Алесь Тодараў на budzma.org разбіраецца з тым, якім чынам можна змераць ўпэўненасць ва ўласных сілах. І калі гэта можна зрабіць, то як.
Мы ўжо высветлілі, што нізкая самаацэнка ў дарослага чалавека можа прывесці да з’яўлення цэлага шэрагу негатыўных псіхічных сімптомаў і нават да пагаршэння здароўя.
Чытайце яшчэ: Як выхаваць адэкватную самаацэнку?
Таксама вызначылі, што тое, наколькі чалавек упэўнены ў сабе і сваіх сілах, абумоўлена наборам установак — уяўленняў чалавека аб сабе і сваіх магчымасцях, якія фармуюцца цягам ўсяго жыцця. Але іх аснова закладаецца ў раннім дзяцінстве і юнацтве.
Адсюль ўзнікае дзве цалкам лагічныя перспектывы:
Першая — самая простая, якая заключаецца ў параўнанні сваіх дасягненняў з дасягненнямі іншых людзей.
Пры такім падыходзе ўмоўны сын мамкавай сяброўкі будзе заўсёды больш паспяховым, а ў суседа трава заўсёды зелянейшая і карова, якая дае болей малака. Ды і наогул на свеце заўсёды знойдзецца той, хто будзе лепшым за вас.
Таму гэтая перспектыва ацэнкі ўласных сілаў ніякім чынам не садзейнічае фармаванню ўпэўненасці ў іх, хутчэй наадварот. Да ўсяго, яна яшчэ і з’яўляецца памылковай.
Як бы мы таго ні хацелі, але ад прыроды людзі няроўныя. Хіба што перад законам і панам Богам. Бо ва ўсіх з нас абсалютна розныя стартавыя ўмовы, нягледзячы на тое, што жывем мы ў адну эпоху. Па-першае, ад нараджэння мы маем розныя генетычныя асаблівасці, тэмперамент і здольнасці. Па-другое, мы ўсе выхоўваліся па-рознаму, і на гэта мы паўплываць ну ніяк не можам, нават калі б вельмі таго хацелі. Па-трэцяе, у кожнай сям’і розны ўзровень даходу і адпаведна розныя патрэбы, што таксама фармуе абсалютна розныя падыходы да арганізацыі жыцця. У кагосьці заможная сям’я, дзе адвеку пануе дабрабыт, а ў кагосьці — не. Нехта можа дапамагаць сваім дзецям, а нехта патрабуе дапамогі сам. Хтосьці мае бацьку бізнесмена, а хтосьці слесара. Элементарныя рэчы...
Таму спрабаваць параўнасць свае вынікі з вынікамі іншага чалавека, з якім вы не маеце аднолькавых стартавых пазіцый, таксама не варта. Гэта тое самае, што судзіць у марафоне бегуноў, адзін з якіх стартаваў, як мае быць, а другі на два кіламетры бліжэй да фінішу.
Другая перспектыва — гэта параўноўваць сябе з сабою мінулым, учорашнім. Такі падыход лічыцца больш аб’ектыўным і канструктыўным. Для рэалізацыі гэтага варыянту неабходна рэгулярна ацэньваць свой асабісты прагрэс: наблізіліся вы хаця б крыху да сваіх мэтаў, або не.
Пры такім падыходзе вельмі важна мець дакладныя крытэры, па якіх вы можаце ацэньваць свой прагрэс. Без такіх крытэраў рабіць высновы аб нейкім поспеху даволі складана.
У гэтым вам можа дапамагчы так званая дэкампазіцыя — падзел мэтаў на больш дробныя. І чым драбнейшыя яны будуць — тым лепш. Гэта выдатна дапамагае ацэньваць сваё прасоўванне да канчатковай мэты. Бо ў выніку вы або выконваеце пастаўленыя перад сабой задачы і дасягаеце мэты, альбо не.
Таксама важна заўжды адэкватна ацэньваць свае магчымасці. Калі вы ставіце перад сабой недасяжныя мэты, вы заўжды будзеце далёка не самым здатным да іх выканання нават паводле сваёй жа ўласнай ацэнкі. І калі вы будзеце сумнявацца ў самім сабе, то гэта будзе хіба што змяншаць вашую ўпэўненасць ва ўласных сілах, а не павялічваць яе.
Трэба ўвесь час трымаць у галаве: чым больш жаданая мэта, тым страшней усё страціць. Адпаведна граеце вы заўжды толькі на падвышэнне ставак, але ніяк не наадварот. Менавіта таму трэба імкнуцца ісці туды, дзе вас чакае больш цяжкасцяў. Бо менавіта там знаходзіцца акурат тое, чаго вы жадаеце больш за ўсё на свеце. І так было не толькі цяпер, або 100 ці 200 гадоў таму. Аб гэтым пісалі яшчэ старажытныя грэкі. Згадайце гісторыі даўнейшых часоў: герой праходзіць шэраг выпрабаванняў, каб дамагчыся свайго высокага статусу, замацаваць яго. Даказаць найперш сабе, а потым і ўсім астатнім, чаго ён насамрэч варты.
Зусім не факт што атрымаецца нешта пазітыўнае і з пэўнай авантуры будзе плён. Але ў самім працэсе вы атрымаеце досвед, які б пры іншых раскладах ніколі не здолелі атрымаць. Цалкам магчыма, што наперадзе будзе гібель вашага карабля. Але калі вы правільна засвоіце гэты жыццёвы ўрок, то калі выправіцеся ў падарожжа наступным разам, цалкам магчыма, што навучыцеся абмінаць перашкоды, якія нельга пераадолець.
Зусім не навіна, што адзін з лозунгаў студэнтаў, якія бунтавалі ў Парыжы ў траўні 1968 года быў «Будзьма рэалістамі — патрабуйце немагчымага!».
Таму варта разумець, што развіццё павінна адбывацца кожны дзень. Вы павінны імкнуцца да таго, што, здавалася б, нельга ажыццявіць. Каб зразумець гэта, варта скарыстацца досведам тых, хто займаецца спортам на прафесійным узроўні.
Простыя практыкаванні і трэніроўкі дапамогуць стаць здаравейшымі і быць энергічнымі. Але, напрыклад, да марафону такім чынам вы ніяк не падрыхтуецеся. Буйныя спартыўныя мерапрыемствы патрабуюць доўгай, метадычнай і выматвальнай падрыхтоўкі.
Таму будзьце рэалістам: кароткія пяціхвілінныя трэніроўкі дапамогуць вам падтрымліваць форму, але не зробяць з вас прафесійнага спартоўца. Каб стаць сапраўдым прафесіяналам, трэба нешта большае.
Не варта і зайздросціць перамогам іншых. Трэба хіба час ад часу на іх аглядацца, каб разумець, дзе ў гэтай сістэме кардынат знаходзіцеся непасрэдна вы. Але я разумею, што часам вельмі цяжка пазбавіцца ад дакучлівай думкі, што хтосьці змог дабіцца поспеху, а вы — не. Але чужыя перамогі павінны найперш натхняць нас на больш упартую працу, якая ў канчатковым выніку абавязкова дасць чаканы вынік.
Бо змрочныя думкі аб недасяжнасці жаданага ніколі не наведваюць паспяховых людзей. З гэтай прычыны яны ўмеюць шчыра захапляцца дасягненнямі іншых, не адчуваючы пры гэтым пачуцця расчаравання ці прыкрасці, або пякучай зайздрасці.
Галоўнае, што заўжды варта разумець і трымаць у галаве: мы заўжды маем унутры сябе магутную сілу, дзякуючы якой можам пераадолець любыя перашкоды. Кожны дзень яе трэба гартаваць і развіваць. Трэніраваць сваю сілу волі, сілу духу, сілу намераў. Яна заўжды буде тым унутраным маяком, на які варта арыентавацца.
Алесь Тодараў, budzma.org