Творчая сустрэча Змітра Вайцюшкевіча ва Універсітэце культуры ладзілася 24 красавіка на запрашэнне студэнтаў і выкладчыкаў навучальнай установы.
Студэнты падрыхтавалі ўласны кліп на беларускі нацыянальны хіт “Нёман” Нестара Сакалоўскага ў выкананні Змітра Вайцюшкевіча з супольнага музычнага праекту “Я нарадзіўся тут”. Аўтары кліпу суправадзілі кампазіцыю фатаграфічнымі выявамі маляўнічых беларускіх краявідаў.
Адна з універсітэцкіх аўдыторый сабрала каля сямі дзесяткаў слухачоў. Па словах самога Змітра Вайцюшкевіча, сваю першую адукацыю ён атрымаў ва Універсітэце культуры і таму выступаць у ёй для яго ёсць вялікім задавальненнем.
Апроч песен з “Я нарадзіўся тут” гучалі песні на словы паэтаў Рыгора Барадуліна, Леаніда Дранько-Майсюка, Уладзіміра Маякоўскага.
Канцэрт адбыўся ў межах агульнанацыянальнай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Фота Ягора Гарая.