Зірні ў вочы Генералу

Кніга маладой пісьменніцы з Бабруйска Яніны Пінчук «Горад мрой» была вылучаная на прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча і прэмію імя Ежы Гедройца ў мінулым годзе. На жаль, яе пакуль заўважыла не так шмат літаратурных крытыкаў, а яна вартая ўвагі не менш, чым «1813» Уладзіміра Садоўскага. Хоць бы таму, што гэта першая ластаўка беларускага магічнага рэалізму.

goradmroy

Пра магічны рэалізм чулі многія, хто любіць сур’ёзную літаратуру. Гэта адмысловы жанр прозы, характэрны для лацінаамерыканскіх пісьменнікаў. У ім прысутнічае злучэнне штодзённасці і цуду, праўды і прыдумкі. Такія творы з’яўляюцца своеасаблівым працягам фальклорных традыцый Лацінскай Амерыкі, зваротнай рэакцыяй мясцовай літаратуры на новую карціну свету, што імкліва мяняецца, і складаную шматпланавую рэчаіснасць.

Вяртанне да міфічна-магічнага спосабу светаразумення захапіла сваёй мастацкай сілай і беларускую пісьменніцу. Бо ў жыцці яе гераінь Улады і Алесі, якія ходзяць па вуліцах Мінска, сапраўды гэтак жа размытыя мяжы паміж дабром і злом, явай і тым, што прывыклі лічыць фантазіяй.

Здавалася б, правілы магічнага рэалізму нескладаныя. Яніна Пінчук весела падхоплівае іх і падключаецца да гульні. Для магрэалістычных твораў характэрная наяўнасць двайной рэальнасці: першаснай, быццам бы відавочнай, але не сапраўднай, і прыхаванай, вышэйшай, сапраўднай, на ўзроўні якой дзейнічаюць іншыя стэрэатыпы паводзін, суіснаванне і ўзаемапранікненне гэтых рэальнасцяў. Таму робіцца спроба зноў злучыць разам свет прадметаў і чалавечых адносін, удыхнуць у яго сэнс, ствараючы тым самым новую мадэль узаемасувязяў чалавека і яго атачэння. Імкнучыся ў цэлым захаваць вернасць прынцыпу жыццепадабенства, пісьменнікі магічнага рэалізму разам з тым актыўна ўводзяць у апавяданне матыў цудоўнага.

Прастора ў творы, хоць і можа быць цалкам пэўна акрэсленай, не падпарадкоўваецца агульнапрынятым формам дэтэрмінізму, а жыве па сваіх законах. Скажэнне прасторы сведчыць аб звышрэальным, магічным змесце. Такое скажэнне можа выяўляцца, у прыватнасці, праз матыў сну, зрушэнне межаў паміж рэальным і ірэальным. Пры гэтым, калі сон у сюррэалістычных тэкстах адлюстроўвае аберацыі свядомасці, абвостраную рэфлексію, то ў тэкстах магічных рэалістаў ён –  прыхаваная рэальнасць. Таму ў аповедзе «Ліфт на поўдзень» паказваецца, што сон – адзін са спосабаў пераадолець адлегласці і апынуцца ў сонечным міжземнаморскім гарадку, дзе цябе ветліва сустрэнуць і ў цэлым не здзівяцца твайму з’яўленню. Але неад’емная рыса магрэалізму, якая аддзяляе яго ад жанру фэнтэзі, – абавязковая наяўнасць канкрэтных і вядомых рыс рэчаіснасці.

Час у магічным рэалізме таксама суб’ектыўны і адносны, што з’яўляецца вынікам адмовы ад рацыяналістычнага мыслення і адлюстроўвае паэтычнае адчуванне свету. Пінчук наогул расшчапляе час, прымушае яго галінавацца, ісці нязведанымі шляхамі, ствараючы ў паралельным вымярэнні альтэрнатыўна-гістарычнае Вялікае Княства Літоўскае, у якім магія ў ходзе і міністр замежных спраў якога адразу ж нагадвае гераіням, навучэнцам на факультэце міжнародных адносін, постаць аднаго легендарнага савецкага дыпламата беларускага паходжання («Калі заквітнее папараць», «Жывым тут не месца» і іншыя навелы зборніка).

Кніга з галавой акунае чытача ў свет, у якім суіснуюць максімальна нестабільныя стыхіі, і выклікае думку пра тое, што магія не толькі ёсць, але яшчэ і ёсць побач з намі і ў нас саміх. Матывы чарадзейства ў тэксце магічнага рэаліста тлумачацца здольнасцю аўтара і героя ўбачыць рэальнасць пад пэўным вуглом, пры гэтым у дыялог уступаюць такія тыпы свядомасці, як міфалагічнае, містычнае, рэалістычнае. «Рэальнасць фармуецца ўспрыманнем і свядомасцю», – пераконваюць гераіні.

Важнай часткай магічнага рэалізму з’яўляецца нацыянальны духоўны і гістарычны вопыт як матывіроўка сюжэтных сітуацый і характараў, як культурны кантэкст апавядання. Так, суб’ектам даследавання ў творчасці Яніны Пінчук становіцца беларуская міфатворчая свядомасць, на ўзроўні якой і функцыянуе соцыум. Яе Мінск – гэта таямніцы старадаўніх дамоў і могілак, дзе пануюць грозныя тагасветныя сілы, дзе маюць сілу малітвы і вядзьмарскія заклікі, дзе сустрэча з нязведаным – гэта часта нырок ў цемру. Яе героі не толькі чытаюць кнігі Янкі Крука і Аляксея Ненадаўца па беларускай фалькларыстыцы і этнаграфіі і даследуюць народную абраднасць, павер’і і замовы («Мярзотная варажбітка»), але і самі сутыкаюцца са светам айчынных вераванняў, спрабуючы прыцягнуць яго на свой бок, звярнуць у сваю карысць, дасягнуць чагосьці з яго дапамогай, у тым ліку звяртаючыся да праклёнаў, удзельнічаючы ў свяце Купалля.

Зборнік апавяданняў «Горад мрой» збліжае з лацінаамерыканскім магічным рэалізмам імкненне да сцвярджэння нацыянальнай самабытнасці, якая мысліцца як зварот да найстаражытнейшых пластоў культуры ў супрацьстаянні глабалізацыі. Іх яднае жаданне аднавіць у правах калектыўнае міфічна-магічнае светабачанне, якое дазваляе ўявіць свет як касмічны кругазварот ў яго загадкавай, невытлумачальнай сутнасці.

«Глядзі, нафантазіруеш сабе Латамерыку», – жартуе адна з гераінь кнігі. Але ўсе запазычанні элементаў лацінаамерыканскай магічна-рэалістычнай літаратуры – не дзеля прыгажосці. Яны ўмела прыстасаваныя Янінай Пінчук для выражэння беларускай міфалагічнай калектыўнай свядомасці. Замест сюррэалістычных кашмараў сучасных расійскіх аўтараў, якія імкнуцца падкрэсліць максімальную агіднасць быцця, у магічным рэалізме прысутнічае міф як частка асаблівай беларускай рэальнасці, поўнай чараў, якая проста не паддаецца рацыянальнаму асэнсаванню ў духу сацрэалізму або постмадэрнісцкаму абсмейванню.

Зразумела, аддадзеная ў кнізе Пінчук даніна і гістарычнай радзіме жанру. Такі вось хупавы рэверанс у выглядзе нотак лацінаамерыканскай тэматыкі то тут, то там. Як напамін пра тое, што яна побач. І гэта не толькі глыток матэ… У Мінску нечакана губляецца сябар гераіні, чыліец Віта, зрабіўшы крок у іншы, незнаёмы свет («Вучаніца»). У Мінску сыходзяцца ў псіхалагічным паядынку прэзідэнт Чылі Сальвадор Альендэ і генерал Аўгуста Піначэт Угартэ, чые жыцці, відавочна, працягваюцца ў нейкім адмысловым вымярэнні, а раз так, то доўжыцца і іх супрацьстаянне («Дуэль»). Прычым Піначэт у Яніны Пінчук – не гратэскавы душыцель свабод з савецкай прапаганды, а добры кранальны дзядуля, стары ваяка ў форме, з якім можна выпіць гарбаты і расказаць яму пра свае беды. Пад поглядам яго праніклівых вачэй адбываецца шмат падзей кнігі. Але што хаваецца ў гэтых вачах і ці ўсе здольныя зазірнуць у іх? У якасці мудрага настаўніка гераіні, яе магутнага духу-апекуна Генерал валодае спецыфічным абаяннем… зачараваннем аўтарытарызму, дыктатуры? Ствараецца ўражанне, што маладая пісьменніца адкрыта любуецца шармам чылійскага ваеннага рэжыму, што ён яе па-свойму зачароўвае і захапляе. Але, быць можа, і Беларусь яна бачыць менавіта як краіну, у якой, як у дзяржавах Лацінскай Амерыкі, злучаюцца агульнаеўрапейская цывілізацыя і нейкая важная мясцовая культурная і палітычная спадчына?

Гэтыя пытанні чытач павінен паставіць сабе сам і паспрабаваць знайсці на іх адказы у апавяданнях. Сярод найважнейшых мастацкіх адкрыццяў Яніны Пінчук – бачанне сучаснай маладой беларускі як захавальніцы калектыўнай памяці, нацыянальных звычаяў і традыцый, усведамленне яе месца ў цяперашнім свеце; наватарскія прыёмы паэтыкі, якая спалучае смелы літаратурны эксперымент у лацінаамерыканскім духу і фальклорную традыцыю; вастрыня рэакцыі на сацыяльныя і культурныя працэсы ў краіне. Яе кніга забаўляе моладзевым запалам і адчайнасцю, вабіць гатычнасцю, правакуе нечаканымі алюзіямі – і чытачу застаецца толькі ісці следам за мудрагелістай іроніяй аўтара па загадкавай беларускай сталіцы з яе таямніцамі і небяспекай.

Гаўрыла Марчэнка