Аліна Бялова на budzma.by працягвае тэму пошуку імёнаў для нованароджаных з беларускім каларытам. Гэтым разам гаворка пойдзе пра жаночыя імёны.
Адзін з закідаў пра «беднасць» беларускай мовы гучаў так, што на ёй нібыта немажліва ласкава назваць дзяўчыну. У адказ на гэта даволі даўно Павел Севярынец набраў багата пяшчотных словаў для дзяўчат: любачка, любушка, жаданачка, дарагуся, разлапушка, лялечка, таечка, чаечка, галачка, галанька, галубка, галубачка, галубанька, зязюлька, лябёдка, лябедзюхна, ласачка і гэтак далей. Пагадзіцеся, гэта не звычайнае рускамоўнае «зайка».
Тое самае з беларускімі жаночымі імёнамі. Калі сярод мужчынскіх імёны з беларускім каларытам даводзіцца выбіраць, то жаночыя — больш разнастайныя, больш гучныя і больш цікавыя. Мы ўжо пісалі, напрыклад, пра Рагнеду і пра Алаізу — Алісу. Але знайсці цікавае і прыгожае жаночае імя ў зборніку «Беларускія імёны» Сымона Борыса вельмі проста.
Чытайце таксама: Назаві мяне па-беларуску!
Пачнём з апетага «Песнярамі» і Мулявіным імені Алеся. Вельмі прыгожае і цікавае імя, якое, паводле даведніка, з’яўляецца стараславянскім і азначае проста «дзяўчына з Палесся». Не ведаю, ці было ў старажытных славян азначэнне «Палессе», але аднекуль жа яно ўзялося, праўда?
Алеся таксама можа быць формай імені «Аліса», што азначае «крылатая» (анёл), і беларускай, польскай, украінскай (усходнеславянскай) формай імені Аляксандра — «абаронца чалавецтва». А можа быць і формай імені Алітэя — гэта грэцкае імя, якое азначае «ісціна, праўда».
Аліна — таксама імя з беларускім каларытам. Тут ужо ў яго можна ўкласці ўсё што заўгодна. Па-першае, утварэнне ад цюркскага празмерна папулярнага імені, жаночая форма мужчынскага арабскага імені Алі ў значэнні «высакародная, ўзнёслая; тая, што шануе Алаха»
Аліна можа быць рускай формай германскага імені Адэліна/Адэлаіда — «высакародная, велікадушная, велічная». Таксама гэта ласкальная форма імёнаў Аляўціна, Ангеліна, Адэльгейда, Эліна і да іх падобных. З французскай Аliéné перакладаецца на беларускую як «вар'яцкая, вар’ятка; не ад гэтага свету». Што пераклікаецца з англійскім Аlien — «чужаземка, іншаземка, чужынка».
Хочаце, каб вашая дачка была іншапланецянкай, — называйце яе Алінай.
Васіліна — прыгожае беларускае імя з грэцкімі каранямі, у перакладзе — «жонка кіраўніка, цара». І — форма імя Васіліса, якое, уласна, і азначае: «царыца».
Гардзіслава — тут усё проста, гэта жаночая форма мужчынскага імені Гардзіслаў, што азначае «гордая і слаўная».
Дзіўна, але ў іменніку Сымона Борыса як беларускае вызначанае цікавае і даволі рэдкае імя Каміла. Гэтае імя мае арабскае (كاملة) паходжанне, і азначае яно «ідэальная; дасканалая; бездакорнага паходжання». З’яўляецца жаночай формай мужчынскага арабскага імені Каміл, звышпапулярнага ў цюркаў.
Чытайце таксама: Як адрознівацца ад іншых
Але лацінскае тлумачэнне імя Каміла прасцейшае: camomile перакладаецца на беларускую як «рамонак; служка храма».
Цікавае беларускае імя Луцэя. Яно сугучнае з рускім «Лукия», фемінізаваны варыянт мужчынскага імені Лука: грэцкага (Λουκᾶς) або лацінскага паходжання (Lucius, Луцый), распаўсюджанага ў антычную эпоху. А яно ўтварылася ад lux («святло»; родны склон — lucis).
Можна было б чакаць, што гэта біблейскае імя, ад аднаго з аўтараў Бібліі Лукі, але насамрэч — не. Яно яшчэ больш старажытнае. У старажытнарымскай міфалогіі Луцый — традыцыйны эпітэт Марса.
Цікава, што імя Люцыя (і яго мужчынскі варыянт Люцый) было надзвычай папулярнае пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Бо, як ні дзіўна, трактавалася як усячэнне ад слова «рэвалюцыя». Вядомыя нават выпадкі называння дзяўчынак-блізнят, калі адной з дачок давалі імя Рэва, а другой — Люцыя.
Міхаліна — таксама прыгожае каларытнае імя. Але ў тлумачэнні — жаночая форма мужчынскага імені Міхаіл: «падобная на Бога; як Бог». А што азначае імя Міхаіл, мы ўжо згадвалі.
Цікавае імя Паланэя. Гэта стараславянскае імя, форма імені Апалінарыя, утворанага ад грэцкага απαλλασσόμενες, і ў перакладзе азначае «вызваленая» альбо «якая вызваляе».
Як беларускае ў іменніку Борыса пазначанае і імя Саламея. Найперш гэта, вядома, жаночая форма мужчынскага імені Саламон (Шалом) у значэнні «мірная, ціхая; абароненая; дасканалая, суцэльная, шчасная».
У Евангеллі ад Тамаша Саламея згаданая ў ліку жанчын, якія прысутнічалі пры пакаранні смерцю Ісуса і прыйшлі да яго грабніцы. Але пра казанні яе нічога не сказана, што можна спісаць на агульны мужчынска-шавіністычны характар адносін таго часу.
Саламея— таксама іўдзейская прынцэса, дачка Ірадыяды, падчарка Ірада Антыпы. Адна з персанажаў Новага Запавету (аднак там яна не згаданая пад уласным імем). Вядомая сваім майстэрствам танцу, якое зачаравала Ірада так, што ён пагадзіўся выканаць любое яе жаданне. Саламея запатрабавала забіць прарока Яна Хрысціцеля, і ёй была прынесеная яго галава.
І вельмі прыгожае імя Яніна. Памятаеце, «Ясь і Яніна», быў такі савецкі фільм 1974 года, галоўныя ролі ў якім гралі ўсё тыя ж «Песняры»? Рэдкае выключэнне «Беларусьфільма», якога за любоў да ваеннай тэмы называюць «Партызанфільмам». Дык гэтае кіно не пра вайну, а пра любоў.
Яніна — гэта ўкраінская і беларуская форма імені Яна, жаночая форма мужчынскага імені Ян, якое азначае «Гасподзь міласэрны». Але яшчэ і варыяцыя цюркскага імені Yanına — «наступная».
«Слаў» ці «мір»? Беларускія імёны для хлопчыкаў
А вось яна акрамя мужчынскай формы мае яшчэ некалькі цікавых тлумачэнняў. Напрыклад, англійская форма Джэйн (Jane), што роднаснае ўжо імені Іяана.
Яна можа азначаць проста «народжаная ў студзені (January)». А можа быць утварэннем ад армянскага հուշարձան, што ў сваю чаргу ўтворанае ад персідскага (фарсі) — Джан (جن) у значэнні «жыццёвая, душэўная».
Прыгожых жаночых беларускіх імёнаў у нас больш, чым мужчынскіх. Ці не азначае гэта, што жаночая прыгажосць беларусамі шанавалася заўсёды?
Аліна Бялова, budzma.by