Міжнародны фестываль кароткаметражнага кіно «Нефільтраванае кіно» працягвае працу і запрашае беларускіх рэжысёраў да ўдзелу ў конкурсе.

Даслаць працу можна праз сайт unfilter.by.
Дэдлайн — 22 студзеня 2026 г.
Кінафестываль «Нефільтраванае кіно» лічыцца ўнікальнай культурнай кінападзеяй для Беларусі. Заснаваны ў нетрах сталічнага андерграўнду ў сярэдзіне 2010-х як сайд-праект больш уплывовай, але, як выявілася пазней, недаўгавечнай кінападзеі Cinema perpetuum mobile, ён выгадна вылучаўся на досыць аднатыпнай фестывальнай мапе Беларусі.
Яго арганізатары — а гэта энтузіясты супольнасці «Мінскага кінакааператыву», — зрабілі стаўку на нетыповае, а часам досыць эксперыментальнае аўтарскае кіно і анімацыю, а таксама яго яскравую падачу. Яны запрашалі аўтараў з усяго свету ў Беларусь на паказы, дамаўляліся з кінатэатрамі ў розных кутках краіны на супрацу, ладзілі вандроўныя кінаклубы з праглядам стужак на адкрытым паветры. І гэта ўсё без наяўнасці фінансавання.
Актывісцкая закалка дапамагла «Нефільтраванаму кіно» і ў складаныя часы. Фестываль перажыў пандэмійны лакдаўн, некалькі хваляў рэпрэсій і нават пачатак поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Але ў 2023 г. дзяржцэнзура ўсё ж дацягнулася да яго...
Стваральнікі кінафестывалю і тут знайшлі выйсце. Сёння фэст праводзіцца за мяжой: у Літве, Польшчы, Фінляндыі і Германіі.