6-7 верасня пад Мінскам адбудзецца пяты па ліку фолк-фэст “Камяніца”. У гэтым годзе ўпершыню свята народных традыцый, сучаснай музыкі і выдатнага настрою адбудзецца ў пашыраным фармаце пры падтрымцы ААТ “Банк БелВЭБ”.
6 верасня фэст адчыніць “Сяброўская вячэра”, на якой збяруцца ўдзельнікі фэста за ўсе пяць гадоў. Гасцей чакае прэзентацыя маляўнічай кінастужкі “Гісторыя беларускай страўні”, кулінарны майстар-клас ад страўні “Камяніца” з дэгустацыяй, а таксама музыка. Падчас імпрэзы адбудуцца міні-прэзентацыі альбомаў гуртоў “Палац”, “Аляксандра і Канстанцін” і Ірэны Катвіцкай. Музычны хэдлайнер вечара – гурт Shuma, які спалучае фолкавыя спевы з сучаснай электронікай.
– “Сяброўская вячэра” – эта магчымасць для артыстаў сустрэцца і распавесці адзін аднаму апошнія творчыя навіны і проста пагутарыць пра жыццё,што ў звычайныя фестывальныя дні зрабіць немагчыма. Для аматараў беларускага фолку гэта магчымасць атрымаць аўтографы ад лідараў беларускай фолк-сцэны, паразмаўляць з імі і задаць наўпрост свае пытанні, – распавядае каардынатар фестывалю Сяргей Чагрынец.
7 верасня – вялікі фестывальны дзень. На галоўнай сцэне выступяць вядомыя беларускія гурты “Палац”, “Стары Ольса”, Guda, а таксама замежныя госці: “Даха-Браха” (Украіна), Orkiestra Sw.Mikolaja (Польшча), Hvarna (Расія) і “Фолкнери” (Україна). На малой – дзіцячыя фолк-калектывы з розных куткоў краіны.
– На мой погляд, гэта самы зорны склад выступоўцаў за ўсе 5 год. Хэдлайнеры вельмі розныя па стылістыцы, але кожны з іх – сапраўдная з’ява ў сваёй краіне, вельмі ўплывовыя постаці. Запрасіць іх хацелі і раней, але зараз было прасцей вырашыць усе пытанні, таму што фестываль ужо мае вядомасць за мяжой. Наша асобная падзяка Інстытуту Польскаму за дапамогу ў арганізацыі выступу Orkiestra Sw. Mikolaja, – адзначае Сяргей Чагрынец.
Акрамя гэтага гледачоў чакаюць выставы, забавы, танцы і кірмаш. Грошы за ўваход як заўжды ідуць на рахункі Музею народнай архітэктуры і побыту, дамапагаючы захоўваць драўляныя экспанаты 18-20 вякоў. Уваход у нацыянальных строях бясплатны.
6 верасня – фолк-фэст “Камяніца”: “Сяброўская вячэра”. Пачатак: 18.00. Даведка/замова: (029) 394 51 21.
7 верасня – фолк-фэст “Камяніца”. Пачатак: 12.00. Кошт квіткоў: 30 тыс. руб. Даведка/замова: (029) 394 51 21.
Месца правядзення: п.Азярцо (4 км. за аўтарынак “Малінаўка), Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту
Як даехаць:
– На асабістым аўто альбо ровары (з роварам можна ўвайсці на тэрыторыю фестывалю).
– Рэйсавымі аўтобусамі 203, 262, 363, 277, 325, 357 ад аўтастанцыi “Паўднёва-Заходняя”.
– Фестывальным аўтобусам (толькі 7 верасня) ад прыпынка “Малінаўка 6” (скрыжаванне вуліц Слабадской і Громава) з 11.30 да 14.00. У накірунку Мінска аўтобусы курсуюць з 20.30 да 23.00. Праезд бясплатны.