Абсалютна незаўважанай у Беларусі прайшла навіна аб стварэнні расійскім пісьменнікам Захарам Прылепіным новага палітычнага руху «За Праўду», які днямі быў прэзентаваны ў Маскве.
Прэсавая канферэнцыя пачалася з «лірычнага» выступу лідара новага руху, падчас якога ён распавёў коратка пра сваю палітычную, літаратурную і сацыяльную дзейнасць. Акрамя Прылепіна да новага руху далучыліся музыка Вадзім Самойлаў, актор Іван Ахлабысцін ды іншыя вядомыя асобы.
Чым канкрэтна будзе займацца новая арганізацыя, сказаць складана. Выглядае на тое, што пакуль гэта таямніца і для саміх стваральнікаў, бо нейкіх канкрэтных і ўцямных рэчаў яны не агучылі. А каб адшукаць сайт руху, давялося прыкласці пэўныя высілкі, бо проста па запыце ў пашукавіках ён пакуль не выдаецца.
Але канкрэтыкі не ўдалося знайсці і на ім. Затое з сайта можна даведацца, што Расія – гэта апора кансерватыўных і традыцыйных каштоўнасцяў у свеце, дзе пануюць цяпер розныя «сэксуальныя і ідэалагічныя меншасці». Прычым каштоўнасці гэтыя не проста кансерватыўныя, але лева–кансерватыўныя. І, што самае галоўнае, іх носьбіт — «путинское «безмолвное» большинство».
«Прычым тут Беларусь?» — спытаеце вы. Ці мала чаго кожны дзень ствараецца ў Расіі? Якая нам да гэтага справа? А вось прычым: паводле стваральнікаў руху, Расія была і застаецца імперыяй, якая мае прыйсці па сваё. Пакуль у спісе земляў, якія маюць быць вернутыя, толькі Крым і Данбас. Але ж хіба толькі гэтым збіраюцца абмежавацца імперыялісты? Тым больш калі яны дэкларуюць выратаванне ўсяго свету і наладжванне справаў «у тыле». Узнікае лагічнае пытанне: а дзе ж тады будзе праходзіць лінія фронту?
Гэта толькі з першага погляду здаецца, што Захар Прылепін – маргінальны пісьменнік. За даволі хуткі час ён працерабіў сабе дарогу на расійскі літаратурны алімп, атрымаўшы некалькі прэстыжных літаратурных прэмій. У прыжыццёвыя класікі яго пакуль рана запісваць, але ягоныя кнігі, атрымалі розгалас не толькі ў Расіі, але і за яе межамі.
Прылепін – непасрэдны вучань і паслядоўнік Эдуарда Лімонава. Як і многія былыя нацыянал-бальшавікі, ён мае каларытную біяграфію: служыў у АМАПе, працаваў журналістам, быў сябрам НБП, непасрэдна ўдзельнічаў у Чачэнскіх войнах.
Захар Прылепін на адной з акцый НБП
У 2014 годзе па ягонай аповесці «Васьмёрка» Аляксей Учыцель (той самы, які пазней стаў аўтарам скандальнай «Мацільды») зняў аднайменны фільм пра суворыя будні чатырох правінцыйных амапаўцаў у ліхія 90-я.
Прылепін таксама браў удзел у баявых дзеяннях на баку ДНР, што не замінала яму весьці даволі актыўнае творчае жыццё: пісаць кнігі, артыкулы, праводзіць творчыя вечарыны. У свой час яго можна было заўважыць на модных тусоўках, ён быў вядучым на тэлебачанні, запісаў некалькі альбомаў разам гуртом «Элефанк».
Лімонаў з нацболамі на акцыі НБП, 1990-я гады
У мінулым годзе разгарэўся скандал. Эдуард Лімонаў выгнаў Прылепіна з шэрагаў партыі «Другая Расія», якая была створаная пасля забароны НБП. Прычына – сяброўства Прылепіна ў АНФ, грамадскім руху, які быў створаны па ініцыятыве Пуціна з мэтай падтрымкі дзейнай улады. Відаць, для старога апазіцыянера такі “кульбіт” паплечніка аказаўся абсалютна непрымальным.
Што ж тычыцца новага руху, то складаецца ўражанне, што Прылепін з кампаніяй вырашылі выступіць за ўсё добрае супраць усяго дрэннага. Але ж лозунгі, якія яны выкарыстоўваюць, – старыя, змянілася абгортка. Усё гэта ўжо было і 20 гадоў таму. Проста раней іх выкрыквалі прыпанкаваныя маргіналы на вулічных акцыях, а цяпер яны гучаць з высокіх трыбунаў і экрана тэлевізара. Эпатажу, відавочна, стала меней, але сутнасць ад гэтага не змянілася.
КК