Іванка не прыйшоў, Іванка не прыйшоў — я да яго пайду!
Ура, ён напісаў! І прапанаваў сустрэцца! Ці, можа, пазваніў? Дзяўчаты, ведайце: калі ў эпоху сацыяльных сетак і дыстанцыйнай камунікацыі хлопец вам пазваніў — гэта він! Але святкаваць перамогу і складаць спіс гасцей на вяселле яшчэ рана. Певень толькі пачаў бегчы за курыцай, і аддавацца ў ягоную ўладу пакуль што заўчасна.
Менавіта на гэтым этапе — на прызначэнні першага спаткання — і закладаецца падмурак дачыненняў. Вызначаюцца правілы, паводле якіх пойдзе гульня (і не гульня, а жыццё, абыдземся без метафары). Паводзіцца трэба так, каб певень ніколі не дагнаў курыцу, іначай ён здаволіцца і пабяжыць за іншай. І гэта ўжо не метафара: нават у шлюбе нельга скарачаць дыстанцыю настолькі, каб злівацца ў адзінае цэлае.
Пакажам на прыкладзе першы прыватны дыялог:
— Давай з табой як-небудзь куды-небудзь сходзім!
Няправільны адказ:
— Так, я заўтра вольная! (Ды я і цяпер вольная! Давай хутчэй сустрэнемся!)
Правільны адказ:
— Давай.
— Што ты робіш заўтра ўвечары?
Няправільны адказ:
— Нічога, давай сустрэнемся заўтра! (Ну вось я яе і дагнаў, сумна думае певень.)
Правільны адказ:
— Заўтра я занятая.
У прынцыпе, гэтага дастаткова, але можна і ўдакладніць: у мяне курсы санскрыту, мы з сястрой ідзем на канцэрт, я рабіцьму шпакоўню. Галоўнае не баяцца, што хлопец перастане вас запрашаць. Варта перачытаць нагоды, з якіх ён не хоча сустракацца, і забыцца на яго. А здаровы хлопец, якому вы спадабаліся, мусіць прайсці горы, акіяны і пустэльні, але знайсці вас хоць пад зямлёй.
Дык няхай дзейнічае! Яму гэта падабаецца. Ён гэтага прагне. Ён пачуваецца Сапраўдным Мужчынам, і не трэба пазбаўляць яго (і сябе) гэтага задавальнення.
Але ёсць, ёсць сярод нас таленавітыя дзяўчаты, якія не ведаюць сэнсу слова “каханне”. За каханне да канкрэтнага жывога чалавека яны прымаюць сваю нерастрачаную прагу пяшчоты і непамерна раздзьмутыя фантазіі — і ахвярай гэтага пачуццёвага цунамі робіцца — “на каго бог пашле” — першы сустрэчны. Дзяўчаты называюць гэта “безадказным каханнем”, і мы не будзем тут апісваць ягоныя сімптомы: кожная можа прыгадаць сябе ў веку чатырнаццаці-сямнаццаці гадоў. Бяда, калі жанчыны ў веку “пад трыццаць” заводзяць раз за разам гэтую кружэлку. Для тых, хто жыве і не разумее, чаму ў іх з кожным каханнем прыходзіць няшчасце, мы апішам сітуацыю так, як бачаць яе мужчыны. Аповед будзе жорсткі, але з добрым тэрапеўтычным эфектам.
Ці ёсць у вас мужчыны-сябры? Ці браты? Ці калегі — тыя, з якімі вы самі плаціце за сваю каву? Упэўненая, вы бачылі на іхным прыкладзе мужчынскую рэакцыю, калі жанчыны пачынаюць за імі бегаць.
Аднойчы мы з універсітэцкім сябрам сядзелі ў кавярні, і ягоны скайп зрабіў “піў-піў”: прыйшло паведамленне. (А мы, між тым, сядзелі разам перад ягоным ноўтам і пераглядалі фотаздымкі з вандровак.) Мой сябар змяніўся з твару, сказаў “О божа, зноўку яна!” — і спешна паставіў статус “афлайн”. Я неасцярожна пацікавілася, “хто яна”, і ў наступную хвіліну толькі чырванела ад сораму, бо на месцы гэтай дзяўчыны магла аказацца любая з нас. “Ды ёсць адна… Са страшнай сілай мяне любіць. Зацягнула мяне ў ложак (вось тут я і пачырванела) і ўсё піша, як я скайп ні адкрыю. А я ёй нават ніводнага спаткання не прызначаў!”
Дарагія дзяўчаты, тыя, хто вагаецца “пісаць ці не пісаць першай”! Калі б вы бачылі незадаволены твар майго сябра, вашыя ваганні зніклі б! Мужчына, за якім вы “бегаеце”, ніколі не ацэніць вашае любові; ніколі не пранікнецца пяшчотай і ўдзячнасцю за вашыя пачуцці. Ён будзе злаваць! Певень, за якім бяжыць курыца, сам уцякае. Што яна рабіцьме, калі дагоніць? Страшна ўявіць. Не, такім шляхам памножыцца нерэальна.
Нават самы нягеглы мужчына, самы батанічны батанік, самы няздатны няздара і мамчын сынок — кожны хоча сам заваяваць жанчыну. Адольваць перашкоды. Быць моцным. Прымаць рашэнні. Браць адказнасць. Але калі жанчыны не даюць ім ніводнай магчымасці праявіць сваю мужчынскую прыроду — што ім застаецца? Вось таму і з’яўляюцца ў вялікіх колькасцях “не гатовыя да сур’ёзных дачыненняў”, “безадказныя” і “слабыя”. Жанчыны самі псуюць сабе жыццё і дэвальвуюць жаночую годнасць і каштоўнасць сям’і.
Памятайце: мужчына не ацэніць вашага “безадказнага кахання”. Ён будзе злы і абураны; і паводзіны ягоныя ў дачыненні да вас будуць жахлівымі. Калі мала аднаго прыкладу, то прывяду яшчэ.
Адна дзяўчына закахалася ў музыканта. У незнаёмага. Убачыла на канцэрце. Перагледзела ўсе ягоныя выступы ў інтэрнэце. Знайшла агульных знаёмых, пазнаёмілася. Ёй бы лепш даведацца пра колькасць ягоных жонак і дзяцей, але магутны талент авансам кампенсаваў усе ягоныя хібы. У тым ліку і галоўную: музыканту гэтая дзяўчына ні ішла ні ехала. Ёй бы супакоіцца — але гарманальны рухавік “кахання” быў запушчаны. Дзяўчына пачала пісаць яму, “ставіць лайкі і рабіць рэпосты”, а таксама кідаць усе свае справы і ездзіць па ўсёй краіне на ягоныя канцэрты. Прыехала на чарговы канцэрт. Падарыла музыканту ружу (уявіце сабе: жанчына дорыць кветкі мужчыну!). І села ў парку чакаць, пакуль яе каханы выйдзе да яе (ружа, магчыма, была загавораная). “Каханы” ў той самы час не збіраўся нікуды выходзіць: ён цудоўна бавіўся разам са сваім гуртом у буфеце канцэртнай залы. Вечарэла. Надышла ноч. Дзяўчына на лавачцы ў цёмным халодным парку перажывала найвялікшую трагедыю ў жыцці, а яе абраны весела выпіваў у цёплым і светлым буфеце. І пад канец вечарыны хтосьці ў яго спытаў: “А куды ты ружу падзеў?”
— Нейкай бабе за барам аддаў! — злосна сказаў наш герой-каханак.
Нескладана ўявіць, якая роля была даручаная гэтай ружы. Ружа сімвалізавала ўсё найлепшае, найсвятлейшае, што мела дзяўчына ў сваёй душы. І што яна з гэтым зрабіла? Аддала, не думаючы, першаму-лепшаму. І добра, што толькі ружу.
Вельмі проста здагадацца, якой рэакцыі чакала дзяўчына, якая пісала майму сябру. “Хіба ты не бачыш, як я цябе люблю? Я пішу — добры вечар, а трымаю ў сэрцы — я цябе кахаю! Зразумей жа і будзь маім. Хіба я горшая за астатніх? Хіба я не вартая любові?” І што яна атрымала? Мала таго што ён не адказаў, дык яшчэ і зганьбіў яе перад чужым чалавекам.
Вартая. Кожная з нас вартая найлепшага. Дзяўчаты, шануйце сябе і не разменьвайцеся на дробязі. Кожны з тых, хто вас так смяротна пакрыўдзіў, — насамрэч вельмі годны і добры чалавек. Проста вы няправільна паводзіліся — пераследавалі пеўня. А мусіць быць наадварот.
Але скончым гэтую сумную тэму: нам жа прызначылі спатканне! Хлопец паказаў упартасць, задаў яшчэ пяць пытанняў і даведаўся, што на наступным тыдні мы вольныя толькі ў пятніцу — гадзінкі на тры. І што цяпер рабіць? Заставайцеся на лініі.
Югася Каляда