Учора, 6 ліпеня, у горадзе Сянно на Віцебшчыне затрымалі Уладзіміра Булаўскага, вядомага арт-мэнеджара, арганізатара канцэртаў і музыканта, паведамляе Беларуская Рада культуры.
Гэта адбылося ўвечары, перад канцэртам «Купальскае кола», дзе Уладзімір мусіў граць з этнагуртом «Гук».
«Забралі двое супрацоўнікаў у грамадзянскім, без тлумачэння прычыны. Нібыта завезлі яго ў Віцебск», — расказалі сябры Уладзіміра.
Гэта ўжо чацвёртае затрыманне Булаўскага за апошнія два гады. У верасні 2020 года яго асудзілі на 8 сутак і прызналі вінаватым у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП). У лістападзе 2021 года — пакаралі 7-сутачным арыштам, верагодна, за «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» па арт. 19.11 КаАП. І ў лютым, у асноўны дзень правядзення рэферэндума, яго асудзілі на 15 сутак.