У яе сэрцы — Парыж, у галаве — вецер, на целе — татуіроўкі. Гэта яна зрабіла падвеску “КАХАНАЯ”, чым увагнала ў мілату ўсю жаночую палову беларускамоўнай аўдыторыі Instagram. Дзяўчына-ювелір, якая не носіць упрыгожанняў, бунтарка і багаслоў Арына Гундэр распавядае пра тонкасці ювелірнай справы, ідэальных замоўцаў і сваю працу з буйнымі ювелірнымі дамамі Еўропы ў праекце “Ёсць Маладосць!“.
Я заўсёды ведала, што буду дызайнерам. Але паступала на нечаканую для большасці спецыяльнасць — я багаслоў. Вучылася спачатку ў Беларусі, потым у Еўропе. У мяне не самы лагодны характар, беларускім навучальным установам ён не падышоў.
Нягледзячы на тое, што мае бацькі не вельмі веруючыя, у мяне было царкоўнае дзяцінства: я хадзіла ў нядзельную школу пры саборы Пятра і Паўла, удзельнічала ў царкоўным руху, дапамагала як валанцёр на фестывалях. У мяне сваё ўяўленне пра царкву: і добрае, і дрэннае, бо даволі доўга я працавала ўнутры. Не магу сказаць, што я не веру ў Бога. Мне гэта па-ранейшаму цікава.
Уласна кажучы, у царкве мяне да дызайну і падштурхнулі. Там было шмат цікавых людзей навокал: мастакоў, майстроў. Я наведвала курсы кройкі і шыцця, цырульніцкага майстэрства, лямцу. Зусім нечакана ў маім жыцці з’явілася ювелірнае майстэрства…
Я ніколі не насіла ювелірных упрыгожанняў: яны мяне не цікавілі. Але шэсць гадоў таму я трапіла ў ювелірную майстэрню і зразумела, што малаткі і інструменты — гэта маё. Мяне ніхто не хацеў вучыць. Я хадзіла ў майстэрню і нудзіла: “Я так хачу, я так хачу”. Мне адказвалі: “Арына, гэта не дзявочая справа! Ты будзеш плакаць і кінеш пасля першага ж разу. Нават не пачынай!”. Мне тады было 20. Дастаткова доўга я проста хадзіла. Потым нарэшце мне сказалі: “Ты так доўга сюды цягаешся, што ўжо ўсё і так бачыла. Бяры вунь і рабі”. І ў выніку я проста пачала рабіць сама пад наглядам майстра. Я магла ўварвацца з раніцы ў майстэрню з нейкай ідэяй, мне давалі кавалак матэрыялу, і я пачынала сутаргава выразаць, рабіць… Калі ў пэўных выпадках я заходзіла ў тупік, бо растлумачыць, што хачу, магла, а зрабіць — не, майстар проста казаў: “Так, зараз усё зробім!”. І мы рабілі разам. Я магла нешта прыдумаць, а потым рабіць і перарабляць ідэю месяцамі. А потым неяк адразу пайшло.
Я па-ранейшаму рэдка нашу ўпрыгожанні, больш люблю глядзець на іншых. Пастаянна прыдзірліва шукаю, як іх можна перарабіць. Магу падысці і сказаць: а давай я вазьму і крыху падпраўлю вось гэтае ўпрыгожанне. Пастаянныя кліенты ўжо не здзіўляюцца.
Амаль выпадкова я засталася ў Парыжы. Проста не захацела з’язджаць ад сяброў. Хадзіла па ювелірных дамах з партфоліа, маўляў, я з Беларусі, хачу ў вас працаваць. У выніку на адну стажыроўку мяне ўзялі. Я трапіла ў адзін з найлепшых ювелірных дамоў, але пратрымалася там нядоўга: хутка зразумела, што хачу рабіць сваё. І прыняла рашэнне, што не буду нікому належаць, а працаваць як фрылансер: прадаваць гэтым самым дамам свой дызайн. І яны ці купляюць, ці не. Мне так цікава жыць. Гэта такі challenge, выклік. Калі б сядзела на попе роўна, я б ужо рабіла нейкую пэўную стылістыку, атрымлівала сваю заработную плату, у мяне былі б ужо муж і дзеці.. Але мне пастаянна патрэбна некаму нешта даказваць. У тым ліку і сабе. Я сустракаюся і гутару з велізарнай колькасцю людзей, супрацоўнічаю з рознымі ювелірамі, камандамі, часам удзельнічаю ў працэсе вытворчасці. Так працаваць складана. Але я проста аддаюся плыні.
А потым ненадоўга я вярнулася ў Мінск. Дагэтуль не магу з’ехаць. Я па-ранейшаму працую з Парыжам і Стакгольмам, але ў Мінску мне вельмі падабаецца. Гэта цудоўнае месца, каб вяртацца сюды пасля доўгіх падарожжаў і проста жыць. Тут падрасло новае пакаленне, якое змяняе горад. Яно стварае нешта новае, вучыцца рызыкаваць. Я не кажу пра вінныя бары, якія адкрыліся раптам усе разам. Але адкрываюцца студыі, маленькія крамы, з’яўляюцца ювеліры. Яшчэ 5 гадоў таму, калі я казала, чым займаюся, людзі вельмі здзіўляліся. З улікам таго, што школ ніякіх няма, а вучышся ты толькі ў прыватным парадку ў майстроў, у Мінску ўсё развіваецца досыць дынамічна.
Першы выраз, які мяне звычайна сустракае ў любой краіне свету, — “Ты яўрэйка?”. Гэта зразумела. Зрэшты, я немка. Маленькі дыктатар, у якога павінен быць ідэальны парадак… але пры гэтым вечны бардак, бо разам з тым я мастак.
Ювелірны бізнес вельмі закрыты. Сюды можна трапіць фактычна толькі праз сям’ю, атрымаўшы спадчыну. Праз тое, што я з Беларусі, у мяне іншае бачанне. Я самавучка. Не праходзіла класічную школу. І нават тыя школы, дзе я перыядычна вучуся, мне не даюць патрэбных навыкаў і ведаў. Я не гляджу адукацыйныя фільмы па ювелірнай справе. І не ведаю, як правільна. У мяне склаўся свой падыход. Мая самабытнасць. І гэта падабаецца замоўцам. Часта мяне завуць менавіта праз яе. Некаторыя ювеліры, з якімі мне даводзіцца працаваць, здзіўляюцца маім метадам. Для некаторых яны небяспечныя.
Ну і іншае. Я дзяўчына. А 80 адсоткаў ювеліраў у свеце — мужчыны. Дзяўчаты-ювеліры думаюць інакш, выкарыстоўваюць інструменты па-свойму, часам могуць і манікюрныя нажнічкі пусціць у справу.
Цяпер у большасці выпадкаў ювелір — гэта той, хто малюе, а потым на нейкім заводзе гэта друкуецца ў 3D. Я, напэўна, адна з нешматлікіх майстроў, хто працуе з інструментам. Гэта дастаткова цяжкая праца, але за гэта яна мне і падабаецца. Тут немагчыма спыніцца ў вучобе. Пастаянна патрэбна развівацца, спрабаваць нешта новае.
Я раблю рызыкоўныя дызайны. Мне падабаецца мінімалізм, raw-design (сыры дызайн). Тут шмат эмоцый, як мне здаецца. А яшчэ гэтыя ўпрыгожанні можна насіць кожны дзень. У Беларусі такое мала каму падыходзіць. Напрыклад, не так даўно я зрабіла медаль для Вадзіма Пракоп’ева (рэстаратар). Ён яго з гонарам носіць. Гэта адзін з тых рызыкоўных праектаў, якія ты робіш і атрымліваеш ад працы асалоду. Вядома, што масава такое не прадаецца. Таму я працую з ювелірнымі дамамі ў Еўропе, у прыватнасці з Францыяй. Там мой дызайн запатрабаваны.
Была аднойчы сітуацыя, калі дзяўчына сядзела насупраць, на ёй было ўпрыгожанне, зробленае па маім дызайне, і яна мне распавядала, што ў Беларусі такога няма. Было вельмі смешна.
Звычайна да мяне прыходзяць людзі, якія кажуць: Арына, мы хочам нешта такое, але што, дакладна не ведаем. Ты зрабі, а мы прыйдзем праз 2 тыдні і паглядзім. Я з імі размаўляю: мне патрэбна зразумець, чаго на самай справе хоча чалавек, што будзе насіць. Бо часта гавораць адно, а на ўвазе маюць іншае. І як прыемна пасля гэтага чуць: “Арына, тое, што ты зрабіла, мы носім пастаянна”. Вось гэта для мяне найлепшы камплімент. Часам я не пазнаю свае працы. Бо на кожным ювелірнае ўпрыгожанне выглядае па-свойму, дый само яно нібыта змяняецца. Гляджу на дзяўчыну і кажу: “Якія ў цябе завушніцы прыгожыя!” “Арына! — адказвае — гэта ж ты рабіла!” — “Сур’ёзна? Прыгожыя, так!”.
Я раскрываю характар чалавека з дапамогай упрыгожанняў. Гэта важна для мяне. І, уласна, таму я і не працую ў вялікіх кампаніях. Я не разумею, для каго ўсё гэта робіцца. Завушніцы DIOR pusets з перлінамі носяць усе: і студэнткі, і зоркі, і Клінтан.
Я шмат раблю і для бізнесоўцаў, і для хіпстараў. Я наогул вельмі люблю людзей з характарам, якія думаюць крэатыўна. Напэўна, яны падобныя на мяне: крыху бунтары, крыху кансерватары, але нестандартныя, яркія асобы, якія не баяцца ісці насуперак. Мае ідэальныя замоўцы — Аляксандра Салавейчык і Вадзім Пракоп’еў. Нават не замоўцы, а сябры, музы… Ювелірныя вырабы для іх — вынік нашага сяброўства.
Магчыма, нехта са мной не пагодзіцца, але беларускай ювеліркі няма. Няма харызматычных твораў, гледзячы на якія, можна сказаць: так, гэта беларускае. Ні школы, ні традыцый, ні знакавых асоб… Мы карыстаемся грэчаскімі, славянскімі, грузінскімі традыцыямі. А большасць нашай ювеліркі — гэта наогул перажытак савецкага мінулага. І вось тут, як ні дзіўна, часам можна знайсці штосьці цікавае. Асабліва гэта стала зразумела ў Францыі, калі я пераглядала ўзоры савецкага дызайну. Для іх савецкі дызайн — гэта цікава і прыгожа, бо незвычайна. Мне ўсе так і казалі: як добра, што ты не з Парыжа! Для французаў тое, што ты эмігрант, свежая кроў, — гэта толькі плюс.
Я не хачу спыняцца на Беларусі. Ні шоў-рум, ні майстэрню адкрываць тут не бачу сэнсу. Дый няма ў мяне мужа-алігарха, чый “Бэнтлі” я магла б прадаць, каб гэта зрабіць. А прыбытак прыносіць маленькая ювелірная вытворчасць не будзе. Няма попыту. Тут ёсць завод “Зорка”, для Беларусі гэтага досыць.
Людзі не пачалі сябе менш упрыгожваць, проста яны робяць гэта крыху інакш. Больш біжутэрыі, менш золата і брыльянтаў. Цяпер больш глядзяць на тое, як выраб зроблены. Не на матэрыял, як гэта было раней. Ювелірная біжутэрыя — гэта цікава, паўсядзённа.
Што да мяне, я люблю блышыныя рынкі, вінтаж. І ў мяне, як і ў любой дзяўчыны, ёсць маленькая скрыначка з упрыгожаннямі. Я іх, канечне, нячаста нашу, але… Ёсць некалькі добрых твораў Шанэль, мой настаўнік перыядычна дорыць мне ўпрыгожанні, а не так даўно я набыла падвеску ў Carrera.
Мне больш падабаецца ўпрыгожваць сябе татуіроўкамі. Дзяўчына-майстар, якая іх робіць, у нейкім сэнсе таксама ювелір. Яна робіць тонкую і прыгожую працу. У мяне пакуль не так шмат татуіровак, толькі 8, але найбліжэйшым часам я планую зрабіць на ўсю руку.
Мне патрэбна пастаянна пераязджаць. Для мяне гэта абсалютна нармальна. Калі мае сябры тэлефануюць, яны перш за ўсё пытаюцца: ты цяпер дзе? Ніхто, уключаючы мяне саму, не ведае, дзе я жыву. Я жыву там, дзе мой сабака. Куды ён — туды і я. Гэта мой паўнавартасны партнёр у мастацтве і жыцці.
Але калі б я вырашыла спыніцца недзе, гэта быў бы Парыж. Ён заўсёды ў маім сэрцы. І я думаю, што аднойчы я там застануся назаўсёды. Цяпер я там перыядычна бываю, працую, але там няма дома, кватэры, дзе б знаходзілася мая патэльня і пральны парашок.
У мяне цяпер праект з Берлінам, і нейкі час я планую пажыць там. У мяне быў доўгі перыяд Стакгольма, і мне там падабалася — гэта ідэальнае месца для жыцця з дзіцем: там чыста і ўсё для дзяцей. Абсалютна недзіцячае месца — Парыж. Там можна толькі тусавацца і працаваць. Шмат працаваць — па 12-15 гадзін у дзень.
У Еўропе ёсць меркаванне, што дызайнеры робяцца знакамітымі ў 35-40 гадоў. Гэта “залаты” ўзрост для прафесіі. У цябе ёсць вопыт, завершаныя праекты, пра якія з гонарам можна сказаць “гэта зрабіў я”, і ты яшчэ працаздольны. Мне 26, у мяне ўсё наперадзе. Мне трэба шмат вучыцца. І ранавата казаць “вось гэты пярсцёнак прыдумаў Лагерфельд, а суседні — мой”. У мяне няма вопыту. Але ведаеце, я сябе лічу нядрэнным ювелірам.
Кацярына Петухова