У гэты дзень 30 гадоў таму пайшоў з жыцця вядомы беларускі пісьменнік Ян Скрыган, які ўвайшоў у беларускую літаратуру, дзякуючы ідэальнаму валоданню роднай мовай, бліскучаму стылю і глыбокаму веданню народных традыцый.
У дзень памяці творцы прыгадваем некаторыя эпізоды з ягонага пакручастага жыцця.
Ян Скрыган. 1960-я гг. Крыніца: www.nlb.by
Іван Аляксеевіч Скрыган нарадзіўся ў 1905 годзе ў вёсцы Труханавічы ў звычайнай сялянскай сям’і.
Пачатковую адукацыю атрымаў у парафіяльна-царкоўнай школе, якую скончыў у 1918 годзе, а потым паступіў у Слуцкае духоўнае вучылішча. Следам вучыўся ў школах першай і другой ступені, у рэальным вучылішчы, мяшанай гімназіі і Слуцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме, які кінуў у 1924 годзе.
З таго ж года працаваў у слуцкай акруговай газеце «Вясковы будаўнік», дзе пачаў публікавацца пад псеўданімам Пірат у 1925 годзе. Друкаваўся Скрыган не толькі ў газеце, дзе працаваў, але таксама і ў іншых выданнях той пары. Пераважна пад згаданым псеўданімам Пірат і яшчэ адным — Янка Відук. Некаторыя з тых твораў потым будуць апублікаваныя ў першых трох кнігах пісьменніка — «Затока ў бурах» (1929), «Каця Лапянкова» (1932) і «Сустрэчы» (1935).
Крыніца: альманах «Росквіт» № 2 за 1928 год
У пачатку 1926 года ён перабярэцца ў Расоны, дзе ўжо атабарыўся ягоны сябар Паўлюк Шукайла, які да гэтага ў Слуцку арганізаваў з мясцовых неабыякавых да прыгожага пісьма маладзёнаў мясцовую філію літаратурнага аб’яднання «Маладняк». Жылі будучыя пісьменнікі пераважна ў Расонах, але часта наведваліся ў Полацк. Таму зусім не дзіва, што з часам маладнякоўская філія з’явілася і ў гэтым старажытным беларускім горадзе, а сам Скрыган паспеў нават пэўны час папрацаваць у рэдакцыі «Чырвонай Полаччыны».
Ян Скрыган. 1926 г. Полацк. Крыніца: www.nlb.by
Ідылія цягнулася нядоўга. Спачатку з «Маладняка» быў выключаны Скрыган, які ўступіў у канфлікт з лідарамі аб’яднання, а следам за ім выйшаў са складу гэтай арганізацыі і Паўлюк Шукайла. У яго, вядомага скандаліста і правакатара, з’явілася думка аб стварэнні сваёй «Літаратурна-мастацкай камуны», якая будзе ўвасоблена ўвосень 1927 года.
Шукайла, а следам за ім Скрыган і астатнія чальцы гэтай «камуны», хацелі развіваць футурыстычны накірунак у літаратуры. Прасцей кажучы, капіраваць тое, што ў расійскай культуры рабіў «ЛЕФ» агулам і Уладзімір Маякоўскі ў прыватнасці. Але гэта была копія копіі, таму атрымлівалася не надта хораша і прывабна. Не дзіва, што свет пабачаць толькі два альманахі арганізацыі, а сама яна праіснуе нядоўга — да вясны 1928 года.
Зрэшты, а ці мела яна хоць бы нейкія шанцы на сталае існаванне? Пытанне дыскусійнае. Асабліва калі ўлічыць той факт, што беларускія футурысты з пашанай ставіліся да аўтарытэтаў і традыцый. Скажам, Сымону Баранавых, які ў сапраўднасці быў Сымонам Баранавым, параіў узяць такі псеўданім менавіта Ян Скрыган у адпаведнасці з беларускім звычаем. Ці стаў бы так рабіць сапраўдны футурыст? Натуральна, што — не.
А вось як ён апісваў у сваіх успамінах сустрэчу са Змітром Жылуновічам у 1929 годзе, які ўзначальваў тады Беларускае дзяржаўнае выдавецтва і куды Скрыган прынёс рукапіс сваёй першай кнігі «Затока ў бурах»:
«Гартны сядзеў за вялікім сталом, адзін на ўвесь прасторны пакой. За яго спінаю было акно ў двор, святло біла ў вочы, яно шкодзіла мне бачыць Гартнага. Я стаў трошкі ўбаку, бліжэй да сцяны, не даходзячы да стала. Гартны быў заняты чытаннем паперак, якіх было поўна, то ў папках адна на адной, то разложаных лісткамі. Пасля майго павітання ён падняў свае круглыя акуляры і доўга глядзеў, як бы стараючыся прыпомніць, хто я такі.
— То ты ж так да мяне не зайшоў, нешта маеш? — папытаўся ён нарэшце замест павітання.
— Зборнік прынёс. Апавяданняў. — Я пашоў бліжэй да стала і пачаў круціць у руках свой скрутак.
— Гм, апавядавнняў... Нешта я твайго нічога не чытаў. Як прозвішча, кажаш? Хаця, чытаў, мусіць гэта ж ты быў у літкамунаўцах?
— Я.
— То-та ж, ваякі... Ды нешта невялікі дождж пакапаў з вашага грому... ТО давай сюды, чаго камечыш у руках гэтыя свае апавяданні. Зойдзеш дзён праз тры.
Тры дні былі мне найгоршаю пакутаю. Рэч у тым, што калі выйшаў першы нумар літкамунаўскага часопіса «Росквіт», дык пра яго ні адна газета, ні адзін часопіс не адгукнуліся ні словам. Мы палічылі гэта за змову і ў другім нумары надрукавалі карыкатуру Уладзіміра Бохана «Вежы маўчання». З гэтай вежы на ўсёй яе вышыні, то з акна, то проста са сцяны, у маўклівай і змоўніцкай позе выступала чыя-небудзь фігура ці аблічча: тыя, хто быў вінаваты ў маўчанні. Была там і фігура Цішкі Гартнага як рэдактара «Полымя». Вядома, як і ва ўсялякім шаржы, там было трохі перакрыўленасці і насмешкі. І цяпер я быў упэўнены, што Гартны нездарма пытаўся, ці не быў я ў літкамунаўцах. Мне прыгадаліся раптам усялякія чуткі, што ён чалавек ганарысты і памятлівы на зло. Раней я такім чуткам не верыў, а цяпер усё гэта магло павярнуцца на праўду.
Праз тры дні я пастукаўся ў тыя самыя дзверы, зайшоў у той самы кабінет. Гартны доўга не адрываўся ад рукапісу, мне стала непамысна: няўжо мой? Але не, папера была добрая і пісана буйным почыркам.
— Ну што, герой, прыйшоў? — нарэшце, дачытаўшы старонку, папытаўся Цішка Гартны сваім насавым голасам. — Ты вучышся дзе ці як? — раптам папытаўся зусім пра другое, кругла гледзячы на мяне. — І, мабыць, бедна жывеш? То зайдзі ў бухгалтэрыю, няхай скажуць, калі табе могуць даць грошай, бо рукапіс твой я ўжо аддаў, каб пускалі ў друк.
Ішоў я з выдавецтва і не мог разабрацца, у чым была мая радасць. Ці ў тым, што ўхвалены рукапіс, ці ў другім — што не спраўдзіліся пра дзядзьку Цішку тыя нядобрыя чуткі».
Крыніца: альманах «Росквіт» № 2 за 1928 год
Як бачым, аўтар гэтых успамінаў ставіцца да Жылуновіча з вялікай павагай, да ўсяго яшчэ ўжывае даўнейшы беларускі зварот — дзядзька. Што адназначна не стаў бы рабіць чалавек, які залічвае сябе да футурыстаў. Бо тыя акурат імкнуліся парваць з мінуўшчынай і скінуць любыя аўтарытэты.
У 1928 годзе Ян Скрыган паступае на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ, якое скончыць у 1932 годзе. Але не без прыгодаў, бо гэтым разам на яго ўжо звернуць увагу, праўда, не літаратурныя крытыкі. У студзені 1930 года на старонках «Звязды» з’явіцца публічны данос на маладога пісьменніка, які будзе канчацца словамі «такім элементам не павінна быць месца ў БДУ». Прычына — банальнае для таго часу нібыта «кулацкае» паходжанне.
У 1933–1936 гадах Ян Скрыган працуе ў рэдакцыі нядаўнастворанай газеты «Літаратура і мастацтва». Многа піша, актыўна публікуецца, трывала ўздымаецца на літаратурны Алімп.
Яго арыштуюць 13 лістапада 1936 года, як і іншых літаратараў той пары — нібыта за «контррэвалюцыйную дзейнасць». І амаль праз год, у кастрычніку 1937 года, асудзяць на дзесяцігадовую высылку ў Сібір. Пакаранне ён будзе адбываць у Нова-Іванаўскім лагеры пад Марыінскам, на нумарным заводзе ва Узбекістане, на сланцавай прымысловасці ў Эстоніі і на новабудоўлях у Краснаярскім краі.
У апошнія дні снежня 1954 года з Яна Скрыгана былі зняты ўсе абвінавачанні, а пастановай Вярхоўнага суда БССР яго цалкам рэабілітавалі і аднавілі ва ўсіх правах. З 1955 года ён працаваў рэдактарам у Беларускім дзяржаўным выдавецтве. З 1959 года быў супрацоўнікам «Полымя», а ў 1967 годзе перайшоў на працу ў «Беларускую Савецкую Энцыклапедыю», дзе з часам заняў пасаду галоўнага рэдактара.
Мова — асноўны «канёк» Скрыгана. Да яе ён ставіўся, як да каштоўнасці, ведаў і валодаў ёй надзвычай добра, таму часта крытыкаваў сваіх калег па пісьменніцкай справе. У артыкуле «Блізкія сэрцу думкі» 1967 года ён піша:
«Я ведаю пісьменнікаў, якія не даюць сабе клопату запомніць, што па-беларуску трэба гаварыць дзякуй вам, а не дзякуй вас; прабачце мне, а не прабачце мяне. Ведаю пісьменнікаў, якія каб апраўдаць свае нелады з моваю, пішуць артыкулы, у якіх сцвярджаюць, што мова — рэч другарадная. Ведаю пісьменьнікаў, якіх лягчэй чытаць у перакладзе на рускую мову».
Ці памянялася нешта глабальна з той пары? Наўрадці...
Пісьменнік Кастусь Цвірка, адзін са стваральнікаў серыі «Беларускі кнігазбор», дзе публікуецца «залаты фонд» беларускай літаратуры, так характарызуе Скрыгана і ягоную мову ў сваіх успамінах:
«Яна ў яго не залітаратураная, як шмат у каго з пісьменнікаў. Гэта жывая, вельмі каларытная, багатая на адценні мова нашай Случчыны. У сваіх артыкулах пра «чары слова» Ян Скрыган не пераставаў даводзіць, што асновай літаратурнай мовы павінна быць жывая мова народа. У сваёй творчасці ён пазбягаў, як сам казаў, «канцылярска-бюракратычнай штучнасці», газетных штампаў, калькі з рускай ці польскай мовы. «Усюды, дзе магу, я змагаюся за мову натуральную, народную», пісаў ён у дзённіку».
Знайсці згадкі аб ім мы можам таксама ў самых розных пісьменнікаў і паэтаў, асабліва, якія прыйшлі ў літаратуру ў 80-я гады. Пісалі пра яго з павагай і Андрэй Федарэнка, і Віктар Шніп, і іншыя літаратары. Толькі ўжо Іван Аляксеевіч у тых успамінах сам у ролі мэтра, як некалі быў для яго Цішка Гартны.
Вяртаючыся да яго: Скрыган, прыгадваючы далей сустрэчы са старэйшым таварышам, які ўжо перажыў чыстку, прыходзіць да думкі, якая гучыць у пэўным сэнсе як запавет: «Не разбурай п’едэсталаў, усё роўна на іх нехта павінен стаяць...»
Ян Скрыган. 1984 г. Крыніца: www.nlb.by
Памёр Ян Скрыган на 88 годзе жыцця. Пахаваны на Паўночных могілках у Мінску.
Л.Г., budzma.org