Жыццё як гульня, альбо Як дасягнуць немагчымага праз методыку сімарон

Напэўна, вы ўжо чулі пра чырвоныя майткі на жырандолі, што дапамагаюць здзяйсняцца марам. Ды не раз клікалі «халяву» ў ноч перад іспытамі. Альбо бегалі пад першым снегам са словамі: «Сняжок, сняжок, дай мне піражок!».


Mietodyka simaron

Гэтыя і іншыя смешныя ды недарэчныя рытуалы прапануе выкарыстоўваць методыка сімарон. У чым сутнасць методыкі і наколькі яна эфектыўная? Распавядаем пра некалькі простых рытуалаў, якія дапамогуць палепшыць настрой сабе і блізкім.

У чым сутнасць методыкі сімарон

Сутнасць сімаронаў у тым, каб зняць эмацыйнае напружанне, якое з’яўляецца ў складанай сітуацыі альбо ў сувязі з нейкім важным для нас пытаннем ці жаданнем. Здымаецца гэта напружанне праз смех і разняволенасць недарэчнасцяў, якія трэба выканаць адпаведна з тэхнікай. Да таго ж на падмурку прыемных эмоцый фарміруюцца (якарацца) пазітыўныя ўстаноўкі. А асацыяцыі дапамагаюць падсвядомасці знайсці выйсце альбо адказ на наш запыт.

Натуральна, гэта вельмі спрошчанае апісанне філасофіі сімарона (часам можна сустрэць назву школа Бурлан-до па прозвішчы яе заснавальнікаў — Пятра і Петры Бурланаў). Каб разабрацца больш дэтальна, варта пачытаць адпаведную літаратуру (глядзіце спіс унізе артыкула) альбо схадзіць на заняткі сімаранаўтаў. 

Тут мы прапануем некалькі лёгкіх рытуалаў для розных выпадкаў — паспрабаваць «калдунства» на практыцы. Альбо проста палепшыць настрой сабе і блізкім (калі выконваць рытуалы ў вясёлай кампаніі). А там ужо самі вырашыце: ці працуе сімарон.

Віды сімаронскіх рытуалаў

Умоўна сімаронскія рытуалы можна падзяліць на некалькі відаў.

Асацыятыўныя дзеянні

Бадай, самыя недарэчныя і вясёлыя тэхнікі. Сэнс у тым, што выконваюцца практычныя дзеянні па абстрактных асацыяцыях.

Напрыклад, пра цяжкае жыццёвае становішча мы кажам: «Сяджу ў поўнай дупе». Што прапануе сімарон? Вылезці з яе. У прамым сэнсе. Бярэм вялікую кардонную скрыню, пішам на ёй вялікімі літарамі «Дупа» (як варыянт — «крызіс», «бяда» і г. д.). Адводзім сабе час на шкадаванне і ўяўленні сваіх цяжкасцей у поўным аб’ёме — хвілінку-дзве шкадуем сябе, прагаворваючы, у чым менавіта заключаецца ваша «дупа». А пасля пралазім праз скрыню, разрываючы сценку з адпаведным надпісам. Тут галоўнае — лёгкасць, весялосць, яркае ўяўленне, што вы дакладна «вылазіце» з цяжкасцей. 

Таксама па асацыяцыі вельмі шмат рытуалаў на «прыцягненне» грошай і дабрабыту. Вядомы выраз «рубіць капусту (зеляніну)» у сімаронскіх тэхніках выконваецца так: набываеце вялікі качан капусты (пук зеляніны) і рубіце яго, уяўляючы, як грошы ідуць да вас з усіх бакоў. 

Шчасце «забылася дарогу» да вас? Сімаранаўты раяць намаляваць і раскласці стрэлачкі з надпісамі «дарога шчасцю» (здароўю, каханню і г. д.). 

Хочаце, каб жыццё (праца, кіраўніцтва) былі «малінамі»? Тут дапаможа малінавае варэнне. Пішам на шклянцы «маё жыццё — маліны» і з’ядаем за 27 дзён па лыжачцы. 27 — чароўны лік для сімарона і сустракаецца ў шмат якіх рытуалах.

Karlsan

Афірмацыі, альбо «гульні са словамі»

Гэта практыка складання пазітыўных установак. Лепш за ўсё, на думку Бурланаў, працуюць вершаваныя афірмацыі. Штось па тыпе «я пагладжу кату лапкі, каб былі ў кішэні «бабкі»» (ну і адпаведна трэба нагладжваць каціныя лапкі). 

Таксама са словамі можна варыць «чароўнае зелле». У чырвоным рондалі кіпяцім ваду і дадаем розныя спецыі і прадукты, на кожны загадваючы патрэбнае (здароўе, каханне, новы тэлефон — усё, што захочаце). 

Важна: вынік мусіць атрымацца ядомым і пажадана смачным. Бо для сканчэння рытуалу «зелле» трэба з’есці/выпіць.

Маляванне

Maliavannie

Тэхніка выканання жадання з дапамогай малявання называецца «сімпатызацыя», альбо «загагуліна», і складаецца з трох этапаў. 

1. Правяраем, ці сапраўды гэта наша жаданне. Уяўляем, што яно ўжо здзейснена і «разганяемся» да максімуму таго, што можа падарыць нам гэта жаданне. Напрыклад, хочаце набыць сабе пэўную кнігу. Уявіце, што вы ўжо нясеце яе ў сваім плецаку. Далей — сядаеце ў сваёй любімай кавярні і пачынаеце чытаць. Тут вамі і кнігай цікавіцца вядомы рэжысёр, які выпадкова забег папіць кавы. І вось вы ўжо адыгрываеце галоўную ролю самага крутога кіно. Тут няма абмежаванняў — ваша жаданне, нават самае маленькае і простае, можа цалкам змяніць ваша жыццё.

2. Калі ўжо адчулі, што далей — няма куды. Жаданне максімальна нарабіла вам карысці, бяром аловак ці ручку і малюем што заўгодна — адпускаем руку, няхай сама намалюе штось. Уважліва разглядаем вынік — загагуліну. І ператвараем яе ў «сімпацягу». Гэта значыць, надаем ёй нейкі сэнс, любуемся сваім «шэдэўрам».

3. Апошні этап — шукаем штось падобнае (нават вельмі аддалена) на сваю «сімпацягу». Гэта можа быць упрыгожанне на чалавеку, малюнак на акне аўтобуса, узор на дыванку і г. д. Такі «знак» і падкажа вам, дзе шукаць здзяйсненне сваёй мары.

Наколькі эфектыўныя сімароны

Тэхнік і рытуалаў вельмі шмат. І самае цікавае — у сімароне няма строгіх правілаў, пэўных інструментаў, часу і памяшканняў. Кожны рытуал можна перабудоўваць і падладжваць пад свае абставіны. 

Галоўнае — пазітыўны настрой, лёгкасць і разняволенасць. Бо асноўны пастулат сімаранаўтаў — успрымаць жыццё як гульню, дзе кожны — сапраўдны чараўнік і можа начараваць усё, што заўгодна, з падручных сродкаў.

У школы Бурлан-до і методык сімарона ёсць як прыхільнікі, так і крытыкі. Бо вынікі і эфект ад падобных практык складана падлічыць у дакладных лічбах. Каму верыць — асабісты выбар кожнага. Ды й эфект ад такіх рытуалаў будзе не аднолькавы — усё залежыць ад вашага настрою і фантазіі. Але паспрабаваць штосьці варта — можа, жыццё і не ператворыцца ў чароўную казку проста на ранак, але павесяліцеся вы дакладна!

ВЛ, для budzma.org

Літаратура па тэме:

Бурлан П., Бурлан П. Симорон из первых рук, или Как достичь того, чего достичь невозможно

Бурлан П., Бурлан П. Симорон-навигатор, или Жизнь без преград

Владимир Долохов, Вадим Гурангов. Фейерверк волшебства

Юния Бурэ. Хомо-симоронус — человек-волшебник