Праект “Мілашоўска-Мілашаўскія чытанні”, распачаты ў 2011 годзе пісьменніцай Аленай Масла, а ў 2012 – адзін з пераможцаў конкурсу праектаў кампаніі “Будзьма беларусамі!” – прадоўжаны сустрэчай са школьнікамі і настаўнікамі ў Чарэі, на радзіме Аскара Мілаша, славутага паэта-містыка.
Гэта ўжо дзясятае па ліку мерапрыемства праекта, большасць з іх (як і гэтая сустрэча ў Чарэі) здзейснілася ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” .
Чэслаў Мілаш – пляменнік Аскара Мілаша і, паводле словаў самога Нобелеўскага лаўрэата, яго вучань у літаратуры. Аскар жа, у сваю чаргу – праўнук таго Іосіфа Мілаша, які набыў землі ў Францішака Сапегі. Землі, дзе быў пабудаваны фальварак Ідолта-Мілашова (мая радзіма – А. М.), наследаваў сын Іосіфа Яўген. А Чарэю – сын Артур, дзед Аскара Мілаша. Адным словам, як ні круці – усе дарогі зноў вядуць на Беларусь!
Мінулай восенню, падчас вечарыны ў “Кніжным салоне”, дзе ладзіліся Мілашоўска-Мілашаўскія чытанні, ганаровай госцяй стала бібліятэкар і краязнаўца Таццяна Казлоўская з Чарэі. Спадарыняй Таццянай у Чарэйскай бібліятэцы створаны міні-музей, прысвечаны асобе Аскара Мілаша, яна – апантаны даследнік і праваднік у мілашаўскі свет. Натуральна, яна шчыра запрашала ў госці “Мілашоўска-Мілашаўскія чытанні”.
Адмыслова на століку ў зале “Кніжнага салона” стаяла бутэлька з вадой з Мілашоўскага возера, якая мусіла зараджацца творчай энергетыкай імпрэзы. Вось яе і падаравалі спадарыні Таццяне. Па вяртанні дамоў разам з настаўнікамі і вучнямі Чарэйскай школы спадарыня Таццяна зладзіла не звычайнае мерапрыемства: экспедыцыю, скіраваную на паяднанне Мілашоўскага і Чарэйскага азёраў і замовы на тое, каб “Мілашоўска-Мілашаўскія чытанні” даехалі ў Чарэю!
Ну, а ў тым, што замовы, падмацаваныя шчырым жаданнем і працаю, абавязкова даюць плён, сёння і пабачылі ў Чарэі.
Гэтым разам “Мілашоўска-Мілашаўскія чытанні” адбыліся пры ўдзеле пісьменніцы Алены Масла і мастачкі Аксаны Аракчэевай, для якой чарэйскія землі – родныя, бо там народжаная яе маці і пахаваны бацька, заслужаны мастак Беларусі Барыс Аракчэеў.
На сустрэчы праводзіліся віктарыны – на “Мілашаўскую” тэматыку і казачная. Пераможцы атрымлівалі прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, а таксама буклет, прысвечаны “Мілашоўска-Мілашаўскім чытанням”. Дзеці ж у падарунак падрыхтавалі спектакль па казцы Алены Масла “Лагодны воўк”.
Алена Масла
Тэгі: Чарэя