Бярозаўскі гурт :B:N: сабраў амаль поўны “Рэактар” на прэзентацыю новых песняў. Асновай канцэрту былі старыя хіты, якія ўсе з задавальненнем паслухалі. Музыкі выклаліся напоўніцу, слухачы не пашкадавалі.
Адкрыць канцэрт даручылі гурту “Спрат” – музычным пабрацімам і землякам “бээнаўцаў”. Яны чымсьці нагадваюць гурт Sciana, як у музычным, так і ў тэматычным плане. Ды яшчэ і вакаліст Зміцер Сянько – такі ж каржакаваты і рухавы, як Павал Прохараў. “Няхай жыве беларускае сэрца, яно з намі і нікуды не падзенецца”, – кажа Зміцер, падбадзёрваючы публіку, якая ў адказ уздымае рукі ўгару. Час прыспеў, каб выканаць адзін з галоўных хітоў – “Беларускае сэрца” на верш Ларысы Геніюш. Музыкі лічаць, што гэтая паэтка найбольш яскрава выказала ў сваіх творах беларускую ідэю і паўсюль выказваюць сваё захапленне яе талентам.
Гурт :B:N: музыкі са “Спрату” вырашылі клікаць разам з гледачамі. Дзеля гэтага сыгралі надта актуальны на сёння кавер на Neuro Dubel “Не хапае пару у.е.”, прыпеў з якога на хуткую руку перарабілі ў “Не хапае гурта :B:N:”. Разагрэлі публіку “Спрат” на “выдатна”.
Вядоўцам канцэрту быў Сяргей Машковіч, аўтар усіх хітоў :B:N: і лідар яшчэ аднаго бярозаўскага гурта – “Кальмары”. Ён імгненна правёў апытанне сярод прысутных, каб вызначыць самую ўлюбёную песню ў выкананні Алеся Лютыча. Такой адзінагалосна была прызнаная “Жыве рок-н-рол”. Праз хвіліну на сцэну выйшлі музыкі. Лідар :B:N: замест вітання сыграў на гітары трошкі Баха, мелодыя “Да Элізы” перарасла ў песню “Толькі я”.
Лютыч выглядае на сцэне не раўнуючы як Брус Спрынгстэн. Ён выйшаў да публікі ў звыклым ужо капелюшы, майцы з надпісам “Hands radio” і пляжных шортах. Алесь, як заўжды, нешматслоўны, да палымяных прамоваў ён не схільны, абмяжоўваецца толькі падзякамі. Але публіцы і не трэба яго словаў, хапае песенек – простых ды энергічных, створаных па прынцыпе “цішэй у куплеце – гучней у прыпеве”. :B:N: грае адну з самых хітовых рэчаў Загінулым паэтам прысвячаецца, Алесь выконвае дзве вакальныя партыі – за сябе і за “таго хлопца”. Яго партнёр па гэтым творы Лявон Вольскі не прыйшоў з паважнай прычыны – у яго быў канцэрт у Брэсце.
:B:N: якраз пасуе званне пераемнікаў N.R.M., бо ў Лютыча з аднолькавым поспехам атрымліваецца выконваць як песні-крычалкі з не вельмі мудрагелістым і запамінальным тэкстам, так і балады, таксама просценькія, але душараздзіральныя. Пацверджаннем гэтаму – тое, што прэм’ера адной з новых песняў – “Будзь сабой” – у хіт-парадзе на “Тузіне Гітоў” саступае цяпер толькі “Грай” гурта “Ляпіс Трубяцкой”.
Пры канцы бярозаўскі гурт згадаў “Палац” з “Канюшняй” (вой, як не ставала Хаменкі!) і “Чырвоную ружу” Мулявіна. На канцэрце ці не першы раз можна было паназіраць, як людцы стэйдждайвінгам займаюцца пад “Песняроў”. Ну, і, канечне, доўгачаканая песенька “Дажджамі” ў дуэце з таямнічай бландынкай, прадстаўленай як Радыстка Кэт. Лютычу можна было не спяваць, словы ведалі ўсе.
“Біса” :B:N: было не пазбегнуць. Музыкі прапанавалі гледачам самім назваць песню, якую яны хочуць пачуць. Пытанне было адразу з адказам, бо галоўны хіт гурта вызначылі ўжо ў пачатку.