Прафесія надзьмувальніка паветраных шароў нялёгкая. Асабліва калі надзьмуваеш пяць тысячаў шароў з лагатыпам генеральнага спонсара для Ночы Музеяў у родным горадзе. Менавіта гэтым займаліся ў калідорчыку выставачнай залі г. Вялейкі позна ўвечары 22 мая.
Упершыню ў гісторыі гораду 22-23 мая адзначалі сусветную Ноч Музеяў. Праўда, са спазненнем на тыдзень: давялося перанесці праз смерць аднаго з вядомых у горадзе людзей – Анатоля Шагава, былога дырэктара музычнай школы.
Усяго ў Вялейцы два музеі – краязнаўчы і выставачная заля імя Н. Сільвановіча. У краязнаўчым музеі можна было паглядзець сталую экспазіцыю. Экскурсаводы распавядалі цікаўным пра экспанаты. Да цікаўных жа адносіліся тыя, хто не пайшоў на пл.Свабоды слухаць канцэрт. А такіх было багата, бо, у адрознене ад выставы, за канцэрт трэба было плаціць; ды й колькасць квіткоў была адмежаваная.
Дз.Руды, гран пры “Ты – суперстар!”
Каля выставачнай залі ладзілі сапраўднае шоў: у форме тэатралізаванай пастаноўкі прагучала ўся гісторыя гораду. Сёлета гораду спаўняецца 550 год, і яго дзень народзінаў быў “лейтматывам вечару”, як сказаў Сяргей Ганчар, дырэктар выставачнай залі і арганізатар. Элементы расповеду перамяжоўваліся вакальнымі выступамі удзельнікаў конкурсу “Ты суперстар!”.
70 год радыё
Яшчэ адзін юбілей не застаўся незаўважаным – у мінулым годзе вялейскаму радыё споўнілася семдзесят год. Анатоль Занкавіч, якіў значальвае гэтае радыё, уручаў прызы ад радыё. Першым узнагародзілі Анатоля Рогача ў намінацыі “Асоба”. Анатоль Рогач – вялейскі краязнаўца і гісторык, які шмат зрабіў для вывучэння гісторыі гораду. Сёння яго няма ў жывых, таму прэмію ўручалі сваякам.
гурт The Маркі
Канцэртную частку прагармы склалі выступы Ганны Шаркуновай і Германа, беларускіх эстрадных выканаўцаў, Ксанты – спявачкі з Літвы, а таксама гурта “The Маркі” з Баранавіч. “The Маркі” выступалі як хэдлайнеры і фактычна былі адзіным калектывам з цалкам жывым гукам. Гледачы маглі таньчыць пад песні Лепрыконсаў, Ляпіса Трубяцкога ды іншых у выкананні гэтага гурта.
Гледачы
Нягледзячы на тое, што ўваход быў платны, на канцэрт было папярэдне прададзена больш за тысячу квіткоў. Гэта кошт добрых святла і гуку, якіх звычайцна бракуе. Затое шарыкі з лагатыпам Velcom раздавалі ўсім задарма. Шмат хто прыйшоў паглядзець і паслухаць вонкі, за агароджай і “КПП”, які пасля выбуху ў Менску сталіся абавязковым атрыбутам масавых мерапрыемстваў. Краязнаўчы музей даўно не бачыў такой колькасці наведнікаў, і гэты вечар для яго – добры піяр – небаходная акцыя: у Вялейцы не такая ўжо бурлівая цікавасць да выставаў, збольшага наведнікі – гэта сталая аўдыторыя, пэўныя людзі.
Сяргей Ганчар, арганізатар
Сярэдні ўзрост арганізатараў святкавання склаў менш за 30 год, і яны намагаліся зрабіць праграму як мага больш цікавай для моладзі. На пытанне – як узнікла ідэя зрабіць падобнае ў Вялейцы, – Сяргей Ганчар распавёў, што яшчэ ў студэнцтве прачытаў у часопісе пра нямецкую традыцыю раз на год ладзіць ноч, падчас якой можна бясплатна глядзець усе выставы. Праз год пяць беларускія музеі таксама падхапілі гэтую традыцыю. Вялейка далучылася да іх.
Арганізатары былі прыемна ўражаныя, наколькі жыхары гораду патрымалі ідэю свята, і мяркуюць: гэта паказчык таго, што падобнага не хапае людзям. Ноч Музеяў, праведзеная не ў сваю ноч, сталася ня толькі часам Ч для наведнікаў выставачных заляў, але і святкаваннем дня народзінаў гораду.
У краязнаўчым музеі
Тэгі: Вялейка