Няспынная эміграцыя апошніх гадоў замарудзіла творчыя працэсы і без таго кволай беларускай кінасупольнасці, якая паціху пачынае ажыўляцца. Сігналам да акрыяння можна лічыць анансаваны з’езд айчынных кінематаграфістаў, які адбудзецца ў сярэдзіне жніўня ў Варшаве.
Ладзіць яго Belarusian Filmmakers’ Network (BFN), а мэты падзеі выглядаюць звышамбіцыйна — аб’яднаць беларускіх кінематаграфістаў у адзіную супольнасць і пачаць ствараць агульную стратэгію развіцця нацыянальнага кіно.
Афіша першага нефармальнага з’езда незалежных беларускiх кінематаграфістаў. Фота з са старонкі BFN у інстаграме
«Budzma» вырашыла задаць арганізатарам з’езда некалькі нязручных пытанняў наконт іх дзейнасці і далейшых планаў.
Што такое BFN і чым яна займаецца
Арганізатарамі ініцыятывы з’яўляюцца прадзюсар і фандрайзер Леанід Каліценя, культуролаг і філосаф Максім Жбанкоў, пісьменнік і рэжысёр Уладзімір Казлоў.
Яны ў другой палове 2010-х сумесна ладзілі у Мінску два заўважныя тэматычныя праекты. Першы — кінаклуб «Сваё кіно», які праходзіў у кінатэатры ГЦ «Тытан». У ім паказвалі працы мясцовых рэжысёраў, якія нельга было пабачыць у пракаце ці на тэлебачанні, а з самімі стваральнікамі можна было паразмаўляць пасля паказу. Другі — «Кінасняданкі» ў офісе «Прэс-клуб Беларусь», падчас якіх праходзілі размовы аб праблемах кінематаграфіі ці прэзентаваліся фестывалі і іншыя ініцыятывы.
Пасля распачатых рэпрэсій у краіне ўсе трое з’ехалі за мяжу і вырашылі там працягнуць дзейнасць, стварыўшы нефармальную ініцыятыву кінематаграфістаў.
Тут трэба сказаць, што BFN пазіцыянуе сябе як пазбаўленае традыцыйных іерархій аб’яднанне кінематаграфістаў, якія на прафесійнай ці аматарскай аснове здымаюць кіно. Сыходзячы з уласнага маніфэсту, яно займаецца прасоўваннем не звязанага з дзяржаўнымі інстытутамі айчыннага кіно і спрыяе інтэграцыі яго ў замежны кантэкст.
Belarusian Filmmakers’ Network (BFN). Фота з інстарама BFN
Ці паспяхова BFN замаецца акрэсленай дзейнасцю, ацаніць даволі складана. За паўтары гады свайго існавання BFN паспела два разы з’ездзіць на кінакірмаш на нямецкі кінафестываль «Берлінале». Там першы раз віртуальна, а другі — ужо ўжывую прадставіла некалькі аўтарскіх прац, створаных ці яшчэ ў стадыі пошуку падтрымкі. Вынікамі гэтых паездак BFN не дзялілася. Таму будучы варшаўскі з’езд — фактычна трэцяя заўважная актыўнасць аб’яднання.
BFN цяпер перажывае свой першы экзістэнцыйны крызіс, бо ў лютым з’явілася вельмі падобная на яе ініцыятыва — Belarusian Independent Film Academy (BIFA). У яе склад уваходзяць паспяховыя ў фестывальным плане беларускія кіношнікі (Аляксей Палуян, Дар’я Жук, Андрэй Куціла ды інш.), а прэзентацыю BIFA на «Берлінале» прыйшлі падтрымаць генеральны дырэктар Еўрапейскай кінаакадэміі Матэйc Ваўтэр Кноль, міністарка Нямеччыны ў пытаннях культуры і медыя Клаўдыя Рот і іншыя заўважныя ў нямецкай культуры функцыянеры.
Як бачна, у кінасупольнасці разгараецца нежартаўлівая канкурэнцыя.
«Не лічу, што нам патрэбна гіганцкая ўсеабдымная структура»
Дык што ў сваю чаргу BFN прапануе беларускім кінематаграфістам? Што адбудзецца падчас варшаўскага з’езда? Ці не варта BFN і BIFA аб’яднацца?
Гэтыя ды іншыя пытанні «Будзьма!» задала сустваральніку BFN Леаніду Каліценю.
Фота 03 Леанід Каліценя. Фота: backstage.place
— Акрамя двух «Берлінале», мы дапамаглі ў арганізацыі стэнда беларускай анімацыі на фестывалі ў Ансі (Францыя). Знайшлі сродкі на гэты з’езд фільммэйкераў. Рыхтуем канферэнцыю «Прафесійная і сацыяльная інтэграцыя беларускіх фрылансераў кінаіндустрыі ў еўрапейскія структуры» ў кастрычніку 2023, у Берліне. Увосень плануем удзел беларускіх дэлегацый яшчэ ў двух фестывалях, запусцім пілотную адукацыйную праграму анлайн. Гэта не ўлічваючы ўнутранай працы.
— Заяўленая мэта варшаўскага з’езда кінематаграфістаў — стварэнне стратэгіі развіцця беларускага кіно. Як вы сабе ўяўляеце гэтую стратэгію самі, што ў ёй павінна быць?
— Стратэгія — гэта вызначэнне і ўзаемасувязь як мінімум чатырох ключавых параметраў: ідэі, людзі, планы, рэсурсы.
Пісаць стратэгію на з’ездзе мы не будзем. Мы будзем прапаноўваць і шукаць ідэі, будзем працаваць з людзьмі, дыскутаваць, калі трэба, будзем абмяркоўваць сумесныя планы і вызначаць найбліжэйшыя даступныя рэсурсы. З’езд патрэбны, каб вынесці на абмеркаванне найлепшыя ідэі і максімальна шырока прыцягнуць найбольш актыўных і моцных людзей для іх рэалізацыі.
— Ці не падаецца вам, што нават абмеркаванне такой стратэгіі з’яўляецца абстрактным і ўтапічным заняткам? Ніхто не ведае, калі ўлада ў Беларусі памяняецца, а без гэтага ніякія рэформы немагчымыя па вызначэнні. А нават калі зменіцца, не факт, што новыя палітычныя сілы будуць арыентавацца на вашы прапановы.
— Мы адрозніваем дзве рэчы: напісанне стратэгіі — стварэнне прадукта як самамэта (і тады гэта, сапраўды, можа апынуцца ўтапічнай ідэяй, якая рызыкуе застацца нерэалізаванай) і стварэнне/распрацоўка стратэгіі як набору ўзгодненых і ўзаемапрымальных дзеянняў, стратэгіі сумеснага выжывання і развіцця супольнасці фільммейкераў. Мы гаворым пра другі варыянт.
У гэтым сэнсе не важна, як дзейная ці новая ўлада будзе арыентавацца на нашу стратэгію. І мы не чакаем, каб іншыя дзейныя асобы, тым больш улада, думалі, як мы. Гэта ўлада павінна турбавацца, якое месца мы адвядзем ёй у нашай стратэгіі і нашым жыцці.
— Ці гатовыя вы да таго, што нават калі стратэгія і з’явіцца, яна не будзе цікавая іншым удзельнікам беларускай кінасупольнасці і будзе праігнараваная?
— Каб нашае кіно было цікава гледачу, а нам прыносіла задавальненне, трэба стварыць адпаведную інфраструктуру вытворчасці і спажывання, вызначыць яго змястоўную канцэпцыю і ўпісаць у існыя рэсурсныя межы. Мы ствараем стратэгію арганізацыі і павышэння эфектыўнасці ўласных дзеянняў у гэтых напрамках. Астатнія маюць права яе ігнараваць ці высоўваць альтэрнатыўныя прапановы. І тое, і іншае будзе добра.
— Вастрэй за ўсё зараз стаіць магчмасць атрымання фінансавання для праектаў. У вас ёсць разуменне, дзе і як шукаць гэтыя грошы ва ўмовах, калі ў Беларусі нават частку сродкаў немагчыма атрымаць?
— Не. Не пагаджуся. Найбольш востра зараз стаіць пытанне самавызначэння кінатворцаў у новай сітуацыі. У нашай іерархіі мэт, фінансы — гэта чацвёртае пытанне. І што да грошай ад Мінкульта Беларусі, то мы і раней не бачылі іх і не чакалі. Працавалі самі. Цяпер самім нават лягчэй. Напрыклад, «Берлінале» не патрабуе лістоў падтрымкі ад Мінкульта, як у 2019 годзе.
Дзе шукаць грошы, мы ведаем.
Леанід Каліценя. Фота з са старонкі BFN у Фэйсбуку
— Удзельнікаў на з’езд будуць адбіраць арганізатары. Можаце растлумачыць, у чым сэнс адбору? І па якіх крытэрыях ён будзе праводзіцца?
— Мы хацелі б адкрыць магчымасць для ўдзелу ўсіх жадаючых, але рэсурсы, як заўсёды, абмежаваныя: і час, і адміністрацыйныя, і фінансавыя выдаткі. Таму асноўныя крытэрыі адбору вельмі простыя: зацікаўленасць у развіцці беларускага кіно, кампетэнтнасць, гатоўнасць прапанаваць і арганізаваць тэму/падзею ў межах праграмы.
— На дадзены момант існуе два нефармальныя аб’яднанні беларускіх кінематаграфістаў — BFN і BIFA. Калі была магчымасць, вы аб’ядналіся б? Ці ўсё ж лепей, каб арганізацыі існавалі самастойна адна ад адной?
— Магчымасць ёсць. Але ці ёсць неабходнасць? Я не лічу, што нам патрэбна гіганцкая ўсеабдымная структура, якая аб’ядноўвае ўсіх і ўся і вырашае ўсе мажлівыя пытанні. Якраз наадварот. Мы мяркуем, што зараз час для лёгкіх на ўздым, гнуткіх, актыўных ініцыятыў, якія маюць дакладную спецыялізацыю. Яны змогуць максімальна эфектыўна вырашаць задачы з мінімальнымі затратамі рэсурсаў. Калі спатрэбіцца, яны могуць дзейнічаць сумесна. Напрыклад, мы ўжо зрабілі стэнд на «Берлінале»-2023 сумесна з BIFA, і з’езд гэты мы таксама робім не сепаратна. Усё якраз адпавядае еўрапейскаму падыходу — дыверсіфікацыя, самаарганізацыя і сфакусаванасць на канкрэтных задачах.
Тарас Тарналіцкі, budzma.org