будучы крыху скупаваты, ніколі не шкадаваў грошай на самыя модныя чаравікі, палітон, шалік ці яшчэ якую трэндавую рэч. Любіў кампанію і любіў вылучацца з усяе кампаніі, быць, што называецца, яе душой. Любіў пахваліцца, з задавальненнем выслухоўваў кампліменты. Пры гэтым сам мог вельмі добра і цёпла выказацца пра чалавека, і ў вочы, і за вочы. Мог падзяліцца з табой нейкай таямніцаю, часцяком пераходзячы на паўшэпт, які было амаль не разабраць. Любіў вострыя сітуацыі, добры гумар, мог пасмяяцца і з самога сябе. Хоць заўсёды трымаў нейкую дыстанцыю ад людзей прасцейшых за яго, не з ягоных шэрагаў. Яшчэ меў нейкую напаўдзіцячую наіўнасць — і гэтая наіўнасць іншым разам гучала ў словах, у тым, што ён рабіў, моцна верачы, што менавіта так правільна, што іначай і не можа быць. Выступаючы яшчэ за Саветамі супраць гэтых Саветаў, рыхтуючы і ствараючы з усімі намі, будучымі тэвээлаўцамі, гэтае самае Таварыства Вольных Літаратараў…
Т.Б.-Б.: — Ці ствараў ён уражанне чалавека, схільнага да афектаў?
А.А.: — Так, ён быў эмацыйным, крыўдлівым, але не злапомным. Прызнаваў чужы талент. Любіў, напрыклад, Славаміра Адамовіча — як эпатажную асобу і паэта.
А.Б.: — Кожны паэт схільны да афектаў: жарсці, эмоцыі — лепшыя стымулятары творчага працэсу. Гумянюк не можа быць тут выключэннем. Аднак ён заўсёды трымаўся спакойна, годна, нязмушана ў любых сітуацыях. Рэдка, вельмі рэдка можна было ўбачыць яго ў стане нейкай экзальтацыі.
І.С.: — Маё асабістае меркаванне: не. Да эфектаў — так, да афектаў — не. Выхаванасць не дазваляла.
Т.Б.-Б.: — У чым была трагедыя Гуменюка як чалавека, асобы, творцы?
А.А.: — Не думаю, што ў адносінах Гуменюка трэба казаць пра нейкую трагедыю. Ён цалкам рэалізаваўся як паэт. Выканаў сваю творчую місію.
А.Б.: — Ёсць некалькі трагедыйных момантаў, пра якія я ведаю і якія ў многім вызначалі хаатычны накірунак жыццёвага і творчага шляху Юры Гуменюка. Па-першае, ён так і не змог стварыць сям’ю, хоць вельмі гэтага жадаў… Па-другое, Юры Гумянюк не рэалізаваўся як навуковец, хоць былі ўсе для гэтага падставы…
І.С.: — Мы шмат чаго ў той час хацелі, у многае верылі, спадзяваліся, што вось, яшчэ крыху — і будзе ў краіне вольна і лёгка як для творцаў, так і для ўсіх. Аднак вядомы рух палітычных падзей, спаўзанне грамадства ў таталітарна-дыктатарскую сутнасць шмат што перакрэслілі. Ці многім, калі разабрацца, былі патрэбныя тады і патрэбныя цяпер «Твар Тутанхамона», «Рытуал», «Вуліца тыгровых архідэй»? Толькі знаўцам ды аматарам нацыянальнай літаратуры. А Юры, магчыма, хацелася большага. У тым і была трагедыя.
Т.Б.-Б.: — Юры Гумянюк быў экстра- ці інтравертам? Любіў пагаварыць ці больш маўчаў?
А.Б.: — Думаю, Гумянюк быў экстравертам. Не зусім тыповым, безумоўна. Так, яму бясконца падабалася бурлівае жыццё, ён меў неверагодна шмат знаёмых, але ўмеў кантраляваць свае эмоцыі, а гэта ўжо рыса інтраверта. Пагаварыць любіў вельмі. Але больш пра сябе. Моўкнуў, калі яго асоба пераставала быць цэнтральнай тэмай гаворкі. Дарэчы, яшчэ адной трагедыяй для Юры стала ўсведамленне, што сярод вялікай колькасці знаёмых сяброў у яго амаль няма.
Т.Б.-Б.: — Ці верыце Вы асабіста, што 19 студзеня 2013 года адбылося самазабойства, а не няшчасны выпадак па неасцярожнасці?
А.А.: — Цяжкае пытанне. З аднаго боку, Юра не быў такім смельчаком, каб сігануць з дзявятага паверха. Магло нешта здарыцца, каб ягоны розум «замуціўся» і ён вырашыў завершыць жыццё. Але, па-мойму, не было нейкіх сур’ёзных перадумоваў. Для яго былі цяжкімі папярэднія 2–3 гады: 2007–2009, калі ён судзіўся са стрыечнай сястрой за бацькоўскі дом… Нават лячыўся ад залежнасьці ад алкаголю. Але ў 2010 годзе ўсе яго праблемы пазітыўна вырашыліся. Ён меў шмат розных творчыў планаў. Незадоўга да трагедыі ўкладаў новую кнігу, нават вершы перадаў мастаку Сяргею Грыневічу, каб той вокладку намаляваў… З іншага боку, Юра скардзіўся сябрам у Гародні, што нібыта яго шантажавалі спецслужбы. Відавочна, хацелі завербаваць (як журналіста замежных СМІ). Такая прычына ягонай смерці цалкам магчымая. Дапускаю, што мог быць нейкі псіхічны шок, але гэта ўжо блізка да забойства.
А.Б.: — Ніхто не ведае, што адбылося: няшчасны выпадак ці самазабойства. І не даведаецца. Зрэшты, амаль любое самазабойства — і ёсць няшчасны выпадак, бо рэдка хто плануе такія рэчы. Усё адбываецца сапраўды выпадкова, любая дробязь можа падштурхнуць на такі крок. Асабліва паэта…
І.С.: — Гэта той самы момант, калі не змагу адказаць ні станоўча, ні адмоўна. Смерць заўсёды прыходзіць нечакана. Думаю, нават да тых, хто чакае яе штохвілінна ці сам набліжае, набліжаецца да яе. Адзінае — шкада, што ў нашай краіне да высноў нават дакладнага і яснага расследавання часцяком такі ж давер, як і да здагадак, амаль нічым не падмацаваных. Калі ў нас можа быць у прынцыпе такое расследаванне.
Т.Б.-Б.: — Чаго ён баяўся (і ці баяўся ён чаго ўвогуле)?
А.А.: — Баяўся старасці. Дакладней, застацца сам-насам пасля смерці маці. Пра гэта я чуў ад яго асабіста.
А.Б.: — Найбольш Юры Гумянюк баяўся страты цікавасці да сваёй асобы. Яму не было важна, хто і што пра яго кажа, — галоўнае, каб гаварылі. Апынуцца раптам па-за цэнтрам увагі (сяброў, блізкіх, калегаў па літаратурным цэху, медый і г.д.) — бадай найстрайшнейшая фобія Гуменюка. Яшчэ ў апошнія гады баяўся некалькіх знаёмцаў, якіх лічыў ледзь не крымінальнымі аўтарытэтамі, хоць насамрэч гэта былі звычайныя алкаголікі. Калі і меў нехта з іх якую ходку на зону, то, напэўна, прасядзелі яны там «шасцёркамі». Але Юра баяўся іх, баяўся, што калі, напрыклад, не дасць ім грошай на бутэльку, а пашле на тры літары, то яны яго могуць забіць. Аднойчы я нават хацеў развянчаць міф пра так званых «аўтарытэтаў» — банальна надаваць пад гандэлкам выспяткаў гэтым забулдыгам, але Юра вельмі перапалохаўся і катэгарычна адмовіўся ад маёй прапановы.
І.С.: — Баяўся шмат чаго. Што не будуць прызнаваць як творцу. Што мама перастане любіць. Што не выдадуць чарговую кніжку. Што не атрымае адказ на чарговы ліст. Што незнарок пакрыўдзяцца сябры. Вельмі баяўся гэбістаў, з якімі сутыкаўся насамрэч. Баяўся, што яго ўсе забудуць і ён застанецца ў абсалютнай адзіноце. Урэшце, звычайныя страхі, якіх шмат у кожнага з нас. І многія з іх Юры не хаваў. Магчыма, тым самым рабіў іх крыху слабейшымі, не такімі вялікімі, як магло б здавацца яму, калі хаваў іх унутры сябе…
Т.Б.-Б.: — Чаму ў апошнія гады ён зусім мала пісаў? Прынамсі, вершаў у друку за апошні перыяд зусім мала ў параўнанні з ранейшымі гадамі…
А.А.: — Практычна ўсе ягоныя кнігі былі выдадзеныя Таварыствам Вольных Літаратараў, а напрыканцы 90-х яно моцна заняпала. Пачаўся агульны крызіс у беларускай літаратуры. У той час многія перасталі пісаць…
А.Б.: — У апошнія гады Юра сапраўды пісаў і друкаваў менш мастацкіх твораў у параўнанні з тымі ж дзевяностымі, альбо пачаткам нулявых. Галоўная прычына такой раптоўнай «сціпласці», думаю, у тым, што змяніліся часы, а з імі стратэгіі ўзаемаадносін паміж выдаўцом літаратуры і аўтарам, аўтарам і чытачом, чытачом і выдаўцом. Раней выдавец шукаў аўтара і ствараў камфортную атмасферу для яго дыялогу з чытачом. Але неўзабаве ўжо аўтар быў вымушаны шукаць і выдаўца, і чытача, і пра камфорт для іх дбаць. Такія змены, вядома, былі для Юры непрымальнымі, яны не «вязаліся» з яго чыста рамантычным усведамленнем месца і ролі мастака ў свеце: узвышацца над сцішаным натоўпам, чаруючы магіяй слова. Зрэшты, не адзін Гумянюк, але многія іншыя яркія беларускія творцы ў такіх дзікіх варунках сыйшлі са сваіх п’едэсталаў, саступіўшы месца бяздарным літаратурным рамеснікам і менеджэрам, якія апошнім часам запаланілі айчынную вербальную прастору.
І.С.: — Не думаю, што можна напісаць нешта вартае ў час дэпрэсіўна-зацяжных запояў. У такія дні знайсці-датэлефанавацца да яго было немагчыма. Я не ведаю, што з ім тварылася і дзе ён быў у такія хвіліны; але потым Юры сам перажываў і нерваваўся, што на яго шмат хто пакрыўдзіўся, што яго звольняць, што не вытрымае ціску з усіх бакоў… А запоі гэтыя ў апошнія гады ягонага жыцця надараліся часта. Некалькі разоў ён тэлефанаваў мне, прасіў даць адрас аднаго з цэнтраў, які працуе з хворымі на алкагалізм, аднак, наколькі мне вядома, так туды і не звяртаўся.
Т.Б.-Б.: — Не сакрэт, што творчыя асобы часцей, чым іншыя, пакутуюць на дэпрэсіі…
А.А.: — Беларускія літаратары традыцыйна змагаюцца з дэпрэсіяй з дапамогай гарэлкі і віна. Юра не быў выключэннем.
А.Б.: — Кожны чалавек, тым больш творчы, схільны да дэпрэсіі. Было і ў Гуменюка мноства падстаў упадаць у дэпрэсіўны стан. Аднак знешне гэта слаба праяўлялася: Юра заўсёды стараўся выглядаць аптымістам. Антыдэпрэсантам выступаў алкаголь. Па-мойму, дрэнна ад яго бывае толькі тады, калі дэпрэсія зацягваецца.
Т.Б.-Б.: — Магчыма, пра нешта істотнае я не запыталася. Ці маеце што дадаць?
І.С.: — Хацеў бы падкрэсліць, якое стаўленне ў Юры было да маці. Своеасаблівае, цёплае і ў той жа час нейкае раўнівае, з глыбінным клопатам пра яе і нявіннымі капрызамі, як у сынулі-пястунчыка. Ён дзяліўся з ёю многімі сваімі думкамі, планамі, шмат распавядаў ёй пра сяброў, знаёмых літаратараў. Мама адказвала Юры тым жа: усёпаглынальнай цеплынёй і любоўю. Яна памятала ўсіх, хто хоць раз бываў у іх дома, і, зусім не раскашуючы, імкнулася разам з сынам выказаць у такія хвіліны максімальную гасціннасць.
А.Б.: — Вядома, усё сказанае вышэй ні ў якім разе не можа лічыцца вычарпальным адказам на пытанне «Што гэта за постаць — Юры Гумянюк?» — усяго толькі некалькі высноў, зробленых на падставе нашага амаль дваццаціпяцігадовага знаёмства-сяброўства-прыяцельства. За такі кароткі тэрмін усе таямніцы душы паэта ніхто не спасцігне, тым болей іншы паэт.