Гэта быў першы канцэрт спевака ў Магілёве. Адбываўся ён у малой залі гарадскога дому культуры 29 сакавіка і сабраў амаль поўную залю. У арганізацыі мерапрыемства прынялі ўдзел Магілёўская філія Таварыства беларускай мовы і Магілёўскі гарадскі цэнтр культуры і адпачынку.
“Мармуровыя сцены, крэслы з багатай абіўкай – усё гэта паставіла пячатку паважнасці на атмасферу ў залі, і публіка рэагавала на мяне стрымана, толькі слухала. Але напрыканцы яна не вытрымала і дала волю сваім эмоцыям, спявала і танцавала разам са мной ,” – падзяліўся ўражаннямі ад канцэрту Зміцер Вайцюшкевіч.
Падчас выступу прагучалі песні на беларускай, польскай, японскай мовах з розных альбомаў Змітра Вайцюшкевіча. Пасля музычнай часткі была арганізаваная сустрэча са спеваком. Цягам яе ўсе прысутныя маглі задаць пытанні свайму ўлюбёнаму выканаўцу і пачуць на іх адказы.