Удзельнікі міжнароднай журналісцкай праграмы «Медыя-дыялог» з Нямеччыны, Арменіі, Грузіі, Малдовы і Украіны падпісалі і адправілі больш за 40 паштовак і лістоў зняволеным беларускім журналістам, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Акцыя была прымеркаваная да Міжнароднага дню барацьбы за спыненне гвалту ў адносінах да жанчын. На дадзены момант у няволі ў Беларусі знаходзяцца 29 прадстаўнікоў медыя.
17 з 29 зняволеных ў Беларусі прадстаўнікоў медыя — жанчыны. Часта для жанчын ствараюць «асаблівыя ўмовы ўтрымання» — пазбаўляюць элементарных гігіенічных сродкаў, падсяляюць у камеру бадзяжных людзей з вашамі ды іншае.
— Дзясяткі журналістак пацярпелі ад гвалту з боку сілавых органаў Беларусі цягам мінулага года. І вельмі многія з іх працягваюць заставацца за кратамі. Сёння гэта наша агульная бяда, таму на ўсіх міжнародных пляцоўках Беларуская асацыяцыя журналістаў кажа і будзе казаць пра зняволеных калег, падтрымліваць іх і патрабаваць іх вызвалення, — гаворыць арганізатарка акцыі беларуская журналістка Глафіра Жук, якая сама адбыла 30-суткавы арышт у ізалтары на Акрэсціна гэтай вясной.