Знойдзеныя ўнікальныя звесткі пра гомельскую шляхту

Новыя факты з жыцця шляхцічаў Лісоўскіх, пра якіх практычна не было звестак, знайшла ў Польшчы даследчыца з Гомеля.

Марыя Булавінская навучаецца ў магістратуры на гістарычным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Тэма яе навуковых даследаванняў тычыцца шляхецтва на Гомельшчыне. Акрамя гэтага яна здымае дакументальныя фільмы на гісторыка-краязнаўчую тэматыку, спалучаючы такім чынам два захапленні — гісторыю і яе папулярызацыю праз візуалізацыю мінуў­шчыны. (Фота Наталлі Прыгодзіч)

Таямніцы мінулага, якія вабілі ў дзяцінстве, з цягам часу захаплялі яе ўсё мацней. Урэшце гісторыя Беларусі стала для яе справай жыцця.

Блуканне па лабірынтах свайго радаводу

Напачатку было слова. Дакладней, шмат слоў. Калі Марыя была яшчэ маленькай, бацька распавядаў ёй пра гісторыю сям’і. Пра тое, што раней іх прозвішча гучала інакш — Белавінскія, і нібыта паходзіла ад словазлучэння “белае віно”.

— Тата казаў, што прадстаўнікі нашага роду выраблялі белае віно для вайскоўцаў, — смяецца Марыя.— Ён расказваў пра Аршанскую бітву, гаварыў, што, магчыма, продкі ўдзельнічалі ў ёй. Зрэшты, ён мяне расчароўваў, бо праз нейкі час я чула ад яго зусім іншыя гісторыі.

Але ж, нягледзячы на тое, што кожны раз баць­ка знаходзіў усё новыя аповеды пра іх род (а можа, наадварот, дзякуючы таму), цікавасць дзяўчынкі да мінуўшчыны толькі павялічвалася. Неўзабаве яна пачала захапляцца раманамі Ўладзіміра Караткевіча, з задавальненнем глядзець дакументальныя фільмы і перадачы на гістарычную тэматыку.

— Памятую, на тэлебачанні ішлі такія перадачы, як “Наша спадчына” Алега Лукашэвіча, “Адкрыты архіў” Аляксандра Матафонава, “Падарожжы дылетанта” ды іншыя. У старэйшых класах захаплялася перадачай Матафонава “Лабірынты”, дзе ў першых серыях распавядалася пра полацкія лабірынты, пра якія пісаў яшчэ Вацлаў Ластоўскі. Кожны фільм быў як падарожжа па заблытаных лабірынтах беларускай гісторыі, — разважае Марыя. — На жаль, зараз такіх фільмаў вельмі мала…

Марыю заўсёды прыцягвала нешта таямнічае. І раней, і зараз, калі бачыць фотаздымкі палацаў ці замкаў у занядбаным стане, натхняецца ідэяй нейкіх прывідаў. Нават у снах сама блукае па старадаўніх замках.

Ужо дзесьці з класа восьмага Марыя ўзялася за сур’ёзнае вывучэнне гісторыі, пачала атрымлі­ваць веды інтэлектуальнага кшталту ад настаўнікаў ды выкладчыкаў універсітэта, якія праводзілі ў школе факультатывы.

Пазней стала займацца даследаваннямі генеалогіі сваёй сям’і, і ўжо дакладна ведала, што насамрэч у яе ёсць шляхецкія карані па бацькоўскай лініі. Дапытвалася ў дзеда, што ён памятае пра іх род. Але ж той заўсёды адмаўляўся: “Ну навошта ты лезеш у гэтую мінуў­шчыну?”.

— Мой дзед — чалавек савецкага складу і яму падавалася, што не варта варушыць мінулае: якая розніца — шляхта ці не шляхта, усе мы аднолькавыя. Але для мяне гэта вельмі істотна. Затое бабуля, якую кранула мая зацікаўле­насць, шмат чаго мне распавяла…

З цягам часу Марыя даведалася, што нават толькі адна сям’я ў Старых Грамыках па дзедавай лініі мела прозвішча Булавінскія (у асноўным там усе Грамыкі і Даўгала) і што ў радаводзе Белавінскіх таксама шмат Грамыкаў.

— Потым, калі навучалася ва ўніверсітэце, атрымала афіцыйны доступ да архіваў, і гэта быў ужо грунтоўны падыход да пытання “хто я і адкуль”, — кажа яна.

Марыя даведалася, што на пачатку XIX стагоддзя ў Рагачоўскім павеце насамрэч жылі менавіта Белавінскія, а не Булавінскія. Так што наконт змен, якія адбыліся з іх прозвішчам, яе тата не памыліўся. Урэшце Марыя знайшла свой родавы герб, які прывязла паказаць на Радуніцу сваім блізкім.

Герб Тшаска ці Бяла (Белы), якім карыстаўся род Белавінскіх

— Мой дзед, які раней скептычна ставіўся да свайго паходжання, быў вельмі ўзрушаны. На могілках у Новых Грамыках ён падышоў да знаёмых, якіх там сустрэў, і паказаў родавы герб Грамыкаў і Белавінскіх.

Старонка дакумента (з гербам Касцеша), які пацвярджаў шляхецтва роду Грамыкаў

Герб Касцеша, якім карыстаўся род Грамыкаў

Тым часам кола інтарэсаў і крыніцы даведак Марыі пашыраліся. Яна рабіла запыты ў Нацыянальны гістарычны архіў, які знаходзіцца ў Мінску, працавала доўга ў бібліятэцы Акадэміі навук. Шукала згадкі пра шляхту ў Гомельскім абласным архіве.

— Мяне вельмі цікавяць шляхецкія традыцыі і асаблівасці шляхецкага побыту, — распавядае Марыя. — Заўважыла, што людзі надаюць мала ўвагі паходжанню некаторых адметных з’яў шляхецкай культуры. Напрыклад, адзін чалавек з Новых Грамыкаў распавядаў, што ў іх вёсцы ў савецкія гады яго сваяк хадзіў з келішкам, у якога не было ножкі, і ўсім прапаноўваў: “Кульні”. Пра гэты аповед я ўзгадала на спецкурсе аднаго выкладчыка ва ўніверсітэце. Ён тады растлумачыў сэнс слова “накуляўся”. Таксама ў даследчыка Адама Мальдзіса ў кнізе “Як жылі нашы продкі” напісана, што “пакланенне Вакху” ў XVIII стагоддзі набыло жахлівыя памеры. Шляхта і магнаты пілі вялікімі куляўкамі — келіхамі, якія немагчыма было паставіць, бо яны не мелі ножак. Таму сёння на п’янага чалавека часта кажуць, што ён накуляўся. І гэта толькі адзін з прыкладаў…

Нашчадкі ваколічнай шляхты з вёскі Сенажаткі (Рагачоўскі р-н), 1932 г. (фота з уласнага архіва Аляксандра Несцярука)

Марыя ўвогуле любіць гісторыю, і ўсе яе старонкі лічыць цікавымі. З гісторыі асобных сем’яў складаецца агульная гісторыя краіны, упэўнена яна.

Ва ўніверсітэце Марыя кожны год пісала курсавыя на розныя тэмы. Спачатку навучалася на кафедры ўсеагульнай гісторыі, дзе займалася вывучэннем ВКЛ. Першая тэма курсавой прысвечана працэсам утварэння Рэчы Паспалітай. На працягу пяці гадоў студэнтка спалучала самастойнае даследаванне аб шляхце з іншымі ўніверсітэцкімі тэматыкамі. Яе дыпломная праца мае назву “Геапалітычнае становішча Рэчы Паспалітай у сярэдзіне XVII стагоддзя”. Сваю магістарскую працу, прысвечаную шляхецкім сядзібам Гомельшчыны XIX — пачатку XX стагоддзяў, Марыя Булавінская піша ўжо на кафедры “Гісторыя Беларусі”.

Пачуцці, якія перадаюцца праз экран

Ідэя зняць фільм прыйшла да Марыі тады, калі яна адчула, што інфармацыя, якую атрымоўваецца адшукаць, вельмі цікавая. Яшчэ на трэцім курсе яна набыла сабе аматарскую відэакамеру, бо была апантана ідэяй зняць фільм на краязнаўчую тэму. Яе фільм “Час для ўспамінаў” грунтуецца ў асноўным на ўспамінах людзей пра выселеныя пасля Чарнобыля вёскі — Старыя і Новыя Грамыкі.

— Гэта былі шляхецкія ваколіцы. Там жыла пераважна шляхта. Дарэчы, дыпламат Андрэй Грамыка — са Старых Грамыкаў, ён таксама мае шляхецкае паходжанне, — гаворыць Марыя. — На той час, калі я здымала гэты фільм, у мяне яшчэ не было дастаткова ведаў. Узялася за гэта таму, што баялася не застаць тых людзей, якія могуць нешта распавесці. Можа гэты фільм цікавы не кожнаму, бо не ўсіх прываблівае лёс асобнай вёсачкі. Але для мяне і тых людзей, якія паходзілі адсюль, вельмі каштоўна: хочацца, каб пра іх засталося нешта.

Untitled from kli4nik on Vimeo.

Першыя здымкі фільма пачаліся дзесьці ў 2008 годзе, калі Марыя на Радуніцу прыехала на могілкі, якія засталіся ў адселеных вёсках.

— Мой дзед сустрэў там свайго знаёмага. У мяне тады яшчэ камеры не было, а ён пачаў распавядаць, што сярод Грамыкаў ёсць Гедымінавічы. Яго расповед пачынаўся аж з XVI стагоддзя. Побач стаяў мой дзядзька, у якога была аматарская камера, і я папрасіла, каб ён запісаў. Якасць была дрэнная, пазней я гэтага чалавека знайшла і ўсё перазапісала. Ды ўвогуле большасць людзей у мяне атрымалася знайсці падчас Радуніцы, потым на працягу некалькіх гадоў неаднаразова сустракалася з імі.

(Фота Наталлі Прыгодзіч)

Пазней Марыя пачала вучыцца на розных трэнінгах і семінарах, як пісаць сцэнары, здымаць кіно, рабіць мантаж. Зараз яна ўжо мае досвед у гэтай справе. А тады навыкаў яшчэ не было і дзейнічала яна больш інтуітыўна. Але ж, на мой погляд, гэта не паўплывала на вынік — фільм атрымаўся. З першых кадраў ён падаецца вельмі светлым і аптымістычным. Магчыма, такое ўражанне складаецца ад успамінаў дзяцінства, пра якія распавядаюць вяскоўцы. Але ўжо напрыканцы становіцца неяк не па сабе: нягледзячы на тое, што аўтара фільма няма ў ніводным кадры, яе пранізлівыя пачуцці да згубленых вёсачак, якія яна адчувае разам з героямі свайго фільма, перадаюцца праз экран і кранаюць да слёз.

Невядомае пра гомельскую шляхту

Зараз Марыя працуе над другім фільмам, у якім будзе распавядаць пра гомельскую шляхту.

Частка фільма, над якім зараз працуе Марыя:


— Некаторыя часта заўважаюць, што шляхта — з’ява нехарактэрная для Гомельшчыны. Але трэба адзначыць, што гэта не так, — упэўнена Марыя. — Проста так склалася, што ў нас зараз папулярызуюцца іншыя бакі гісторыі. На захадзе Беларусі папулярна адно, а ў нас — другое.

Хутчэй за ўсё, Марыя мае рацыю, але ж у мяне яшчэ адзін пункт гледжання на гэта: калі ў Заходняй Беларусі шляхта існавала аж да 1939 года, бо гэтыя землі былі пад Польшчай, то ў Гомелі яе існаванне скончылася з прыходам савецкай улады. Мабыць, таму і прынята лічыць, што ў нашай мясцовасці шляхты не існавала.

Сядзіба Солтанаў-Перасвет у Старай Беліцы (Гомельскі р-н) (фота з кнігі Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej)

— На Гомельшчыне было шмат шляхецкіх сядзіб, — працягвае расповед Марыя. — Напрыклад, у Рагачоўскім павеце, калі Беларусь уваходзіла ў склад Расійскай імперыі (паўночна-ўсходняя частка сучаснай Гомельскай вобласці), было вельмі шмат ваколіц, дзе жыла пераважна шляхта. Ва Ўсходнім Палессі ў былым Мазырскім і Рэчыцкім паветах шляхты было меней. Шляхта тут жыла хутарамі і валодала вялікімі надзеламі зямлі. На жаль, шляхецкіх сядзіб на Гомельшчыне захавалася вельмі мала. А тое, што засталося, у недагледжаным выглядзе. Шмат знішчана яшчэ ў 90-я гады, таму што нікому не было патрэбна: напрыклад, сядзібы Лісоўскіх у вёсцы Пракопаўка, Солтанаў-Перасвет у вёсцы Старая Беліца Гомельскага раёна і шмат іншых.

Сядзіба Кяневічаў у Дарашэвічах Петрыкаўскі р-н

Магдалена Кяневіч з сынамі. 1913 г.(фота з кнігі Kieniewicz, A. Nad Prypecią, dawno temu… Wspomnienia zamierzchłej przeszłości. Warszawa: Ossolineum, 1989)

Неўзабаве інтарэс даследчыцы даў новыя віткі: яе цікавяць ужо не толькі сядзібы, але і лёс пэўных шляхцічаў.

— У нас ёсць музей гісторыі горада Гомеля. Ён больш вядомы як “домик для летнего проживания Николая Петровича Румянцева”. Але ж насамрэч Румянцаў пражыў там усяго некалькі гадоў, — разважае Марыя. — Калі праходзіла каля гэтага доміка, заўсёды здзіўлялася — чаму нічога невядома пра яго гаспадароў? Павінны ж нейкія фотаздымкі быць, карэспандэнцыя. Пачала пошукі, знаходзіла нешта і радавалася кожнай дробязі. Напрыклад, герб-радавод Лісоўскіх — не такая ўжо вялікая інфармацыя, але я была на сёмым небе ад шчасця, калі знайшла яго.

Паступова Марыя дазналася, што так званы “летний домик” належаў шляхцічам Крушэўскім, родавы маёнтак якіх быў і ў Борхаве (зараз гэта Рэчыцкі раён). Пазней праз шлюбныя сувязі гэтая сядзіба ў Гомелі перайшла да шляхцічаў Лісоўскіх.

Самае цікавае ў тым, што Марыя знайшла шмат невядомых раней фактаў з лёсу Лісоўскіх. Прынамсі, даследчыца выявіла, што апошняя гаспадыня гэтай сядзібы Ірэна Лісоўская, у шлюбе Галынская, у 1919 годзе выехала з Гомеля ў Брэст-Літоўск. Пасля Другой сусветнай вайны яна перасялілася ў Польшчу, дзе памерла ў 1981 годзе. Менавіта Марыя даведалася, што ўспаміны Ірэны Лісоўскай захаваліся ў польскім горадзе Вроцлаве.

Ірэна Лісоўская (у шлюбе Галынская)

— Праз музей гісторыі горада Гомеля мы вялі перамовы з Нацыянальнай установай імя Асалінскіх у Польшчы, дзе знаходзяцца гэтыя ўспаміны. Адтуль нам даслалі пакуль што копіі дакументаў. Ёсць там успаміны і пра вёску Пракопаўка Гомельскага раёна, дзе Ірэна Лісоўская нарадзілася, — распавядае Марыя.

Сядзіба Лісоўскіх у Пракопаўцы (Гомельскі р-н), вясковая школа

— Яны пранікнуты такім каханнем да гэтых мясцін! Больш ніколі яна не адчувала сябе так добра, як дома. Вось невялічкая цытата: “Там быў дом! Наш, уласны, родны, сапраўдны дом! Калі пакінулі яго ў 1919 годзе, ніколі ўжо не мела дома і не адчувала сябе як дома. Якое вялікае шчасце мець свой уласны дом, каханы дом. Не ведаю, ці разумеюць мяне ўсе, ці падзяляюць са мной мае думкі, але тыя, хто “адтуль”, напэўна, так”. Характэрна, што ўспаміны напісаны на польскай мове.

Фрагмент з успамінаў Ірэны Галынскай “Pożegnanie”

Друкаваны тэкст я перакладала сама, а рукапісны дапамагаў перакласці ксёндз гомельскага касцёла Славамір Ляскоўскі, за што я вельмі ўдзячна яму.

Марыя пераканана, калі нешта па-сапраўднаму шукаць, абавязкова знойдзеш. Зараз ва ўласным архіве даследчыцы ёсць фотаздымкі ды іншыя дакументы, якія тычацца шляхецкіх родаў Гомельшчыны: Козел-Паклеўскіх, Прозараў, Аскеркаў, Халецкіх, Кяневічаў, Войніч-Сенажэнскіх, Дорыя-Дзерналовічаў, Солтанаў і іншых.

— Часам у мяне атрымоўвалася дзіўныя рэчы знаходзіць! Хаця ўсе раілі, каб я дарма не марнавала час, бо тое, што я шукаю, згублена назаўсёды, увогуле не варта нават і варушыцца, — усміхаецца Марыя. — Але ж заўсёды неяк нечакана на мяне звальваецца штосьці такое неверагоднае, у прыватнасці, гістарычныя звесткі аб тым, пра што я даўно думала.

Вось вам і чарговае пацверджанне: думкі маюць асаблівасць матэрылізавацца. Але ж, на мой погляд, гэта не мае дачынення да шанцавання ці нейкай выпадковасці. Марыя Булавінская добра ведае, што ёй патрэбна. Яна ідзе прамым шляхам да сваёй мэты, менавіта таму і атрымоўвае тое, што хоча.

P.S. У першай палове гэтага года плануецца ўнесці змены ў пастаянную экспазіцыю музея гісторыі горада Гомеля. Яна будзе прысвечана Крушэўскім і Лісоўскім, на падставе асабістых матэрыялаў даследчыцы Булавінскай. Плануецца адвесці адзін з пакояў, дзе будуць размешчаны фотаздымкі і дакументы яго дарэвалюцыйных гаспадароў, інфармацыя пра якіх на нейкі час была згублена.

Ірэна з мужам Юзафам Галынскім

Паводле слоў дырэктара музея Юліі Купрэевай, засталося перакласці з польскай на беларускую мову частку дакументаў, дасланых з Вроцлава. Ёсць магчымасць за гэты час атрымаць новыя звесткі пра гомельскіх шляхцічаў. Дарэчы, вуліца Арцёма ў Гомелі раней мела назву — Крушэўская.

 Наталля Прыгодзіч, фота з уласнага архіва Марыі Булавінскай

Тэгі: