Як 25‑гадовы Алесь уратаваў ад знікнення калекцыю беларускіх экспанатаў. Ён нарадзіўся і вырас у Германіі, але гаворыць па-беларуску

Уратаваная калекцыя — беларускія экспанаты, сабраныя пасля вайны Юр’ем Попкам, эмігрантам той хвалі.
Сёння тое, што ўдалося выратаваць, ужо ў Вільні — у Беларускім музеі імя Луцкевіча.

Даць калекцыі другое жыццё ўдалося дзякуючы беларускай супольнасці ў Германіі. Ініцыятарам стаў Алесь Маісеенка — актывіст аб’яднання беларусаў RAZAM e.V.

Алесю 25 гадоў, ён працуе журналістам на розныя медыя, у розны час — на нямецкія, беларускія і ўкраінскія, піша Наша Ніва.

Alieś Maisiejenka Алесь Маісеенка на акцыі ў Варшаве. Тут і далей фота Алеся Маісеенкі


«Я нарадзіўся і вырас у Германіі, але мае бацькі з Беларусі. Яны былі актыўнымі ў 1990-я, удзельнічалі ў Беларускім народным фронце, збіралі подпісы за Зянона Пазняка. Таму мяне заўсёды цягнула да беларускай тэмы», — расказвае ён «Нашай Ніве».

Алесь выдатна размаўляе па-беларуску. Кажа, што для яго бацькоў было вельмі важна, каб ён з дзяцінства хаця б разумеў беларускую мову.

«Бацька быў беларускамоўным, з маці раней па-расейску размаўляў, потым з ёй таксама перайшлі на беларускую. Пасля 2014 года, калі пачалася вайна на Данбасе, я пачаў больш цікавіцца гісторыяй Усходняй Еўропы. Менавіта тады палепшыў сваю беларускую мову», — згадвае наш суразмоўца.

Яшчэ школьнікам Алесь даведаўся пра прыватны беларускі музей у нямецкім горадзе Ляймен, які ў 1982 годзе ў сваім доме заснаваў эмігрант Юрый Попка. Дзесяцігоддзямі Попка збіраў кнігі, дакументы, фотаздымкі і прадметы беларускай культуры, ствараючы ўнікальную калекцыю беларускай дыяспары ў Еўропе. Дзякуючы падтрымцы іншага вядомага беларуса Барыса Кіта гэты музей нават стаў афіцыйнай славутасцю горада.

Але пасля смерці Попкі музей закрыўся, а калекцыю разабралі.

Музей, які «склалі ў скрыні»

Пасля смерці Попкі горад, які паводле дамовы павінен быў даглядаць музей, фактычна ад гэтай адказнасці ўхіліўся.

«Я напісаў ім у 2017 годзе, спытаў, ці можна наведаць музей. Мне адказалі: не, яго закрылі, бо не было наведвальнікаў. Усе экспанаты проста запакавалі ў скрыні і перадалі на склад», — згадвае Алесь.

Паводле тэстамента Попкі калекцыя заставалася ўласнасцю горада, і толькі незалежная Беларусь магла вырашаць яе лёс. Алесь прапаноўваў перавезці экспанаты ў іншыя музеі, у Вільню ці Лондан, але атрымаў адмову. Потым яшчэ адну. І на некалькі гадоў гісторыя проста замерла.

Трэці раз ён напісаў ужо амаль без надзеі, хутчэй, «у пустэчу»: хацеў хаця б паглядзець, што засталося ад калекцыі. І раптам атрымаў адказ: прыязджайце.

«Для мяне гэта было нечакана. Пасля дзвюх адмоў я ўжо не спадзяваўся, што яны пагодзяцца. Я нават не прасіў перадаць калекцыю — проста хацеў паглядзець, што там засталося», — кажа ён.

Як высветлілася, у горадзе змяніўся бургамістр — і рашэнне прынялі літаральна адным подпісам.

Калекцыю шукалі па складах

Калі супрацоўнікі адміністрацыі пачалі шукаць калекцыю, высветлілася, што нават яны самі не ведаюць, дзе яна знаходзіцца.

«Рэчы захоўваліся ў розных памяшканнях. Іх літаральна шукалі для мяне», — расказвае Алесь.

Знайшлі не ўсё. Частка экспанатаў знікла. У адно з памяшканняў нехта ўварваўся, забраў некаторыя рэчы і разбіў вокны — і вада ад дажджоў пашкодзіла частку калекцыі.

«Калі параўноўваць фотаздымкі 2007 года і тое, што мы знайшлі, — розніца вялікая. Шмат чаго ўжо няма. І нават поўнага спісу таго, што павінна было захоўвацца ў калекцыі, не існавала», — адзначае Алесь.

«Мы ратавалі тое, што яшчэ можна было ўратаваць»

А далей пачалася амаль ручная праца па разбіранні руінаў: шукаць, супастаўляць, пераправяраць і збіраць гісторыю літаральна па кавалках. Алесь дасылаў старыя фотаздымкі музея, каб супрацоўнікі маглі пазнаць экспанаты. У апошні момант знайшлі нават бюст самога Юрыя Попкі.

Усё, што ўдалося сабраць, вывезлі ў Вільню.

«Мы з бацькам проста загрузілі машыну і адвезлі ўсё. Было б добра, вядома, каб гэтыя рэчы захоўваліся ў Германіі. Але для гэтага тут проста няма адпаведнай інфраструктуры — ні падобнага музея, ні спецыялістаў, якія маглі б гарантаваць належнае захаванне, апісанне і працу з экспанатамі», — кажа ён.


Ekspanaty kaliekcyi
Экспанаты калекцыі


Ekspanaty kaliekcyi
Экспанаты калекцыі


Ekspanaty kaliekcyi
Экспанаты калекцыі

Калекцыю прыняў Беларускі музей імя Луцкевіча, дзе яе цяпер будуць прафесійна апісваць і захоўваць. Дапамаглі і іншыя: Фундацыя Крачэўскага ў ЗША пакрыла выдаткі на паліва, далучыліся і людзі з супольнасці «Разам» — у тым ліку тыя, хто дапамог даставіць асобныя экспанаты.

«Без іх гэта дакладна не атрымалася б», — прызнаецца Алесь.

Alieś Maisiejenka
На ганку Беларускага дома ў Вільні з выратаванымі экспанатамі

Для Алеся гэтая гісторыя не толькі пра рэчы.

«Як беларус, які нарадзіўся ў Германіі, я вельмі цікаўлюся гісторыяй беларускай дыяспары. І гэта ўнікальная з’ява — фактычна адзіны такі музей, які існаваў тут».

Ёсць і асабістая сувязь: Алесь быў знаёмы з Барысам Кітом.

«Тое, што мы асабіста былі знаёмыя з Барысам Кітом, ездзілі да яго ў госці, таксама паўплывала на гэту ініцыятыву. Прыемна адчуваць, што мы ў нейкім сэнсе працягваем яго справу і змаглі выратаваць хаця б частку гэтай калекцыі — каб яна стала даступнай для іншых беларусаў, каб праз яе можна было вывучаць гісторыю Беларусі і беларускай дыяспары», — дадае Алесь.

Alieś Maisiejenka
Алесь Маісеенка ў гасцях у Барыса Кіта (2012 год)

Ідэальны сцэнар — вяртанне ў Беларусь

Менавіта так хацеў Юрый Попка: у сваім тэстаменце ён марыў, каб калекцыя калісьці апынулася ў незалежнай беларускай дзяржаве.

Пры гэтым спробы вярнуць калекцыю ў Беларусь ужо былі. У пачатку 1990‑х тагачасны амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пётра Садоўскі цікавіўся магчымасцю перавезці яе на радзіму. Але пасля змены ўлады ў 1994 годзе гэтая ідэя не атрымала працягу.

«Мы спадзяёмся, што прыйдзе дзень, калі Беларусь стане вольнай, і гэтыя рэчы можна будзе перавезці туды. Магчыма, у Пружаны, адкуль родам Юрый Попка», — кажа Алесь.

Пакуль жа Вільня — геаграфічна найбліжэйшы да Беларусі пункт.

Biust Juryja Popki
Экспанаты калекцыі. Бюст Юрыя Попкі

Паралельна супольнасць беларусаў у Германіі спрабуе рэалізаваць і іншыя культурныя ініцыятывы. Напрыклад, у Франкфурце хочуць усталяваць мемарыяльную дошку ў гонар Васіля Быкава — там ён жыў, як і Барыс Кіт, з якім яны былі знаёмыя.

«Мы падавалі гэтую ідэю гарадской радзе яшчэ ў верасні, але пакуль чакаем адказу. Нямецкая бюракратыя — гэта таксама выклік», — адзначае Алесь.

Тым не менш у «Разам» плануюць і далей займацца культурнымі праектамі:

«Хочам, каб у Германіі лепш разумелі, што Беларусь — гэта не толькі пра палітыку, але і пра культуру, пра людзей і гісторыю».

Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.

Вось як можна гэта зрабіць