Каменныя пліты знайшлі каля бізнес-цэнтра «Імперскі»: яны датуюцца сярэдзінай XIX стагоддзя, магчыма, 1876 і 1823 гадамі, піша тэлеграм-канал «Спадчына» са спасылкай на «Онлайнер». Фотаздымкамі знаходак падзяліўся чытач, які выпадкова заўважыў іх на вуліцы Іерусалімскай.
За два крокі адсюль знаходзіцца яўрэйскі Мемарыяльны парк. Калі верыць інфармацыі з даступных крыніц, тут у канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя знаходзіліся яўрэйскія могілкі.
Надмагіллі належаць баранэсе Эміліі з Дамброўскіх Корф, якая памерла ў 18?6 годзе і Міхаліне Нецяёўскай. Тое, што яны не яўрэйскага паходжання, відавочна. Іхнія надмагіллі перанесены сюды з іншага месца. А вось з якога — пытанне.
На першы погляд абедзве каталічкі. Гарадскімі каталіцкімі могілкамі ў Мінску былі Кальварыйскія, якія захаваліся цалкам, і пасля яшчэ Залатагорскія, якія былі знішчаны. Спачатку на халернай частцы пабудавалі пасля вайны дом, а ў 1970-я дабілі ўзвядзеннем Палаца мастацтва.
У 2017 годзе 12 надмагільных пліт з Залатагорскіх могілак выявілі ў лесе на ўездзе ў вёску Прылукі. Сёння яны экспануюцца на тэрыторыі вакол касцёла Святога Роха.
Але першае надмагілле наводзіць яшчэ на іншыя думкі. Корфы — разгалінаваны нямецкі род лютэранскага веравызнання. Чыёй менавіта жонкай была Эмілія пакуль высветліць не ўдалося. Але ў Мінску былі свае нямецкія лютэранскія могілкі, якія таксама былі знішчаны камуністамі ў 1970-я гады. І размешчаны яны ад вуліцы Ерусалімскай, дзе выяўлены надмагіллі ўсяго за 700 м.
На Яўрэйскія могілкі, таксама знішчаныя, маглі звазіць надмагіллі з іншых знесеных могілак. Напрыклад у Магілёве, паводле непацверджанай інфармацыі, надмагіллі з праваслаўных Саборных могілак звезлі і звалілі каля Польскіх могілак.
Увогуле ў СССР стаўленне да памяці было варварскім: не кажучы пра знос могілак і выкарыстанне надмагілляў у якасці будаўнічага матэрыялу, у тым ліку як друза для будаўніцтва дарог, ёсць жахлівыя гісторыі, як савецкія дзеці гулялі з чарапамі памерлых у футбол.