Маша нагадвае птушачку-пячураўку: мініяцюрная постаць, круглая галоўка, светла-русае карэ, якое надае твару яшчэ больш мяккасці. З гэтым вобразам не адразу “склейваецца” яе занятак: праваабарончыя івэнты ў горадзе-мільённіку. Маша – вымушаная перасяленка з Данецка. Больш за год яна жыве і працуе ў Львове. Раней дзяўчына была тут усяго пару разоў, але менавіта гэты горад аказаўся найбліжэйшы ментальна.
Кінапаказы пад мостам
– Слухай, я перажываю, што на “Донкульт” мала людзей прыйдзе: усё-ткі мёртвы сезон.
Мая гераіня прывяла мяне на дакументальны кінапаказ у офіс “Феміністычнай майстэрні”. Пакуль не пачаўся фільм, Маша абмяркоўвае са знаёмай актывісткай маштабны культурны форум “Донкульт”.
Цэлы чэрвень у Львове размаўлялі пра Данбас. Паводле розных дадзеных, толькі 30% украінцаў вандруюць унутры краіны – і мала ведаюць адно пра аднаго. Каб згладзіць небяспечныя прабелы і стэрэатыпы пра ўсход і захад, некалькі грамадскіх супольнасцяў арганізавалі “Донкульт”. Лекцыі, спектаклі, выставы, кінапаказы, дыскусіі, літаратурныя чытанні – актыўнасці на любы густ, і ўсе яны пра жыхароў і культуру Данбаса. Марыя – куратарка кінапраграмы.
Сярод нядаўніх актыўнасцяў Машы – візіт сем’яў з Краматорска ў Львоў у рамках абмену “Усход-Захад”. Яшчэ адзін праект – лагер “Будуем Украіну разам!”. Цягам тыдня моладзь з розных абласцей Украіны разам з нідэрландскімі валанцёрамі рамантавалі актавы зал сельскай школы на Львоўшчыне. Натуральна, працэс суправаджала культурная праграма штовечар.
– Сёння два гады, як мы зрабілі “32 мая”! – раптоўна згадвае Маша, калі мы вяртаемся з кінапрагляду.
У 2013 годзе Марыя разам з сябрамі зрабілі фестываль дакументальных фільмаў “32 мая” каля “Данбас-Арэны”. У дзень паказаў паліў зацяжны дождж. Арганізатары не разгубіліся – і перанеслі івэнт проста пад мост у парку. Гледачоў “нялётнае” надвр’е таксама не збянтэжыла: прыйшло некалькі сотняў людзей.
– Маша, што ты адчуваеш, калі прыгадваеш сваю дзейнасць у Данецку? – наважваюся спытацца я.
– Боль страты. Прыемна ўспомніць, але адначасова балюча.
Бацька – шахцёр, маці – украіназнаўца ў садку
Маша нарадзілася ў раённым гарадку, што амаль за 70 кіламетраў на захад ад Данецка. На момант напісання артыкула ад лініі фронту мястэчка аддзяляе троху больш за 20 кіламетраў. Прафесіі Машыных бацькоў даволі тыповыя для гэтага рэгіёну: бацька – шахцёр, маці – педагог у дзіцячым садку.
“Я добра памятаю мамін кабінет: усё ва ўкраінскім стылі”, – успамінае Маша.
Ва ўкраінскіх дзіцячых садках тады была пасада ўкраіназнаўцы. Маці нашай гераіні вучыла дзяцей быць маленькімі грамадзянамі: расказвала пра гісторыю Украіны, дзяржаўныя сімвалы, вядомых асобаў, мову, традыцыі.
Марыя пайшла ў звычайную школу, ва ўкраінскамоўны клас, дзе разам з ёй было 12 чалавек.
“На той час гэта не было папулярна, асабліва ў маім мястэчку, – тлумачыць яна. – У малых месцах выкладчыкаў не хапала, асабліва ўкраінскамоўных”.
Пасля быў Данецкі факультэт прыватнага Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Машу ў ім прывабіў кірунак “public administration”, яе бацькоў – даступныя цэны. У 19 гадоў дзяўчына паехала на студэнцкую канферэнцыю ў Камянецк-Падольскі.
“Гэта быў мой першы выезд у заходнюю Украіну! Там я пабачыла лідараў моладзевых арганізацый, актыўных студэнтаў. Я вельмі загарэлася і захацела займацца гэтым у Данецку”, – расказвае Марыя.
Так пачалася прыгода з грамадскімі арганізацыямі, адкуль Маша не вылазіць да сёння. У Данецку працаваў валанцёрскі рэсурсны цэнтр. З яго дапамогай дзяўчына пачала займацца з дзецьмі ў інтэрнатах: вучыла іх маляваць.
Неўзабаве Марыя трапіла ў Польшчу дзякуючы Цэнтру польска-ўкраінскага супрацоўніцтва.
“За чатыры дні ўва мне ўсё перавярнулася! Гэта ўвогуле быў мой першы выезд за мяжу. Пасля вяртання мне хацелася мяняць усё ў сваім горадзе”, – гаворыць Маша.
У адным універсітэце ёй было сумна. Паралельна дзяўчына наведвала нефармальныя школы па камунікацыі, правах чалавека, “speaking clubs” па ангельскай мове. Часам Маша сама арганізоўвала трэнінгі. На стажыроўку Марыя трапіла ва ўпраўленне справаў моладзі гарадской рады. Там яна канчаткова зразумела, што няўрадавыя арганізацыі – гэта яе.
Пасля ўнівера наша гераіня з’язджае валанцёрыць у Польшчу на 8 месяцаў. У Гдыні, у Цэнтры актыўнага гараджаніна, Марыя з жыхарамі раёна Хэлонія арганізуе фестывалі, кінапрагляды, дыскусіі і так удыхае свежае паветра ў жыццё рабочага квартала. Тады ж дзяўчына сур’ёзна падцягнула сваю ангельскую і вывучыла польскую.
“Я люблю сваю працу за тое, што яна натхняе людзей. Адна рэч – зрабіць самому, зусім іншая – заахвоціць да актыўнасці іншых. Так тваё грамадства, твой горад развіваюцца”, – тлумачыць сваю жарсць Маша.
Калі час валанцёрства падыходзіў да канца, паміж “застацца” і “вяртацца” Марыя выбрала другое і з галавой сышла ў грамадскую дзейнасць у Данецку.
Да пачатку Рэвалюцыі годнасці заставалася менш за год.
“Мы спявалі “Грай”, “Воіны святла”. Было страшна і скрушна”
“У культурнай палітыцы на Данбасе быў вялізны правал. Людзі з вобласці не выязджалі за яе межы”, – аналізуе сітуацыю Марыя.
Яна расказвае, што ў Данецку “Еўрамайданы” былі вельмі “асветніцка-мастацкія”. Пераважна інтэлігенцыя і моладзь спявалі гімн, чыталі лекцыі. Так людзі стаялі два месяцы. У лютым пачалі нападаць атрады “цітушак”.
“Мы стаялі з расцяжкамі “Данецк – гэта Украіна”, “Мы хочам жыць ва Украіне”. Мы спакойна стаялі і, як ні круці, нас была меншасць, але тыя былі настроеныя вельмі агрэсіўна”, – згадвае Маша.
Чарговы мітынг прыпаў акурат на дзень народзінаў дзяўчыны – 5 сакавіка. Паралельна адбываўся прарасійскі сход. Яго ўдзельнікі акружалі прыхільнікаў украінскага Данецка, кідалі ў іх яйкамі і каменнем. Ад цяжкіх пашкоджанняў Машу тады ўратаваў парасон.
Праз тыдзень на наступны праўкраінскі мітынг багата людзей пабаялася выходзіць. Маша прыгадвае, што “цітушак” было больш і яны былі агрэсіўнейшымі:
“Тады з нашага мітынгу пачалі выводзіць жанчын і дзяцей. Мы сталі паводдаль. “Цітушкі” прарвалі кардон міліцыі, які тактоўна перад імі расступіўся. Напалі на нашых хлопцаў”.
У той дзень шмат параненых звярнулася па медычную дапамогу. З’явіўся першы забіты. Машыны бацькі прасілі дачку, каб не хадзіла на плошчу. Маша іх, канечне, не слухала.
“Пасля апошняга мітынгу мы з сябрамі сабраліся ў кавярні “Изба-читальня”. Раней мы рабілі тут кінапаказы. Спявалі пад гітару “Грай”, “Воіны святла”. Было страшна і скрушна. Затым пачаліся захопы будынкаў, аэрапорт. У адчаі я пачала збіраць рэчы”, – расказвае дзяўчына.
Як і многія вымушаныя перасяленцы, Марыя думала, што павандруе па Украіне пару месяцаў, Данецк вызваляць, яна вернецца дадому. Яе бацькі засталіся там.
Раней у Львове дзяўчына была ўсяго пару разоў па 2-3 дні. Гэтага цалкам хапіла, каб адчуць, што з усіх украінскіх гарадоў Львоў – ментальна найбліжэйшы.
Спачатку Маша гасцявала па знаёмых, здымала пакоі ў хостэлах. Падпрацоўвала капірайтам ды жыла на ашчаджэнні. На пошук больш-менш стала жылля пайшло 3 тыдні. Дзяўчына ўжо думала шукаць шчасця ў сталіцы, але ў апошні момант убачыла абвестку ў сацыяльных сетках. Разам з дзвюма сяброўкамі яна здымае трохпакаёвую кватэру.
І зноў у новы летнік, нягледзячы ні на што
На сцяне яе пакоя вісіць украінскі сцяг (праўда, чамусьці да гары нагамі). Яго дзяўчына ўзяла з сабой з дому. З гэтым самым “прапором” яна хадзіла на праўкраінскія мітынгі.
Пра паспяховы івэнт “32 мая” ды іншыя ўдалыя імпрэзы ў Данецку сёння нагадваюць толькі групы “ВКОНТАКТЕ”.
“Калі іх ніхто не знішчыць, то мы самі гэтыя групы закрываць не будзем. Гэта памяць”, – упэўнена гаворыць Марыя.
Дзякуючы культурнаму абмену некалькі жыхароў Краматорска ўпершыню з’ездзілі ў Львоў. Падчас форуму “Донкульт” фільмы пра Данбас паглядзелі сотні людзей. У актавай зале сельскай школы цяпер адрамантаваныя і падрыхтаваныя для фарбы сцены. Маша мантуе фільм пра гэты будаўнічы лагер і… збіраецца ехаць у новы! У Славянску найбліжэйшыя 4 тыдні валанцёры з усёй Украіны будуць рамантаваць дамы, якія зачапіла вайной. Яшчэ дзяўчына праведае бацькоў.
Больш доўгіх планаў жыццё навучыла не будаваць.
Хрысціна Марчук
Фота аўтара