Першы моладзевы фестываль «KULOK» прайшоў 25 кастрычніка ў самым цэнтры Варшавы. Мікс музыкі, візуальнага мастацтва, кіно і перфарматыўных чытак. Беларуская, польская і ўкраінская моладзь, якая праз сваё мастацтва імкнулася не толькі выказацца, але і адказаць на сучасныя фундаментальныя пытанні.
Незвычайнае месца — вялікая тэрыторыя, якая аб’ядноўвае два сквоты ў цэнтры Варшавы. Для перамяшчэння зрабілі адмысловую мапу, і яна сапраўды была неабходная, бо можна і заблукаць не толькі ад колькасці залаў, але і ад разнастайнасці мастацтва, прадстаўленага на фестывалі.
Мы сабралі каментары ў арганізатараў, гасцей, удзельнікаў і валанцёраў, каб лепей адчуць і зразумець атмасферу фестывалю.

Фестываль адметны, па-першае, з-за месца — гэта два сквоты, злучаныя адным гэтым фестывалем. Вялікая прастора, шмат беларускіх артыстаў, можа, многія не знаёмыя, але некаторых я ведаю асабіста. Mandzik з Познані прыехаў, а я з ім вучыўся на курсах польскай мовы. Чакаю пабачыць шмат знаёмых, якія ніколі тут не былі, якіх я асабіста запрасіў, хачу добра правесці час. Я ўжо пабачыў карціну сваёй знаёмай Jagody Saigon — яна мне вельмі спадабалася.
Удзельнік фестывалю Саша
Сёння я тут, таму што мой сябар тут, я прыйшла яго падтрымаць. Ён выстаўляе сваю працу. Было прыемна ўбачыць знаёмых мастакоў, за якімі назірала яшчэ будучы ў Беларусі.
Я выстаўляюся тут, бо мяне запрасіў Яраслаў Кірвель (вядучы фестывалю — рэд. Budzma.org). Я дапамагаў маляваць тут сцены і таксама ўдзельнічаю ў выставе. На маім творы выяўлены Ісус Хрыстос і апостал Пётр — у момант, калі, паводле біблейскай гісторыі, Ісус хадзіў па вадзе і паклікаў Пятра, а апостал засумняваўся і пачаў тануць. Я ў сваёй творчасці звяртаюся да рэлігійнай тэматыкі, бо мне гэта падабаецца — гэта эстэтычна.

Мастак з Украіны Cimur Cienissau
Дэкарацыі для гэтага фестывалю мы выбіралі разам з жыхарамі сквота і маёй камандай — Яраславам Кірвелем, Алексам Ацясавым: крыжы, якія тут стаяць, і гэтыя лялечкі, якіх шмат на фестывалі.
Гэта моладзевы фестываль, і ён адлюстроўвае погляд маладых людзей на тое, што адбывалася ў Беларусі.

Аўтарка дэкарацый, мастачка і рэжысёрка Pasha Jezhora
Лялечкі — гэта сувязь з традыцыямі. Я памятаю з дзяцінства, што такія лялькі ў нас заўжды былі дома, і я нават не ведаю, адкуль яны браліся. Нядаўна я задумалася аб тым, што можна стварыць больш цікавых лялек. Падумала, што лялькі — гэта вельмі проста, лёгка, гэта можа зрабіць кожны, і гэта будзе нешта беларускае. Акрамя звычайных лялек, мы стварылі лялек-мутантаў — з дзвюма галавамі, шасцю рукамі, лялек-русалак — і гэта ўсё адсылае мяне да Палесся.
Калі казаць пра выкарыстанне крыжоў — калі вы бачыце, на многіх крыжах напісана слова «крынж». Насамрэч гэтыя крыжы мы называем «крынжы». Гэта адсылка да крыжа Еўфрасінні Полацкай, звязаная з мемам — «крынж Еўфрасінні Полацкай». Гэта пра беларуска-гішпанскі сорам. Вось ёсць гішпанскі сорам, калі табе сорамна за кагосьці, а ёсць «крынж Еўфрасінні Полацкай» — калі беларусам сорамна за іншых беларусаў з пункту гледжання іх нацыянальнай годнасці. Напрыклад, многія беларусы адчувалі гэты «крынж», калі адбываліся канцэрт Макса Каржа і затрыманні пасля яго.
Мы вырашылі, што ёсць такое павер’е — крыж Еўфрасінні Полацкай вернецца ў Беларусь, калі Беларусь будзе вольнай і незалежнай, але гэта ў бліжэйшы час наўрад ці адбудзецца. А пры гэтым у беларускай супольнасці адбываецца вельмі шмат «крынжу». Гэта іронія над тым, што беларусы часта ўспрымаюць сваю культуру як нешта святое і недатычнае, баяцца яе ствараць, бо ім патрэбныя ўмовы, грошы. А мы як моладзевы фестываль хочам, каб беларусы ставіліся да сваёй культуры прасцей і актыўна яе стваралі.

Рэлігійная тэматыка ў нас ёсць, але хутчэй тут мы кажам не пра тэму рэлігіі, а пра тое, як моладзь успрымае рэлігію і як яна ўплывае на жыццё маладых беларусаў у эміграцыі, у Польшчы. Я, напрыклад, успрымаю рэлігію як культурную з’яву і лічу, што мастакі маюць права даследаваць гэтую тэму і развіваць яе, як хочуць. Шмат удзельнікаў нашай групы ходзяць у касцёл, вераць у Бога, наведваюць рэлігійныя івэнты. Я лічу, што добра, што ў нашай генерацыі ёсць выбар: у Варшаве ёсць магчымасць наведаць касцёл і беларускамоўную службу, а таксама наведаць фестываль, дзе крыжы выкарыстаны ў якасці дэкору пасля мастацкага пераасэнсавання.
Мне вельмі падабаецца, як людзі тут кучкуюцца, групуюцца, як трымаюцца разам. Тут шмат маіх знаёмых музыкаў і мастакоў.
Такія фестывалі неабходныя, таму што зараз такі час — мы раскіданыя па ўсім свеце, і вельмі добра, што ёсць магчымасць для інтэграцыі, асабліва для людзей, якія не ведаюць мовы, нядаўна прыехалі, у якіх нікога тут няма. А для палякаў гэта магчымасць лепей пазнаёміцца з украінскай і беларускай культурамі.

Удзельнік з Украіны Паша
Як па мне, карціны, прадстаўленыя на выставе, даносяць глыбокі мэсэдж, ёсць над чым паразважаць. Мне здаецца, што вялікае значэнне маюць гэтыя творы як культурныя каштоўнасці. Гэтая карціна, калі я гляджу на яе, — перадае цёплыя тоны, якія выдатна ствараюць сяброўскую атмасферу — халодныя клавішы сінтэзатара, група маіх сяброў... людзі збіраюцца разам, граюць, пішуць музыку...
Я прыйшла паглядзець на творчасць беларускіх і ўкраінскіх мастакоў, паглыбіцца ў творчую атмасферу. Мы часта ходзім на выставы, калі нешта новае з’яўляецца. Вельмі таленавітыя мастакі выстаўляюцца, не баяцца паказаць свае працы. Арт-аб’екты выглядаюць па-новаму, вельмі сучасна, і гэта вельмі класна.
Я лічу, што валанцёрская праца для маладых класных ініцыятыў — гэта вельмі важна, таму што не ўсё ў гэтым свеце робіцца дзеля грошай. Часам патрэбна звычайная чалавечая падтрымка, калі можна прысвяціць свой асабісты час, асабліва першаму фестывалю, якому трэба дапамагчы раскрыць патэнцыял, каб стаць традыцыяй.

Валанцёрка на фестывалі «KULOK» Вераніка
Вельмі важна, каб былі людзі, гатовыя дапамагаць. Вельмі класная атмасфера і цікавае месца — яно само стварае настрой, які цяжка перадаць, калі ты тут не быў. А яшчэ ў нас вельмі прыемныя госці і шмат творчых людзей, якія падыходзяць са сваімі ідэямі. Людзі, госці, арганізатары, валанцёры — мы ўсе разам ствараем гэтую атмасферу.
Вельмі прыемна працаваць з арганізатарамі, канешне, адчуваецца, што ім трэба трошкі больш досведу, аднак яны вельмі адкрытыя да фідбэку, адэкватна ўспрымаюць крытыку. Той факт, што фестываль адбыўся, ужо сведчыць аб тым, што арганізатары зрабілі вялікую працу. Мне здаецца, гэты фестываль з кожным годам будзе станавіцца лепшым. У яго ёсць патэнцыял стаць традыцыйным — і гэта вельмі крута.
Фестываль адбываецца ў сквоце, тут ёсць беларуская, польская і ўкраінская моладзь, як я разумею. Мне прыемна назіраць, што гэта маладзейшае пакаленне. Моладзь з’яўляецца арганізатарам фестывалю, яны ўсё гэта ладзяць — я бачу ў іх сябе. Гадоў пятнаццаць таму я таксама так выглядаў, так тусаваўся, і гэта мяне натхняе.
Я, канечне, пасля пяці гадоў у Еўропе да розных фестываляў прызвычаіўся, але калі гляджу, якія тут натхнёныя твары ў моладзі, бачу, што яны знаходзяць аднадумцаў, ствараюць сабе крэатыўную прастору, дзе можа раскрывацца асоба, гэта класна. Мне вельмі прыемна тут быць, бо я быў у 2011 годзе, калі сквот адкрыўся, мы тут глядзелі кіно, і для мяне сімвалічна патрапіць сюды ўжо са сваім фільмам праз чатырнаццаць гадоў.
Вельмі добра сябе тут адчуваю і ганаруся моладдзю і тым, што яна ўсё гэта арганізавала. Добра, што гэта цяпер існуе. Я думаю, тое, што я бачу — гэтыя крыжы, выстава ўнізе — гэта авангард таго, што арганізатары і ўдзельнікі хацелі паказаць. Выказацца праз творы, малюнкі, арт-аб’екты. І я бачу, што тут ёсць лінія рэлігійнага «крынжу». Моладзь спрабуе гэта па-свойму пераасэнсаваць. У маёй маладосці на тэму рэлігіі не было цікава размаўляць, нас цікавілі іншыя рэчы. А тут, у Польшчы, у вельмі каталіцкай краіне, яны дазваляюць сабе смела выказвацца, яшчэ і з беларускай перспектывай. Такое злучэнне анархізму і рэлігіі — вельмі цікава. Лічу, гэта тэма для дыскусіі для шырокага кола...
Па словах арганізатараў, фэст ладзіўся ў «падтрымку палітвязняў і людзей з анкалагічнымі захворваннямі, а таксама стварэнне прасторы свабоднага самавыяўлення і ўзаемнай падтрымкі».
Наста Пабягунская, Budzma.org