Творчая сустрэча з бардам і дударом Змітром Сідаровічам і салісткай Дзяржаўнага камернага хору РБ Таццянай Матафонавай адбылася у сярэдняй агульнаадукацыйнай школе аграгарадка Кальчуны Ашмянскага раёну 10 кастрычніка. Прысутнічала каля 100 чалавек. Школа ў гэты дзень святкавала 40-годдзе.
Адміністрацыя школы прымала гасцей вельмі цёпла.
Дырэктар школы Антон Пятровіч Шмукста: “Такія сустрэчы, як з вамі, 15 гадоў таму былі частымі, а цяпер вельмі рэдкія, ваш прыезд ці не першы за многія гады. У нас, напрыклад, усе маладыя настаўнікі паехалі нядаўна на сваіх аўто ў Гальшаны на фэст, дзе выступалі гурты “Унія”, “Тэстаментум Тэрра”, “Стары Ольса”. Маладое пакаленне вельмі цікавіцца нефармальнай маладой беларускай культурай.
Наогул, трэба, каб у краіне было сапраўднае двухмоўе, бо пытанні мовы ў блізкай нам Літве, і на Украіне, глядзіце, вырашаюцца спакойна, і нам беларускую мову трэба вучыць і карыстацца ёй належным чынам”.
Ірына Мар’янаўна Бразоўская, загадчык сектара выхаваўчай работы і аховы справаў дзяцінства аддзелу адукацыі Ашмянскага райвыканкаму: “У выніку гэтай сустрэчы мы зацікавіліся тэмай фальклору і танцаў, будзем радыя падтрымліваць сувязі, прыедзем да вас на “Вечарыну шляхетных танцаў” у “Жар-птушку”, таксама хацелі б запрасіць вас ў Ашмяны на шэраг мерапрыемстваў”.
Наступная сустрэча ладзілася ў сярэдняй агульнаадукацыйнай школе №3 г. Ашмяны.
Прысутнічала каля 60 чалавек.
Валянціна Фёдараўна Рэўт, педагог, выкладчыца музыкі, кіраўнік хору “Тоніка”, адна з арганізатарак сустрэчы:
“Адзначаю вельмі высокі прафесійны ўзровень канцэрта… Вы прывезлі новыя і цікавыя звесткі, яны былі пададзеныя ў вельмі даступнай для дзяцей форме. Такіх сустрэч цяпер зусім няма, а яны вельмі важныя і актуальныя. Ваш выступ быў вельмі змястоўны. Але праводзьце слоўнікавую работу з дзецьмі нават падчас выступа, бо яны не разумеюць нават элементарных беларускіх словаў, толькі робяць выгляд, што разумеюць, а калі перакладаеш слова, то яны пачынаюць дзівіцца”.
Зміцер Сідаровіч: Нашы ўражанні ад апошніх канцэртаў. На правінцыі назіраецца вялікая цікавасць да прыездаў дзеячаў беларускай культуры, ніякага ўпадку духу, жывая ўвага. Настаўнікі ў адзін голас гавораць, што з беларускіх пісьменнікаў, артыстаў да іх зусім ніхто не ездзіць, просяць прыязджаць яшчэ.
Мы стараемся раскрыць неабходнасць “быць беларусамі” рознымі жанрамі.
За канцэрт аўдыторыя чуе бардаўскую песню, оперную арыю, беларускі раманс, традыцыйную дударскую і скрыпічную музыку, дзіцячы фальклор, знаёміцца з побытавымі танцамі. Сустрэча з выкладчыкамі і студэнтамі Лідскага музычнага вучылішча доўжылася каля 2-х гадзін, мне давялося зрабіць вельмі падрабязную лекцыю пра беларускую дуду і дудовы фальклор на Беларусі, з музычнымі ілюстрацыямі, дайшло да таго, што проста на сцэне я разабраў дуду і падрабязна растлумачыў прызначэнне кожнай часткі, аж да канструкцыі пішчыкаў, а аўдыторыя сядзела не варушачыся.
Добрымі прапагандыстамі беларускай мовы выступаюць беларускамоўныя дзеці, у нашым выпадку – 8-гадовы “спявак” Адась Матафонаў. Сам чуў, як аднагодкі Адася, вучні Ашмянскай сярэдняй школы №3, у калідоры паўтаралі адзін аднаму: “Ты слышал – он сказал “да канцэрта засталося 15 хвілін!” Беларускае “пятнаццаць хвілін” было паўторана шмат разоў, быццам нейкае замежнае выслоўе”.
Выступы прайшлі ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”