«Традыцыі — такі клей для даху, каб ён не з’ехаў праз усё гэтае жыццё». Марыя Грыц пра Велікодны маст хэв

02.04.2026
Чым пахне беларускае шчасце? Чаму пляценне павукоў — гэта сапраўдны дзэн, а велікодныя традыцыі — гэта не толькі і не столькі пра рэлігію, а пра «ўтульнасць, забавы, доўгія размовы і супольнасць»? Пра гэта піша Марыя Грыц, а для тых, хто не ведае велікодных традыцый, прапануе просты чэк-ліст, як адзначыць свята ў фармаце «пражытковы мінімум» альбо ў «лакшары-варыянце».

Maryja Hryc
Марыя Грыц

Я абажаю, калі каталіцкая Вельканоц і праваслаўны Вялікдзень не супадаюць па датах. Гэта значыць доўгае, павольнае, прыгожае святкаванне. Не адзін дзень, а цэлы стан.

Прызнаюся, я не рэлігійны чалавек. Я нават не ўпэўненая, у які бок у якім храме хрысціцца. Але для мяне ў гэтым свяце істотнае іншае: нашыя дахрысціянскія, лакальныя, сямейныя практыкі. Увогуле традыцыі — такі клей для даху, каб ён не з’ехаў праз усё гэтае жыццё. Натуральна, няма калі раскісаць: толькі адгукалі вясну — ужо час рыхтавацца да Вялікадня.

Беларускі дзэн

У нас дома з яйкамі асабліва не замарочваліся, а фарбавалі ў шалупінні цыбулі, без выкрутасаў. Лічылася, што чым цямнейшае яйка — тым круцей. Можна памазаць алеем для бляску.

jajki-01.jpg

Пісанкі з’явіліся ўжо ў маім дарослым жыцці. У музеі ў Раўбічах цудоўная майстрыха ладзіла майстар-клас, і на яго прыйшлі толькі мы з сяброўкамі. Нас было мала, і яна магла расказваць доўга, спакойна і ад душы.

І вось тут адкрыўся іншы свет.

Пісанкамі не гуляюць у біткі. Яны для іншага. Іх дораць, імі ўпрыгожваюць хату, імі нават можна варажыць. 

Ёсць яшчэ драпанкі — але гэта ўжо для людзей з асобным узроўнем цярпення: бярэш цёмнае яйка і іголкай выводзіш узор. Павольна, уважліва, амаль медытатыўна. 

Для дзяцей выдатна пасуюць кропанкі. Калі на скарлупу кропаюць воскам, апускаюць у фарбу і атрымліваюцца такія рабыя, смешныя, ідэальна неідэальныя яйкі.

Jajki

Яшчэ на Вялікдзень плялі саламяных павукоў — чарговы беларускі дзэн. 

Такія рэчы не робяцца на хуткую руку. Тут трэба спыніцца, супакоіцца, нават суцішыцца. І праз рукі, праз паўтарэнне, праз матэрыял — разабраць свае думкі.

У пакоі пахне воскам. Рукі выводзяць узоры, як калісьці рабілі бабулі і іх бабулі. І гэта зазямляе лепей за любыя псіхалагічныя практыкі — нават калі вынік крывы і зусім не такі, як вы ўяўлялі ў галаве.

А калі ў гэты час яшчэ і булкі пякуцца, і да паху воска дадаецца ваніль... Напэўна, так пахне звычайнае беларускае шчасце.

Не рэцэпт, а магія

Дарэчы, пра булкі. Аднойчы мяне папрасілі падзяліцца рэцэптам, і я ажно разгубілася. Бо гэта не рэцэпт, гэта магія: у цёплым малацэ разводзіш цукар і дрожджы, заліваеш муку маслам, месіш цеста, пакуль яно не нагрэецца ад рук і не перастане ліпнуць да стала. Дадаеш гарэхі, мак, разынкі, мммм...

Ой, дзеля ўсіх святых і багоў, не кажыце мне ў гэтыя дні пра глютэн і ПП. Вось вам факт: велікодныя булкі не адкладаюцца на баках — яны сілкуюць душу.

Як і ў любой сферы, тут ёсць свае трэнды. Адзін год яйкі фарбавалі ў віне — бліскучыя, як скарбы. Былі эксперыменты з каркадэ — яйкі цмока. Сёлета, бачу, у моду ўвайшло сусальнае золата. З булкамі тая ж гісторыя: то яе пяклі на манер нямецкага штолена, потым былі эксперыменты з глазурай розных колераў, пасля таго з’явіліся варыянты з бізэ і марцыпанамі, сёлета модна начыняць булку салодкімі дзіпамі.

І гэта, дарэчы, вельмі прыгожа: калі побач існуюць спрадвечная традыцыя і яе сучаснае прачытанне. І як бясконца міла атрымаць у падарунак духмяную булачку і каляровае яечка!

bulki-01.jpg

Але галоўнае — гэта стол

У маёй сям’і на Каляды і Вялікдзень заўсёды збіраліся максімальнай колькасцю. І гэта было не пра рэлігію, бо мы не ўсе вернікі, а больш пра ўтульнасць, забавы, доўгія размовы і падлічванне: праз каго нас за сталом стала больш, а каго ўжо няма і трэба памянуць.

Дарэчы! Вы даўно засцілалі стол абрусам?

Вялікдзень — ідэальная нагода гэта зрабіць. Дастаць сурвэткі, начысціць відэльцы, можа нават купіць прыгожыя бакалы. Дазволіць сабе дбаць пра эстэтыку моманту нават у часы, калі не да штодзённай прыгажосці.

І пра супольнасць. Каб дзеці біліся яйкамі. Каб пераапраналіся ў трусікаў (няхай гэта і не наша традыцыя). Каб дарослыя, нагаварыўшыся, раптам зацягнулі валачобныя песні.

Я пішу гэта — і ў мяне ажно душа трымціць.

Для кагосьці гэта яшчэ і пра царкву, пра кошыкі, пра ўрачыстасць. І ў гэтым таксама ёсць нешта вельмі гаючае.

Але нават калі не — Вялікдзень усё роўна магчымы.

Не ведаеце, як святкаваць? Давайце чэкнем, што для гэтага трэба!

Пражытковы мінімум:

стол, некалькі крэслаў і настрой.

Булку можна купіць — гэта не ідэальна, але лепш, чым нічога.

Яйкі можна пафарбаваць у шалупінні цыбулі або простымі фарбамі. Можна зрабіць з гэтага нават цэлую імпрэзу для сваіх і гульню: конкурс на самае прыгожае або самае дзіўнае яйка.

Сесці за стол, адкаркаваць віно... А далей — як пойдзе.

Лакшары-варыянт:

запекчы гуся, прадумаць дызайн стала, выбраць колеры адзення, сабраць усіх. У гэтай гісторыі няма правільнага сцэнару.

Можа, вы задаецеся пытаннем: нашто столькі клопату ў і без таго перагружанай штодзённасці?

Днямі размаўляла з чалавекам, які мне распавядаў свае лайфхакі, як паскорыць бег часу. Ён так і сказаў: «Так жыццё праходзіць хутчэй». І ад гэтых словаў стала літаральна горка.

Мая альтэрнатыва яму — салодкая булка. 

Бо традыцыя не жыве сама па сабе. Яна жыве, калі хтосьці пячэ, збірае людзей, тлумачыць сімвалы дзецям, перамагае іх у біткі ці паддаецца, фарбуе яйкі — нават калі можна было б і без усяго гэтага. Менавіта такія «клопаты» акурат і падаўжаюць час, і разнастайваюць шэрыя будні, і дадаюць сэнсу твайму існаванню.

Бо, шчыра, можна і без гэтага. Але з гэтым — значна цікавей жыць.

Марыя Грыц, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org

________________________________________________________________________

Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.

Вось як можна гэта зрабіць