Афіцыйныя ўлады Беларусі змагаюцца з пандэміяй COVID-19 вельмі арыгінальнымі метадамі. Калі раней хваробу прапаноўвалася лячыць козачкамі, гарэлкай, маслам і трактарамі, то цяпер, з 21 снежня, Беларусь закрыла выезд з краіны.
Гэтае рашэнне вельмі дзіўнае. Па-першае, пакуль што кіраўнік Беларусі не перастае паўтараць, што мы гэтую эпідэмію ўжо неаднаразова перамаглі. Ці выходзім на плато. Ці колькасць захварэлых на COVID змяншаецца. Ці яшчэ нешта такое, аптымістычнае.
Дый раней ён быў цвёрдым прыхільнікам адсутнасці каранціну. Увесну гэтага года, у пачатку першай хвалі пандэміі, Лукашэнка падкрэсліваў, што «нам не трэба закрывацца ні ад палякаў, ні ад расійцаў, ні ад украінцаў. Калі яны хочуць — хай закрываюцца. Нам не трэба гэта рабіць, таму што гэта пустое».
Па-другое, для спынення эпідэміі межы закрываюць на ўезд, а не на выезд. Тым больш што цяпер у Вялікабрытанні і Еўропе нашлі новы штам каранавіруса. Sars-Cov-2 муціраваў, і закрыццё мяжы на ўезд было б слушным рашэннем. Як сказаў лекар-інфекцыяніст Мікіта Салавей, «закрываюць межы звычайна на ўезд, а не на выезд. Выезд ад нас пацыентаў з COVID-19 — гэта праблема іншых краін, а не Беларусі». А вось прыезд да нас асобаў з COVID-19 — гэта менавіта наша праблема.
Тым не менш «Белавія» нават не адмяніла рэйсы ў Лондан, крыніцу новага штаму Sars-Cov-2.
Толькі палітыка?
Большасць экспертаў, якія выказваліся на гэтую тэму, палічыла, што захады па закрыцці мяжы маюць на мэце збіць пратэсную актыўнасць беларусаў. Маўляў, уладам бачыцца, што «лалькаводы» рэгулярна выязджаюць за межы краіны, прывозяць адтуль грошы на падаўжэнне пратэстаў і інструкцыі. А таму межы трэба закрыць.
Калі б сапраўды праз мяжу гойсалі «кур’еры», гэта было б дзіўна. Па-першае, ніхто не адмяняў банкаўскія карткі і электронную пошту рознай ступені абароненасці. Атрымліваць такім чынам грошы і інструкцыі — гэта мінулае стагоддзе. Праўда, менавіта ў мінулым стагоддзі і загразла ментальна нашая ўлада, так што і такі ход думак не трэба скідаць з рахункаў.
Чытайце таксама: Па гэты бок калючага дроту
Некаторыя з адмыслоўцаў пабачылі ў рашэнні аб закрыцці межаў магчымасць збіць пратэсны рух. Нібыта раней у кожнага пратэстоўца была думка, што ў выпадку чаго можна хутка сарвацца ў замежжа, дзе слепаглуханямая беларуская Феміда цябе не дастане. А цяпер такой магчымасці няма.
Што зноў выклікае сумневы. Па-першае, большасць пратэстоўцаў нікуды з’язджаць і не збіралася. Па-другое, рашэнне пра ад’езд прымаецца не ў адзін дзень, і гэта справа не гадзіны. І па-трэцяе, ніхто не перашкаджае выехаць на Захад праз Расію, з якой у нас мяжы няма. Менавіта праз Маскву ў свой час эвакуявалася рэдактарка сайта «Хартыя’97» Наталля Радзіна.
Яшчэ і эканоміка?
Вядома, палітычная матывацыя рашэння пра закрыццё мяжы на выезд — цалкам відавочная. Аднак не выключана, што ёсць яшчэ і эканамічная матывацыя.
Закрыццё мяжы — не адзіная навіна такога кшталту ў шэрагу апошніх. Днямі Палата прадстаўнікоў за палову дня прыняла бюджэт краіны на наступны год з шалёным дэфіцытам у 4 мільярды рублёў. Больш за тое, каб выканаць бюджэт нават з такім дэфіцытам, плануецца павышэнне падаткаў ці не для ўсяго «сярэдняга класу»: ІПшнікаў, рамеснікаў, ПВТ «прывядуць да агульнай рысы» і павысяць рэзідэнтам падаткі з 9% да 13%. А аператарам сотавай сувязі падатак на прыбытак павялічаць аж да 30%.
Карацей, у бюджэце заканчваюцца грошы на дубінкі і святлошумавыя гранаты.
Але рэч у тым, што гэтыя катэгорыі бізнесоўцаў мабільныя і могуць працаваць ці не з любога месца зямнога шару. Айцішнікі ўжо рэлакуюцца на Захад і ва Украіну. Нішто не трымае тут і мабільных аператараў. ІПшнікі таксама лёгкія на пад’ём.
Асаблівае пытанне — выезд дактароў. Ужо сёння Польшча, у якой рэальна змагаюцца з эпідэміяй, значна палегчыла для беларускіх медыкаў рэжым уезду і перабывання. Заробкі там утрая вышэйшыя, а цэны — утрая меншыя. Да таго ж ад’езду спрыяюць рэпрэсіі — медыкі пад іх трапляюць асабліва. Прычым з’язджаюць унікальныя спецыялісты, а дзіркі затыкаць даводзіцца студэнтамі медычных ВНУ, якіх ужо кінулі працаваць у паліклінікі. Калі так будзе і далей, лячыць беларусаў будуць ветэрынары.
Карацей, за мяжу едуць самыя каштоўныя кадры. Тыя, што прыносяць даход: адзін толькі ПВТ даваў у казну прыблізна паўтара мільярда даляраў на год. А пра прадпрымальнікаў, якіх скублі з любой нагоды, варта ўвогуле маўчаць. У выніку краіна можа застацца толькі з працоўнымі беларускіх «флагманаў», якія спрэс сядзяць на дзяржаўных датацыях, працуюць «на склад» і нічога не зарабляюць.
Вядома, некаторыя адзначалі, што ў «беларускай рэвалюцыі» ёсць так званы «фактар гастарбайтараў». Нібыта тыя, хто раней выязджаў на заробкі ў замежжа, праз кавід вярнуліся ў Беларусь і пабачылі, што тут адбываецца. І гэтыя паўмільёна грамадзян адыгралі значную ролю ў выбуху незадаволенасці. Іх ад’езд нібыта сцішыў бы пратэсты. Але… хто ж тады будзе працаваць?
Рэальная небяспека
Безумоўна, усе гэтыя фактары — і асабліва фактар персанальна Лукашэнкі, які хоча паказаць, што кантралюе краіну і можа рабіць тут што заўгодна, — прымаліся пад увагу пры закрыцці мяжы. Але ёсць яшчэ адзін фактар, які крытычна важны для выжывання той самай улады.
Гэта тое, што Літва пачала дасудовае расследаванне катаванняў у беларускіх турмах у межах міжнароднай юрысдыкцыі. І гэта тое, што агучыў Павел Латушка: у Каардынацыйнай рады ў замежжы па 500 заявах аб катаваннях ёсць поўная доказная база.
Расследаванне злачынстваў немагчымае без допыту сведак. А поўнае расследаванне тычыцца пошуку не толькі тых, хто непасрэдна здзяйсняў катаванні, але і тых, хто аддаваў на гэта загады.
Праваабаронцы (напрыклад, Валянцін Стэфановіч) лічаць, што катаванні, якія адбываліся і адбываюцца ў «аўтазаках», РУУСах і ізалятарах нельга назваць нейкім «эксцэсам выканаўцаў», некалькіх міліцыянтаў ці некаторых падраздзяленняў. Дзеянні міліцыянтаў былі і ёсць аднолькавымі па ўсёй тэрыторыі краіны, а значыць, гэта спланаваная акцыя тэрору і запужвання. Адпаведна, павінен быць той, хто даваў загады і дазволы, хто свядома, з асаблівым цынізмам, парушыў артыкул 128 Крымінальнага кодэкса Беларусі «Злачынства супраць чалавецтва».
Закрыццё мяжы можа быць рэакцыяй менавіта на гэтае дзеянне Літоўскай Рэспублікі. Бо за садзейнічанне следству змякчаецца пакаранне. А таму ўладам крытычна важна не выпусціць за мяжу сведак злачынстваў — непасрэдна тых, хто ведае, як аддаваліся загады. Інакш злачынцам проста не будзе куды бегчы — свет для іх звузіцца да памераў уласнага бункера.
Цяпер, калі па беларускіх злачынствах заведзеная рэальная крымінальная справа, калі за межамі краіны могуць затрымаць канкрэтных АМАПаўцаў — не выключана, што нехта з сілавікоў вырашыць змякчыць сабе прысуд чыстасардэчным прызнаннем і шчырым супрацоўніцтвам са следствам. І на падставе іх паказанняў будуць ужо не толькі сімвалічныя санкцыі.
Цікава, колькі сілавікоў скарысталіся лагам у 10 дзён ад паведамлення пра закрыццё межаў да рэальнага іх закрыцця, каб «саскочыць» у замежжа, ды не проста так, а з каштоўнай інфармацыяй?
Мяркуючы па тым, што менавіта 21 снежня грамадская ініцыятыва «Беларускі народны трыбунал» назвала імя меркаванага забойцы Аляксандра Тарайкоўскага, такія былі. І не адзін.
Аліна Бялова, budzma.by