«Генералісімус кардонны». Як сталічны рэстаратар ператварыўся ў youtube-змагара з уладай

Кінакрытык Тарас Тарналіцкі разбірае на budzma.org медыйны феномен ролікаў, якія пачаў ствараць Вадзім Пракоп’еў пасля ад’езду з Беларусі. 


Сапраўднае жыццё цікавейшае за любое, нават самае неверагоднае кіно.

Гэтая думка ўсё часцей з’яўляецца ў беларусаў, чыю рэфлексію цяпер падагравае наша рэчаіснасць. Колькасць драматычных навінаў і нечаканых учынкаў падчас сёлетніх выбараў прэзідэнта ўжо пераплюнулі самыя мудрагелістыя сцэнары такіх хітовых серыялаў, як «Картачны домік» ці «Заходняе крыло».

Чытайце таксама: Чаму не ўсе прыхільнікі зменаў падтрымліваюць Ціханоўскую?

Лічыце самі. Шматтысячныя мітынгі праходзяць па ўсіх рэгіёнах Беларусі. Нікому не знаёмая хатняя гаспадыня Святлана Ціханоўская, жонка апазіцыйнага блогера Сяргея Ціханоўскага, літаральна за два месяцы фактычна робіцца прафемінісцкім сімвалам магчымых пераменаў. Спалоханы Лукашэнка асабіста ездзіць па гарадах і запэўнівае электарат, што ў яго насамрэч няма рэкордна нізкага рэйтынгу. Грамадства выразна дзеліцца на «сваіх», праўладных, і ўсіх астатніх, «чужых». Што і казаць, такой фактуры больш чым дастаткова, каб зняць шмтасерыйны палітычны трылер.

Але бадай што найбольш кінематаграфічнай падзеяй аказалася ператварэнне знакамітага мінскага рэстаратара Вадзіма Пракоп’ева ў інтэрнэт-рэвалюцыянера, які з’ехаў з краіны спачатку ў Турцыю, а затым ва Украіну. Яго шматсерыйныя чорна-белыя выступы, адрасаваныя прэзідэнту і простым людзям, адразу справакавалі ў сацсетках бурныя дыскусіі наконт матываў і мэтаў аўтара. Паспрабуем разабрацца, з чаго ж складаецца медыйны феномен свежаспечанага змагара.

Манахромныя тытры адлічваюць пяць хвілін — і на экране з’яўляецца наш герой, апрануты ў белую кашулю са шлейкамі і гальштукам. «Я ведаю, што ў цябе ў галаве», — свідруючы цябе вачыма, кажа ён. І акустычнае рэха словаў у бетонным сутарэнні, пераўтворанага ў дэкарацыю ці то журналісцкай радыёстудыі (на пісьмовым стале ёсць мікрафон), ці то ў кабінет амерыканскага дэтэктыва пасляваенных часоў, амаль грыміць.
У вочы адразу кідаецца вялікая любоў да візуальнай культуры галівудскага кіно, яго «залатога веку», калі папулярным быў жанр трывожных нуар-фільмаў. Рэстаратар у вобразе «крута зваранага» дэтэктыва з кніжак Дэшыла Хэмета ці фільмаў Білі Уайлдэра пафасна прамаўляе эмацыйныя абвінавачанні ў бок уладаў. Відавочная тэатральшчына патрэбная яму, каб стварыць імідж жорсткага мужыка, усё яшчэ папулярны ў нашым грамадстве архетып альфа-самца. Гэты вобраз Пракоп’еў выкарыстоўвае ў якасці зброі супраць нахабнасці Лукашэнкі, які таксама вядзе сябе развязна і любіць адкрыта абражаць апанентаў. Апафеозам спаборніцтва ў брутальнасці стаў выклік за абразу кіраўніка дзяржавы на баксёрскі бой, які відавочна быў праігнараваны.

Эмоцыі эмоцыямі, але ў чым сэнс уваходу ў жорсткі клінч з Лукашэнкам?

Канспіролагі з сеціва адразу пачалі падазраваць Пракоп’ева ў кан’юнктуры і мэтанакіраваным назапашванні палітычнага капіталу, які можа спатрэбіцца, калі цяперашняя вертыкаль улады разваліцца. Рэстаратар і сам падліў алею ў агонь, выказаўшы ў інтэрв’ю Радыё Свабода жаданне стаць мэрам Мінска, калі тая магчымасць узнікне. Тым больш імавернай бачыцца ўнутраная патрэба Пракоп’ева насаліць раздражняльнаму прэзідэнту.

Гэта відавочна, калі прагледзець яго ранейшыя інтэрв’ю і ўласныя калонкі, у якіх заўважная, няхай і стрыманая, незадаволенасць уладамі, што праз пандэмію каранавіруса і праблемы з эканомікай урэшце вылілася ў майскі відэазварот да пацярпелых бізнесоўцаў аб неабходнасці аб’яднання. А калі рэстаратар прадаў уласны бізнес у Мінску і вырашыў пераехаць на працу ў Сінгапур пасля адкрыцця межаў, дык увогуле перарасла ў нянавісць на асабістым узроўні.

Траплянне ў палітычны кантэкст і цікавасць СМІ адразу зрабілі з відэавендэты Пракоп’ева вялікага змагара з уладамі, як і шэраг іншых грамадскіх асоб. Праўда, запушчаны канвеер па стварэнні ўсё новых выпускаў хутка ператварыўся ў самалюбаванне і перастаў цікавіць пратэстную аўдыторыю.

Але паглядзім, куды гэты серыял яшчэ выруліць.

Тарас Тарналіцкі, budzma.org


Сачыце за нашымі публікацыямі ў TelegramFacebookВконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!