Як быць без Ulej і Molamola?

05.08.2020 Байнэт

Пасля таго як у платформы Ulej і Molamola перасталі прымаць плацяжы, у арганізатараў праектаў, якія там ужо рэалізоўваліся ці толькі планаваліся, узніклі пэўныя праблемы адносна далейшых дзеянняў. Для тых, хто найбліжэйшым часам усё ж хоча запускаць краўдфандынгавую кампанію, «Будзьма!» падрыхтавала памятку па магчымых альтэрнатывах.


Нядаўна пачалася краўдфандынгавая кампанія маёй новай кнігі. На гэты момант Ulej і Molamola ужо не працавалі («МаеСэнс» быў закрыты яшчэ ў 2018 годзе), а таму да мяне па кансультацыю ці параду пачалі звяртацца прадстаўнікі выдавецтваў і іншыя аўтары. Як ёсць вялікая патрэба ў такой інфармацыі, то я вырашыў згадаць хаця б найпрасцейшыя альтэрнатыўныя варыянты для ўсіх, каму сёння актуальнае пытанне краўдфандынгу, збору сродкаў і ўзаемадапамогі. А сёлета краўдфандынг і фандрайзінг быў асабліва запатрабаваныя. Варта ўспомніць хаця б кампаніі ўзаемадапамогі ў кантэксце выплат штрафаў ці дапамогі у сувязі з каранавірусам.

Чытайце таксама: 6 міфаў пра краўдфандынг

«Талака»

Самы відавочны і блізкі варыянт — гэта платформа «Талака», якая стала першым беларускім краўдфандынгавым сэрвісам у такім фармаце і аналагам якой з’яўляецца Ulej. У адрозненне ад Ulej, тут не трэба падпісваць дамовы, камісія амаль удвая меншая (7%), а аўтар праекта можа атрымаць дапамогу нават калі яна склала, напрыклад, 10% ад запланаванай сумы. Дастаткова стварыць праект і накіраваць на мадэрацыю. Акрамя таго, сэрвіс дазваляе абраць варыянт падпіскі, калі праект атрымлівае грошы рэгулярна (а не збірае ў лімітаваны тэрмін). Да таго ж праз платформу можна не толькі збіраць грошы, але і фарміраваць каманду з адмыслоўцаў і валанцёраў, гатовых дапамагчы праекту іншым чынам.

Але ёсць і хібы. Раней «Талака» збірала грошы праз сэрвіс Belqi «Прыёрбанка». На сёння ёсць інфармацыя пра планы ўзнаўлення працы з адным з беларускіх банкаў, але пакуль платформа збірае грошы з прывязкай да сэрвісу WebMoney. Таму, каб пачаць, трэба будзе стварыць адмысловы акаўнт і прайсці яго верыфікацыю. Але праблема ў тым, што праекты пакуль не магчыма падтрымаць з замежных картак, прымаюцца толькі беларускія. Яшчэ адной праблемай для аўтараў праектаў можа стаць тое, што ў платформы змяніўся фармат камунікацыі: на дадзены момант праз ліставанне на мэйл (пазначаны на сайце і ў сацыяльных сетках нумар тэлефона ўжо не працуе).

Сацыяльныя сеткі

Нядаўна з’явілася інфармацыя, што Instagram плануе запусціць у сваёй сетцы краўдфандынгавы сэрвіс, але ён у любым разе пакуль недаступны. Сярод найбольш папулярных сацыяльных сетак у Беларусі такую магчымасць пакуль маюць толькі Facebook і VK. Выглядае, што ў грамадскіх кампаній і беларускіх НДА больш папулярным і надзейным лічыцца варыянт Facebook. Каб скарыстацца названымі сэрвісамі, трэба будзе дадаткова ўважліва разбірацца з некаторымі асаблівасцямі як у межах самой сеткі, так і з пытаннем вываду грошай. Так, у VK спатрэбіцца ўсталяваць аплікацыю «Мэты», якая прымае грошы праз VK Pay, «Яндекс. Деньги» і CloudPayments. Гэтаксама ў Facebook трэба будзе папрацаваць з адмысловай старонкай. Падрабязней пазнаёміцца з умовамі можна тут.

«Яндекс. Деньги» і WebMoney

З дастаткова папулярных і распаўсюджаных можна вылучыць два сэрвісы, хоць не беларускіх, але ва ўмовах адсутнасці іншых дастатковых для заяўленых мэтаў. Абодва сэрвісы з’яўляюцца фактычна электроннымі плацежнымі сістэмамі з дастаткова шырокім функцыяналам і разнастайнымі магчымасцямі. У прыватнасці, ёсць адмысловы інструмент для краўдфандынгу: у «Яндекс. Деньги» гэта «Я. Соберу», але падрабязней пра збор сродкаў можна даведацца тут, а ў WebMoney — WebMoney Funding.

Замежныя пляцоўкі, donate і сэлфмэйд

Можна скарыстацца для свайго праекта і мэтавымі замежнымі пляцоўкамі для краўдфандынгу (напрыклад, Kickstarter, Indiegogo, Boomstarter). Але варта разумець, што краўдфандынгавая платформа з’яўляецца не толькі тэхнічнай старонкай, але збірае вакол сябе і ўласную супольнасць. Гэта значыць, што вельмі часта праекты падтрымлівае менавіта гэтая супольнасць, а не толькі сябры, прыхільнікі і падпісанты арганізатараў канкрэтнага праекта. У сувязі з гэтым беларусы ідуць на такія замежныя пляцоўкі, калі праект мае ўніверсальны характар і накіраваны на міжнародную аўдыторыю.

Як правіла, у выпадку краўдфандынгу ад арганізатараў прадугледжваецца нешта ўзамен за падтрымку (можа быць прадукт (калі гэта перадзамова) або падарунак ці нешта сімвалічнае). У выпадку фінансавай падтрымкі можа выкарыстоўваць сэрвісы для данатаў (напрыклад, donationalerts.com). Але некаторыя з дадзеных сэрвісаў маюць абмежаваны функцыянал (напрыклад, працуюць толькі толькі праз адмысловую кнопку на вашым сайце), што варта загадзя ўдакладніць пад канкрэтныя патрэбы.

Але простым і дастаткова эфектыўным для некаторых праектаў можа стаць сэлфмэйд-фармат, як бы я яго назваў. Калі часу і ведаў не хапае на стварэнне ўласнага сайта, дастаткова стварыць гугл-форму, праз якую можна пазнаёміцца з падрабязнасцямі, абраць лот (падарунак ці прадукт, які атрымае чалавек) і пакінуць усе неабходныя кантакты. А ўжо далей арганізатары праекта ўдакладняюць і прапаноўваюць найбольш зручны спосаб пераводу грошай: электронныя плацежныя сістэмы, карта, а то і наяўнымі на прэзентацыі праекта. Але варта памятаць, што ў Беларусі існуе ліміт на такія зборы (якія не абкладаюцца падаткам) у 6569 рублёў.

Поспехаў!

Кірыл Стаселька, budzma.org



Сачыце за нашымі публікацыямі ў TelegramFacebookВконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!