У гэтыя самыя дні, 70 гадоў таму, у жыцці аднаго беларускага пісьменніка адбылася знакавая падзея — яму нарэшце дазволілі вярнуцца дамоў пасля 20 гадоў выгнання. Пісьменніка звалі Ян Скрыган.
Ян Скрыган — цікавая постаць у нашай літаратуры. Народжаны ў самым пачатку ХХ стагоддзя, ён прыйшоў у беларускую літаратуру зусім яшчэ маладым чалавекам, якому не было і 20 гадоў. Заспеў не толькі кіпучую беларусізацыю, але і «бурапенную» пару росквіту новай беларускай літаратуры. Скрыган быў адным з першых, хто далучыўся да «Маладняка», які паўстаў у 1923 годзе. А потым быў са скандалам выгнаны з арганізацыі, бо дазваляў сабе кпіць з яе кіраўніцтва далёкімі ад цэнзуры словамі.
Чытайце таксама: Ян Скрыган: «Не разбурай п’едэсталаў»
Але адметнасць Скрыгана не толькі ў тым, што ён так ці іначай быў далучаны да многіх культурніцкіх і нацыятворчых працэсаў той пары. Але і ў тым, што пакінуў па сабе даволі грунтоўныя ўспаміны аб сваім жыцці, дзе сустракаюцца многія вядомыя або проста каларытныя асобы першай паловы ХХ стагоддзя. Апісаў ён у іх не толькі свой арышт, высылку і пазнейшую рэабілітацыю. Але таксама і прычыны, што прывялі да ўвязнення. З нашага часу чытаюцца яны надзвычай павучальна.
Прычынаў свайго арышту ў 1936 годзе Скрыган не называе, але дае зразумець, што пакуль не аказаўся ў адзіночнай камеры, не верыў у тое, што з ім адбываецца. Маўляў, гэта нейкая памылка, пазней разбяруцца, нічога страшнага. Нават свайго першага следчага ён прыгадвае без негатыву:
«Першы сьледчы ў мяне быў Цімафееў. Я ўпэўнены, што, калі б ён вёў маю справу, то ўсё было б і граматна, і справядліва, і чалавечна. Гэта быў ужо даволі пажылы чалавек. Ён са мною проста, як кажуць, бяседаваў на тэму на той час модную: кругом ворагі, кругом здраднікі, прадажнікі, асабліва беларускія нацыяналісты. Ня можа быць, каб гэтая тэма мяне абышла: недзе, неўчым і мяне яна краналася. Ды вось: з кім, як, на якую тэму. Тым больш, што галоўны ж нацыяналіст, Цішка Гартны, таксама сядзіць, ён жа нешта раскажа. Калі я сумленны, то павінен сам, усё, што ведаю — расказаць. А я па-праўдзе быў далёкі ад такіх «небясьпечных» тэмаў, ні з кім, нідзе, ніколі ў мяне не было. Выключаючы хіба адзін выпадак, які я палічыў бяздумным жартам з боку Зьмітра Астапенкі. Але ж гэта быў проста дурны жарт.
А было так. Мы з ім кватаравалі ў сваіх гаспадынь за вакзалам. Аднаго разу ішоў я з Дому пісьменьнікаў дадому, і па дарозе мяне нагнаў Астапенка. Ідзем, нешта гамонім па дарозе, і недзе ўжо блізка каля вакзалу Астапенка, нешта жартаўлівае расказваючы, раптам кажа:
— Слухай, Янка, паступай у ГАБ.
— Што за ГАБ такі? — пытаюся ў Астапенкі.
— Група Адданых Бацькаўшчыне, — сказаў Астапенка і разрагатаўся.
Я тут суняўся і строга, нават сярдзіта кажу Астапенку:
— Каб такіх жартаў я ад цябе больш ня чуў!
— Не, дык я ж жартую! — разрагатаўся Астапенка. — А ты, аказваецца, надта пужлівы».
Змітрок Астапенка. Менск, 1930 год
Але ўжо ў наступным абразку, які называецца «Нелюдзі», ён пачынае апісваць усе жахі сталінскіх часоў:
«Самыя страшныя ў маім жыцьці былі два чалавекі. Першы — мой сусед па кватэры ў Менску і, здавалася, сябар, паэт. І прафесійны правакатар. Другі — мой сьледчы: гэта ўжо дзяржаўны цынік і правакатар.
Першы кожны раз правакаваў як бы жартам, але гэты жарт трымаў на патрэбу ў запасе. Другі — як сьледчы — будаваў на гэтым свой стыль: абавязкова зрабіць з чалавека злачынца. Няважна, вінаваты ён ці не. Павінен быць вінаваты!
Божачка, як ён зьдзекаваўся! Біў, абліваў халоднаю вадою. Саджаў на ножку перакуленага табурэта, на некалькі гадзін саджаў у карцар, такі вузкі, што ў ім нельга было павярнуцца. І калі ты ня меў сілы ўжо стаяць, ты вісеў, здушаны яго цеснатою да болю ва ўсім целе.
І было зусім нечакана, што допыты раптам спыніліся. Недзе, мабыць, на месяц ці больш. І раптам выклікаў на допыт новы сьледчы, каб абвясьціць пра канец сьледства. Трэба было падпісаць пра гэта пратакол. Я адмовіўся падпісваць, бо там былі скрозь выдумка і паклёп. Тады сьледчы выклікаў «сьведку» — гэта быў той самы мой сябар. Ён сьцьвярджаў, што ў пратаколах допыту ўсё правільна, што сьледства ішло нармальна.
І была яшчэ адна, апошняя сустрэча з ім. Аказалася, што яго накіравалі за мяжу. У Чэхаславакію. Гэта было ў турме. Ён прайшоў паўз мяне ў бушлаце па-дарожнаму, з торбаю за плячамі. Мабыць, і там была ў яго тая самая місія інфарматара.
Ён там быў забіты пры сутычках чэхаў з немцамі. Няйначай свае ж і забілі...»
Мiхась Багун, Змiтрок Астапенка, Юлi Таубiн. Менск, 1930 год
Няма ніякага сумневу ў тым, каго аўтар мае на ўвазе пад гэтым неназваным заклятым «сябрам» — Змітра Астапенку. Каб пераканацца ў тым, дастаткова хіба бегла спраўдзіць акалічнасці жыцця гэтага беларускага паэта.
Змітрок Астапенка нарадзіўся на Смаленшчыне ў 1910 годзе, вучыўся ў Мсціслаўскім педагагічным тэхнікуме, дзе пазнаёміўся з Аркадзем Куляшовым і Юлі Таўбіным, уваходзіў у тагачасныя беларускія літаратурныя колы. У 1933 годзе яго арыштавалі ў Менску па справе «Беларускай Народнай Грамады» — такой самай няіснай «падпольнай» арганізацыі, як і «Саюз Вызвалення Беларусі». Але ў адрозненне ад многіх іншых фігурантаў той справы, Змітрок Астапенка, як і Максім Лужанін, былі з нейкай прычыны надзіва хутка вызваленыя, што выклікала падазрэнні і насцярогу ў іхных сучаснікаў.
Намякае на тое і Скрыган у сваіх успамінах, якія пісаліся яшчэ за савецкім часам. Часы сталі ўжо зноў «траваяднымі», але называць рэчы сваімі імёнамі было ўсё яшчэ нельга, таму пісьменнік даваў зразумець гэта ўскосна:
«Нейкі пэўны час, памятаю, я заўважыў, што Астапенка мала дзе бываў, стаў задуменны, заклапочана-ўзрушаны. Мог сустрэцца твар у твар на вуліцы, але не пазнаць і прайсці міма.
Мог радасна паціснуць руку, пачаць вельмі жывую размову і тут жа забыцца на яе, недагаварыць і пабегчы. У мяне ён раптам папытаўся, ці не хачу я пабыць у Германіі. Чаго? Навошта? Якім чынам?
— Ах, гэта я так сабе. Давай пойдзем да мяне, ды я табе пачытаю новыя вершы».
Беларускія літаратары. Злева направа: Аркадзь Мардвілка, Змітрок Астапенка, Віктар Казлоўскі, Юлі Таўбін, Валеры Маракоў, Станіслаў Шушкевіч. Менск, 1931 год
Дома ў Астапенкі вершы не чыталі, але вялі дзіўныя размовы, ад якіх Скрыгану зрабілася не па сабе. Ён пачаў разумець, што з сябрам нешта не тое, але не мог зразумець што. Або папросту не захацеў адлюстроўваць гэта ў сваіх успамінах.
Другі раз Змітра Астапенку арыштавалі, як і Яна Скрыгана, у 1936 годзе. Акурат у часе паўторнана арышту і адбылася іхная сустрэча на вочнай стаўцы, якая была апісана вышэй і дзе паэт даваў непраўдзівыя сведчанні супраць пісьменніка.
Потым пачалася вайна, якая істотна змяніла лёс Астапенкі — ён быў вызвалены, мабілізаваны ў савецкае войска і ў складзе дыверсійна-выведвальнай групы закінуты ў Чэхаславакію, дзе і загінуў. Праўда, існуюць неправераныя сведчанні аб тым, што насамрэч паэт Змітрок Астапенка не загінуў. Аркадзь Куляшоў нібыта аднаго разу прагаварыўся, што бачыў яго ў паваеннай Маскве, дзе, імаверна, ён жыў пад чужым імем.
У любым разе сваё пакручастае жыццё, якое нагадвае прыгодніцкі фільм, Астапенка адлюстраваў у п’есе «Запалім люлькі», якая была напісана ў самым пачатку 1943 года. Там вядзецца пра маладога чалавека, які да вайны вёў багемны лад жыцця, быў арыштаваны па даносе і на 10 гадоў трапіў у лагер, з якога ўрэшце ўцёк. З прыходам немцаў ён уладкоўваецца на працу ў мясцовую газету, але жорсткасць акупантаў прымушае яго расчаравацца ў супрацоўніцтве з імі. Такім чынам галоўны герой, фактычна alter ego аўтара, трапляе ў шэрагі падпольчыкаў. Ці быў насамрэч Змітрок Астапенка ў акупаваным Менску, невядома, і наўрад ці калі-небудзь высветліцца. Застаецца рабіць толькі здагадкі...
А што ж ягоны сябар Ян Скрыган? Ён быў паўторна арыштаваны і знаходзіўся то ў зняволенні, то ў высылцы да самага канца 1954 года. А потым, як сам прыгадвае, нечакана атрымаў «рэабілітацыйны» ліст:
«Яшчэ не пасьпеў я ўзяць у рукі таго пісьма, як да дзьвярэй пачалі падбягаць людзі і шчасьліва ціснуць мне рукі. Гэта было пісьмо намесьніка пракурора Беларусі А. Вярбіцкага з Менску, у якім пісалася:
«Сообщаю, что Верховным Судом БССР от 29 декабря 1954 г. приговор Верховного Суда БССР от 4-5 октября 1937 года по Вашему делу отменён и дело производством прекращено за недоказанностью состава преступления.
Зам. прокурора БССР
государственный советник
юстиции 3 класса /А. Вербицкий/»
Ну што ж, цяпер можна было ехаць дадому. Пасьля дваццаці гадоў».
Ян Скрыган вярнуўся ў Беларусь, быў адноўлены ва ўсіх правах і зноў заняўся літаратурнай справай. Праўда, ранейшага імпэту і страчанага здароўя яму аднавіць не ўдалося. Незадоўга да смерці ён запіша ў сваім дзённіку скрушлівыя думкі:
«Усё жыццё маё — як казка, толькі нядобрая, суровая. Як чужая».
Варта адзначыць, што пісьменнік часта вяртаўся ў сваіх дзённіках, застаючыся сам-насам са сваімі думкамі і ўспамінамі, у часы маладосці і разважаў аб страчаных магчымасцях і сваёй нерэалізаванасці.
Л. Г., budzma.org