У беларускай літаратуры не так шмат спробаў стварыць сваё нацыянальнае фэнтэзі, як, напрыклад, гэта зрабіў Сапкоўскі для Польшчы. І вось адносна нядаўна на паліцах кнігарняў з’яўляецца дэбютны твор Максіма Кутузава «Князь-ваўкалак». Атрымалася ў яго беларускае фэнтэзі ці не? Скажам так, надзея ёсць.
Казаць падрабязна пра нашага шчаслівага дэбютанта тут асабліва няма сэнсу, бо раней мы ўжо размаўлялі з Максімам пра яго погляды, гісторыю напісання кніжкі і яго чаканні ад яе. Таму адразу пераходзім да плёну яго фантазіі.
Вось яна — кніга, якая, магчыма, шэдэўр і піянер у дарослым беларускім фэнтэзі! На выгляд… даволі тлустая кніжка ў мяккай вокладцы, дзе даволі прыемным шрыфтам напісаная гэтая простая, але загадкавая назва — «Князь-ваўкалак». На жаль, ілюстрацыя вокладкі не вельмі спадабалася, бо яна падаецца аднатоннай і дэталі відавочна зліваюцца. Апісанне ж кнігі, асабліва пасля прачытання, хутчэй характарызуе погляд галоўнага героя, чым апавяданне. Але перад першым «разрэзам» прапаноўваю вас саміх з ім пазнаёміцца.
«Людзі звычайна думаюць, што жыццё князя прыемнае і бесклапотнае. Аднак ці яно такое на самой справе? Ці можна назваць бесклапотным жыццё, калі пагроза варожага мяча і здрадніцкага кінжала заўсёды побач? Калі нельга быць упэўненым у тым, хто з’яўляецца сябрам, а хто толькі робіць выгляд?.. Ці можна назваць прыемным жыццё, калі ты ім не валодаеш? Калі ты не можаш зрабіць ніводнага кроку без згоды тваіх дарадчыкаў? Жыццё князя можа быць і вельмі цікавым ды насычаным, калі яму пашанцавала і ён нарадзіўся ваўкалакам. У гэтым выпадку перад ім адкрываюцца зусім іншыя магчымасці. Галоўнае — ведаць, як імі скарыстацца…»
У любым разе, гэта хутчэй не зусім удалы маркетынг, які ніякім чынам не адлюстроўвае якасці твора. Яшчэ варта дадаць, што ў маім асобніку зрэдку праскоквалі крэйдаваныя бліскучыя старонкі. Можа, памылка тыпаграфіі, а можа, пэўная фішка — не ведаю, але ж часам раздражняла — тут жа хочацца пастаянства!
Пугі і пернікі
Калі падводзіць вынікі наконт выгляду, то я не магу сказаць пра высокі ўзровень. Не найгоршы, але і нельга назваць якасным.
Вердыкт выгляду: 5.5 яблыкаў
З выглядам разабраліся, таму пераходзім да мясцовага літарнага акіяну.
Скажу шчыра: калі адкрываў першую старонку, то рыхтаваўся пабачыць нейкія канкрэтныя спасылкі на часы Полацкага княства і Усяслава Чарадзея. Але быў прыемна здзіўлены — гаворка пайшла зусім пра іншае.
Першае, што кідаецца ў вочы і выглядае нестандартна — аповед ад першай асобы, што вымушае глядзець на кнігу хутчэй як на дзённік галоўнага героя, чым на партал у іншы сусвет. У гэтым ёсць пэўная навацыя, за што можна паставіць толькі плюс.
Сусвет твора і падзеі — ядзерны мікс усёй гісторыі сучаснай Беларусі ад Полацкага княства да бітвы пад Оршай, але самабытны і незалежны ад сапраўдных падзей. На жаль, тут няма нейкіх пэўных назваў — збольшага, апроч персанажаў, гэта no name. Асабіста я гэта лічу мінусам, бо адсутнасць падрабязнасцяў літаратурнага свету перашкаджае яго поўнасцю адчуць і паглыбіцца. То бок у гэтым прастора «Князя-ваўкалака» прасядае.
Сюжэт ідзе даволі спакойна і зноў жа нагадвае хутчэй нататкі з жыцця нашага ананімнага Князя. Ці ёсць тут эпас, як у Толкіна? Так, але нашмат меншы і ў мясцовым каларыце. Ці ёсць тут бруд, развітыя партрэты персанажаў, моцны гумар і вялікія драмы, як у Сапкоўскага? На жаль, не. Як на мяне, у творы не хапіла вастрыні, самабытнасці і… адсутнасці цэнзуры? У любым разе, кожнаму па смаку. Пры гэтым сюжэт нельга назваць самотным. Тут ёсць насычаныя часткі, якія вымушаюць з цікаўнасцю зачытвацца, што па факце і мусіць рабіць кніга такога жанру. На жаль, такая актыўная стужка захаплення не цягнецца праз усю кнігу, але, магчыма, гэта ад недахопу вопыту. Нават ёсць моманты нечаканасці, але некаторыя з іх выглядаюць крыху няўпэўнена. Складаецца ўражанне, што аўтар у гэтых месцах баяўся рэакцыі чытача, таму перад падзеяй даволі нясціпла намякае, што ў пэўны момант адбудзецца тое і тое. Падлеткам, можа, і зойдзе, але больш сталым людзям хочацца, наадварот, рэзкіх паваротаў і нечаканасцяў. Дарослыя ж чытаюць фентэзі як атракцыён, які павінен быць нібы амерыканскія горкі — круціць галаву, перабіваць дыханне, выклікаць драйв і захапленне. Зноў жа — гэта толькі пэўныя моманты, часам я сябе адчуваў менавіта так.
Сам наш Князь, нягледзячы на свае здольнасці да пераўтварэння, аказаўся больш інтэлектуалам, чым ваяром, што выглядае часта даволі дзіўнавата. Я тут не кажу, што баявы манарх павінен быць тупым, але наш ваўкалак ЗАНАДТА падобны хутчэй на літаратурнага слімака, які лепш падручнік па гісторыі пачытае, чым мячом будзе махаць. І гэта не я прыдумаў — у кнізе ёсць такі момант!
«Юнацтва прасядзеў за кнігамі і падручнікамі ды праскокаў на замкавых пляцоўках, дзе вучыўся карыстацца зброяй».
Зраблю толькі адзін спойлер — зброяй ён так сабе валодае.
Але нягледзячы на такую падачу Князя, нават у такога інтэлектуала ёсць свой адваротны бок. У чым ён заключаецца? Ну слухайце, князь жа можа сабе дазволіць часам упівацца да ўпаду і купляць сабе прыгожых танцорак у іншай краіне, каб потым даволі прыемна правесці ноч. І, дарэчы, адзін момант з другога пункту аказаўся нават вельмі якасным эратычным апісаннем. Прытым напісана настолькі добра, што нават прывяду цытату:
«Сястрычкі знялі абутак і басанож сталі на дыван. Яны крочылі лёгка, быццам птушкі, якія пералятаюць з галінкі на галінку. Люцыя наблізілася да мяне і пяшчотна пацалавала ў вусны, я ў сваю чаргу адной рукой абхапіў яе танюткую талію. Тым часам Элішка пачала адну за адной гасіць свечкі, якія гарэлі ў пакоі, пакуль мы не засталіся ў поўнай цемры…»
Гэта ж сапраўдная паэзія. Асабліва калі ўлічваць, што гэта напісана вуснамі самога Князя, то можна толькі зрабіць адзін вынік — ён сапраўды шмат чытаў у дзяцінстве!
Калі сур’ёзна, то, нягледзячы на простую мову напісання, твор чытаецца вельмі добра, а месцамі хапае і прыгожых абаротаў, апісанняў. Мова ў творы атрымалася простай, паступовай, з лёгкім гумарам і нядрэнна вытрыманым каларытам думак людзей тых часоў. То бок у пэўным сэнсе інсайд у эпоху атрымаўся. Але ж усё ж адчуваецца дэбютнасць аўтара, бо мова кнігі зашмат простая, не абцяжараная апісаннямі і пэўнымі падрабязнасцямі, што зноў жа схіляе аўдыторыю кнігі больш для падлеткаў, чым для мацёрых літаратурных аматараў.
Калі казаць пра асноўныя элементы любога фентэзі — гераізм і патрыятызм, то тут яго хапае. Князь амаль суткамі думае аб будучыні краіны. Збольшага ўсе яго паплечнікі — сапраўдныя героі і патрыёты, а рашэнні нашага героя сустракаюць… «Як скажаце, Вялікі Князь!» Пры гэтым наш герой не сноб, а любіць свой народ і паважае паплечнікаў, прыслухоўваецца да іх. Але ж, шчыра, у пэўныя моманты гэты патрыятызм… пераліваецца з краёў, яго бывае зашмат. Вось яскравы прыклад:
«Што за брыдкія пахі? Некаторым даводзіцца кіраваць вялікімі дзяржавамі, а вы з простай печчу справіцца не можаце!? А нам з-за вас смуродам дыхаць?»
Ну пагадзіцеся, такія словы казаць нават падчас п’янкі ў карчме — крышку перабор, не знаходзіце?
Вядома, ніякіх спойлераў тут не будзе, але я не магу не выказацца наконт фіналу кнігі. Скажу шчыра — не спадабалася. Такое адчуванне, што ўся кніга была напісаная дзеля адной старонкі развязкі, дзе нават няма нармальнай драмы, хаця яна туды проста просіцца. Усё адбываецца ў адно імгненне, рэзка і — канец. Аўтар нібы заціснуў тормаз у спарткары і спыніўся ў адно імгненне. Сюжэт развязаўся выдатна, але гэта было зроблена ну зусім рэзка! Пасля ўсёй кнігі чакаеш больш падрабязнасцяў. Таму тут я мінусую за адсутнасць нармальнага апісання фіналу, але стаўлю плюс за цікавы сюжэтны паварот і намёк на працяг.
Пугі і пернікі
Кніга атрымалася цікавай, вельмі нават нядрэннай для дэбютанта, але ж гэта першая кніга ў жыцці аўтара, таму тут Толкін і Сапкоўскі пакуль могуць спакойна сядзець на сваім Алімпе. Для беларускага кантэксту я лічу гэту кнігу мастхэвам для ўсіх беларускіх падлеткаў, якія так ці інакш цікавяцца нашай нацыянальнай культурай, бо менавіта «Князь-ваўкалак» зможа зацікавіць іх для больш паглыбленай павагі і вывучэння свайго краю. А больш сталым… Халера, панове, гэта першае не зусім дзіцячае фентэзі ад беларуса па-беларуску!
Вердыкт за твор: 7 мячоў
Багдан Сакалоў