З песняй па жыцці. “Наша “500-годнасць” у Фаніпалі

 Вера Буланда выступіла на творча-юбілейным вечары кампазітара Тамары Іванаўны Кашчэва, які адбыўся 27 красавіка 2017 года ў Фаніпалі ў філіяле сацыяльнага тэрытарыяльнага цэнтра.

Сяброўства паэтэсы Веры Буланды з кампазітарам Т. Кашчэва звязвае так даўно, што ўжо выпушчаны дыскі, дзе ўключаны песні і на яе словы, не аднойчы выходзілі кнігі песень, дзе можна пабачыць не толькі тэксты, але і ноты да іх. Напрыклад, песня “Скарбніца” на словы В. Буланды за апошнія сем гадоў прагучала на многіх сцэнах Беларусі. На Маладзечанскіх фестывалях Тамара Кашчэва не толькі як кампазітар, але і цудоўная спявачка заўсёды заканчвае свае выступы жыццярадаснай песняй:

А на што нам скардзіцца

І гараваць,

Маем сваю скарбніцу –

Не параўнаць.

 

Скарбніца, скарбніца –

Родная старонка,

Ладзіцца, не ладзіцца,

А спяваем звонка.

 

Спадарыня Вера падкрэсліла, што з калыханкі маці песня для яе – лепшы спадарожнік па жыцці. Магчыма, і таму, што маці была лепшай спявачкай ў родным Мсціжы, і таму, што ў час яе дзяцінства і юнацтва землякі спявалі і на гулянцы, і на працы. І калі настаўнічала на Віцебшчыне і Барысаўшчыне, заўсёды ладзіла канцэртныя праграмы з фальклорнымі гуртамі, з якімі гастраліравала ў розныя куткі Беларусі. Любоў да песні Вера Аляксандраўна не аднойчы адзначала ў сваёй творчасці:

Песні родныя, душэўныя, святыя,

Старасвецкімі завуць іх, а яны,

А яны маднейшыя за тыя,

Што спяваюць дочкі і сыны.

З гасцямі свята паэтэса падзялілася ўспамінамі і пра бабулю, яе песні, мелодыі якіх па сёння ў памяці, словы якіх вучылі жыццю, хвалявалі і зараз хвалююць сэрца і прымушаюць задумацца над многімі праявамі лёсу.

Мо падслухала, помніце? –

Тыя песні бабулі:

Мы купаліся ў золаце

Слоў, што сотню раз чулі.

 

Ад грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” прысутным гасцям аддзела  адукацыі Дзяржынскага раёна, выхавацелям дзіцячага садка г. Фаніпаля і юбіляршы былі ўручаны паштоўкі “Не маўчы па-беларуску”, торбачка з выявай Ф. Скарыны, плакаты “Юбілей беларускага кнігадруку”

 

 

 

Тэгі: