Журы зацвердзіла кароткі спіс намінантаў на прэмію імя Карласа Шэрмана для перакладчыкаў.
«Высокае майстэрства перакладчыкаў і якасны выбар твораў выдаўцамі нарабілі сябрам журы прыемнага клопату: вылучыць у выдатным найлепшае. Хіба толькі ў адной намінацыі рашэнне было блізкім да адзінагалоснага, і то кожны эксперт меў у запасе яшчэ аднаго кандыдата. А ўжо сярод іншых роскід меркаванняў быў такі шырокі, што на кароткі спіс прэтэндавалі амаль усе кнігі з доўгага спісу. Асаблівае задавальненне выклікалі пераклады прозы, з якіх кожны быў, як ажурная выцінанка. Адзначу таксама, што беларуская школа перакладу набывае выразнае жаночае аблічча: чацвёра з шасці фіналістаў — жанчыны»,
— дзеліцца ўражаннямі сябра журы прэміі Дзяніс Кандакоў.
У журы прэміі Шэрмана сёлета ўвайшлі: пісьменніца, перакладчыца, кандыдат філалагічных навук Вера Бурлак; выкладчыца, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук Ганна Бутырчык; паэтка, перакладчыца, літаратуразнаўца Аксана Данільчык; літаратуразнаўца, перакладчык, кандыдат філалагічных навук Дзяніс Кандакоў. Выкладчыца, перакладчыца і рэдактарка Вольга Калацкая, на жаль, не зможа працягваць сваю працу ў складзе журы.
Кароткі спіс прэміі Карласа Шэрмана 2021
Пераклад прозы
1. Вольга Гронская, пераклад з нямецкай — Даніэль Кельман «Тыль». Выдавецтва «Янушкевіч», Мінск, 2020.
2. Сяргей Шупа, пераклад з харвацкай — Міленка Ергавіч «Арэхавы палац». Выдавец Зміцер Колас, Мінск, 2019.
3. Ганна Янкута, пераклад з англійскай — Салі Руні «Нармальныя людзі». Выдавецтва «Янушкевіч», Мінск, 2020.
Пераклад паэзіі
1. Лявон Баршчэўскі, пераклад з ісландскай — Стэйн Стэйнар «Выбраная паэзія». Выдавец Зміцер Колас, Мінск, 2020.
2. Лявон Баршчэўскі, Сяргей Шупа, пераклад з харвацкай — Цін Уевіч «Выбраная паэзія». Выдавец Зміцер Колас, Мінск, 2020.
3. Юля Цімафеева, пераклад з англійскай — Стывен Крэйн «Выбраныя вершы». Выдавец Зміцер Колас, Мінск, 2020.
Пераклад дзіцячай кнігі
1. Алена Пятровіч, пераклад з англійскай — Дж. К. Роўлінг «Гары Потэр і таемная зала». Выдавецтва «Янушкевіч», Мінск, 2020.
2. Юля Цімафеева, пераклад з нарвежскай — Мая Лундэ «Снежная сястра». Выдавецтва «Янушкевіч», Мінск, 2020.
3. Ганна Янкута, пераклад з польскай — Катажына Рырых «Лапуховае поле». Выдавецтва «Янушкевіч», Мінск, 2020.
паводле прэс-рэлізу