Пасьля прысуду журналістцы Кацярыне Андрэевай, якую прызналі вінаватай у «здрадзе радзіме» і асудзілі на 8 гадоў калёніі, мы зьвярнулі ўвагу на тое, як, каго і за што судзілі з такой фармулёўкай раней, у СССР, піша Павел Хадзінскі для «Новага Часу».
Партрэты Яжова і Сталіна ў лягеры з надпісам «Сьмерць здраднікам Радзімы!»
Галоўная мэта існаваньня таталітарных рэжымаў — гэта захаваньне ўласнага існаваньня. Кожная хвіліна абаронцаў такіх рэжымаў прасякнутая пошукамі тых, хто можа расхістаць, зьнішчыць ці нават проста праіранізаваць з рэжыму — хай сабе і толькі ў фантазіях дзеючага кабінэту тэрора. Такія рэжымы лёгка бяруць на сябе мадэль, калі словы «радзіма», «дзяржава», «рэжым» становяцца сінонімамі. Тады атрымліваецца, што немагчыма разарваць гэтыя сувязі. Такім чынам, выступаючы супраць рэжыму — ты здраджваеш усёй Радзіме.
Чырвоныя камісары ў СССР распрацавалі ў 1922 крымінальны кодэкс, у якім быў артыкул 58 «Контррэвалюцыйныя злачынствы». Ён утрымліваў 14 пунктаў, першы зь якіх акурат і меў назву «Здрада Радзіме». Абвінавачаным пагражаў расстрэл. Але нават калі самы гуманны суд быў літасьцівы і прысуджаў 10 ці 25 гадоў, разам з гэтым трэба ўлічваць, што чалавек пазбаўляўся ў далейшым правоў на пэнсію, на дапамогу па беспрацоўі, бацькоўскіх правоў. У БССР быў прыняты свой кодэкс у 1928, нумар адпаведнага артыкула быў 63.
Звычайна гэтае абвінавачваньне было зьвязанае са шпіянажам і спробамі зьбегчы з сацыялістычнага раю. Цікавы факт: калі ў вайскоўца, які зьбег за мяжу, заставаліся поўнагадовыя сваякі, якім было вядома аб гэтых плянах, і якія не паведамілі маёру — іх чакала зьняволеньне на 5 ці 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці. Калі атрымлівалася даказаць, што сваяк не ведаў пра ганебныя пляны ўцекача-здрадніка — тады яго чакала толькі прымусовае перасяленьне ў аддаленыя раёны Сібіры на 5 гадоў. У 1934 усе лягеры ў СССР былі аб’яднаныя ў адно галоўнае ўпраўленьне, што і дало сумнавядомую ўсім абрэвіятуру ГУЛАГ. Да 1953 па артыкуле 58 былі асуджаныя амаль 4 мільёны чалавек у СССР.
У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 быў расстраляны пісьменьнік Майсей Кульбак за «Здраду Радзіме». Ён працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх перыядычных выданьняў, у габрэйскім сектары АН БССР. Сябра саюза пісьменьнікаў Беларусі з 1934 года.
Майсей Кульбак
Арыштаваны 11 верасьня 1937 у Менску, Майсей Кульбак асуджаны пазасудовым органам НКУС 28 кастрычніка 1937 года як «чалец контррэвалюцыйнай трацкісцка-тэрарыстычнай арганізацыі» і за «сувязь з польскімі выведорганамі» да вышэйшай меры пакараньня з канфіскацыяй маёмасьці.
Яго жонка, Зэльда Кульбак асуджаная ў лістападзе 1937 «асобай нарадай» як жонка расстралянага ворага народа на 8 гадоў лягероў.
Зэльда Кульбак
«Здрада Радзіме» падчас Другой сусьветнай вайны? Лёгка. Такое абвінавачваньне масава датычылася ўсіх тых вайскоўцаў, якія былі вызваленыя з нямецкага палону, альбо самі здолелі ўцекчы. Гэтыя жаўнеры напрацягу месяцаў знаходзіліся ў фільтрацыйных лягерах, дзе «СМЕРШ» праводзіў праверку. Гэтыя вайсковыя лягеры на тэрыторыі Беларусі прайшлі каля 350 тысячаў чалавек, зь іх за «Здраду Радзіме» растраляных ці асуджаных на 25 гадоў лягераў было 20%. Паспрабуйце ўявіць гэтую колькасьць людзей.
У аўтара артыкула таксама былі асуджаныя за «Здразу Радзіме» сваякі. Адна зь іх — Марыля Какашынская, дачка аднадворца Ксаверыя і шляхетнай Марыяны з Драбышэўскіх. Нарадзілася ў 1890, была лекарам у Магілёве. 23 сьнежня 1944 была арыштаваная камуністамі. На гэты час працавала дэзінфектарам у гарсанэпідэмстанцыі Магілёва. Дзівосным чынам рэабілітаваная 31 траўня 1945 і вызваленая 1 чэрвеня, пасьля чаго жыла ў Гародні. Далейшы лёс невядомы нікому са сваякоў.
Марыля Какашынская
У 1947 быў расстраляны за «Здраду Радзіме» Сямён Бычкоў. Гэта быў пілот, які ў 1943 атрымаў ганаровае званьне «Герой СССР» за асабістае зьнішчэньне 15 нямецкіх самалётаў. Але напрыканцы 43-га ён трапіў у палон і пачаў супрацоўнічаць з немцамі. Пасьпеў атрымаць у арміі Ўласава званьне маёра. Пасьля вайны быў арыштаваны органамі НКУС.
31 жніўня 1949 былі прысуджаныя 25 гадоў лягероў беларускаму ксяндзу Адаму Станкевічу за «Здраду Радзіме». Гэты легендарны чалавек, які стаяў ля вытокаў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, быў рэдактарам часопіса «Хрысьціянская думка». Ён быў першым, хто пачаў беларусізаваць касьцёл. У сувязі з такой дзейнасьцю польскія ўлады ў 1938 высяляюць яго з Вільні ў Слонімскі касьцёл. Пасьля сканчэньня Другой сусьветнай вайны ксёндз Адам не пайшоў на правакацыю камуністаў па разрыве з Ватыканам і стварэнні «аўтаномнага касьцёла». Ксёндз Станкевіч быў арыштаваны камуністамі і пасьля прыезду ў лягер на адбыцьцё 25 гадоў забіты супрацоўнікамі НКУС. Сьведкі тых падзеяў распавядалі, што калі цела ксяндза цягнулі на могілкі, яму на разьвітаньне прабілі грудзі і кувалдай разьбілі галаву. Зараз вядзецца гаворка аб магчымай беатыфікацыі (першай ступені перад абвяшчэньнем сьвятым) Адама Станкевіча.
Ксёндз Адам Станкевіч
27 жніўся 1952 на тэрыторыю Беларусі з амэрыканскага ваеннага самалёта быў высаджаны Цімох Вострыкаў у якасьці паўнамоцнага прадстаўніка Рады БНР. Праз тыдзень быў схоплены НКУС і да 1955 знаходзіўся на «Валадарцы». За «Здраду Радзіме са зброяй у руках» прысуджаны да 23 гадоў. Адбыў гэты тэрмін у Мардоўскіх лягерах. Спадар Вострыкаў выйшаў у 1975, працаваў на будоўлях да пэнсіі.
Напачатку вайны ён быў мабілізаваны ў чырвоную армію, трапіў у акружэньне і палон, зь нямецкага лягеру ўцёк у Гомель, адтуль як остэрбайтэр паехаў на працу ў Нямеччыну. Вярнуўся назад у Гомель, і перад наступам чырвонае арміі ў 1943 вырашаў, ці зноў трапляць у савецкае жыцьцё, ці шукаць новыя пэрспектывы. Адправіўся яшчэ раз у Нямеччыну, у выніку трапіў у амэрыканскую зону акупацыі. Падобныя сцэнары былі даволі распаўсюджаныя ў часы вайны.
Пасьля вайны пазнаёміўся з беларускім эмігранцкім рухам і вырашыў, што для Беларусі ён не будзе карысны з-за мяжы. Цімох прайшоў спэцпадрыхтоўку з амерыканскімі спэцслужбамі і дэсантаваўся ў Беларусь.
16 траўня 1963 быў расстраляны палкоўнік ГРУ Алег Пянькоўскі, якога пазьней называлі самай буйной асобай з ліку агентаў, якіх атрымалася завербаваць заходнім службам. Яго судовы працэс па «Здрадзе Радзіме» ўпершыню ў гісторыі шырока асьвятляўся савецкім тэлебачаньнем і друкаванымі СМІ. Пасьля судовага працэсу была надрукавана стэнаграма судзілішча 100-тысячным накладам.
Алег Пянькоўскі
15 чэрвеня 1970 была затрыманая група савецкіх габрэяў, якія наважыліся захапіць самалёт і зьбегчы ў Швэцыю. Сваім учынкам яны імкнуліся прыцягнуць сусьветную ўвагу да масавага антысемітызму ў СССР. У 1960-я краіна саветаў актыўна падтрымлівала арабскія краіны ў войнах супраць Ізраіля (Ізраіль перамог ва ўсіх). Ідэя захопу самалёту належала ленінградзкім чальцам габрэйскай арганізацыі Гігелю Бутману, Эдуарду Кузьняцову і Марку Дымшыцу. Сваю аперацыю яны рамантычна назвалі «Шлюб». Плянавалася выкупіць усе квіткі на рэйс ТУ-124 «Ленінград-Мурманск», а на магчымыя пытаньні службаў адказваць, што людзі ляцяць на вясельле. Але праз прычыну тэхнічнай складанасьці вырашылі адмовіцца ад першапачатковага пляну і захапіць невялікі Ан-2. У апэрацыі ўдзельнічалі 16 габрэяў. Каля трапа ўсе яны былі арыштаваныя. Абвінавачаныя ў «Здрадзе Радзіме». Дваіх удзельнікаў прысудзілі да расстрэлу, потым прысуд замянілі на 15 гадоў зьняволеньня, астатнія атрымалі ад 10 да 15 гадоў. У 1978 іх абмянялі на савецкіх шпіёнаў, схопленых на капіталістычным захадзе.
Лягеры ў Мардовіі ў 1970-я
14 лістапада 1985 быў прысуджаны да расстрэлу за «Здраду Радзіме» палкоўнік КДБ Алег Гардзіеўскі. Праўда завочна — ён пасьпеў зьбегчы ад органаў. Гардзіеўскі нарадзіўся ў сям’і супрацоўніка НКУС, і як распавядаў пазьней, на антысавецкія пазыцыі яго прывёў Хрушчоў, пасьля дакладу якога ў 1956 Алег Гардзіеўскі даведаўся пра маштабы крывавых рэпрэсій. У 1962 ён трапіў на працу ў КДБ і каля 1970 быў завербаваны падчас камандзіроўкі ў Данію. Спадар Гардзіеўскі казаў, што канчаткова расчараваўся ў сацыялістычным раі пасьля разгрому танкамі Пражскай вясны 1968. У пачатку 1985 амэрыканец, былы агент ЦРУ, перадаў новым маскоўскім гаспадарам спіс агентаў, якія працуюць на заходнія спэцслужбы. У спісе быў і Гардзіеўскі. Палкоўніку ў выніку атрымалася вырвацца з СССР праз Фінляндыю.
Рональд Рэйган і Алег Гардзіеўскі
Да ведама. Артыкул 356 КК Беларусі. Здрада дзяржаве
1. Выдача замежнай дзяржаве, міжнароднай або замежнай арганізацыі ці іх прадстаўнікам дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь, а роўна зьвестак, што складаюць дзяржаўныя сакрэты іншых дзяржаваў, перададзеных Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, або шпіянаж, або пераход на бок ворага падчас вайны ці ўзброенага канфлікту, або іншае аказаньне дапамогі замежнай дзяржаве, міжнароднай або замежнай арганізацыі ці іх прадстаўнікам у правядзеньні дзейнасьці, скіраванай на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, наўмысна зьдзейсненыя грамадзянінам Рэспублікі Беларусь (здрада дзяржаве), — караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад сямі да пятнаццаці гадоў са штрафам ці без штрафу.
2.Здрада дзяржаве, зьдзейсненая службовай асобай, якая займае адказнае становішча, ці асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца, — караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад дзесяці да дваццаці гадоў са штрафам ці без штрафу.