Калі ў дэпрэcіўным 1983-м Барыс Грабеншчыкоў заспяваў “Рок-н-ролл мертв”, яму не надта паверылі. Маўляў, пантуецца чувак, інцярэснічае. Забіў свой стыль — і далей альбомчыкі лепіць, у рэжыме “жыццё пасля жыцця”. Электрычнае зомбі-шоу. Прыходзьце зноў мяне хаваць. Не, ну як так: “Ракенрол здох”? Творчы андэрграўнд тады падаваўся адзінай вартай павагі формай жыцця ў чырвонай імперыі. І гітарны драйв плюс вострае слоўка — не з лексікону загадчыка ідэалагічнага аддзела — былі не проста музыкаваннем. Яны будавалі мапу свету і схему побытавай харэаграфіі. Траўматычную зону годнага існавання ў дурной прасторы несупыннага сацыялістычнага спаборніцтва і бясконцага юбілею ленінскага камсамолу. Што засталося з тых часоў і таго ракенролу? Плэйліст твайго старпёрскага смартфона. Ага, і яшчэ ленінскі камсамол.
Апошняя цырымонія “Героі года” ад партала TuzinFM пакінула няпростае рэха. Падзея нібыта ёсць — а, здаецца, й няма. Музыкі рэальныя. Узнагароды ўмоўныя. Народ на шоу як бы падцягнуўся. Але не надта актыўна.
Глядзі і лічы знаёмыя твары. Усе свае. З музычнай тусоўкі абмежаванага дзеяння. Ракенрол на трыццаць (ну добра — сорак) асобаў? Так. Цяпер яно вось такое, наша мяцежнае шчасце.
Не варта ўздыхаць: “Эх, а вось раней…” Цікавей запытацца: што здарылася з кайфам джынсовага нацыяналізму і несістэмнага братэрства? Куды ён падзеўся? Ці меў шанцы на перамогу?
Сэнс і сцяг залатога беларускага ракенролу — рамантыка адбудовы нацыянальнай свядомасці, дызайн электрычнага патрыятызму. Зонгі Анемпадыстава і Вольскага, айчынны нью-вэйв “Бонды”, неафолк “Палаца”, востры шансон Шалкевіча, экстатычны хард “Мясцовага часу” маглі адбыцца толькі ў часы перамены імёнаў. Матрыцы сэнсаў для новай краіны ствараліся з верай у тое, што яна іх хоча. Што менавіта іх яна чакае.
Як хутка — ужо на пачатку 2000-х — высветлілася, гэта было ліставанне з безданню. Перамовы з багнай.
Суседзі — літоўцы, палякі, украінцы — хутка зрабілі сваіх нязручных электрычных паэтаў новай культурнай элітай. У нас легалайз не прайшоў: новая ўлада аказалася эстэтычна несумяшчальнай з багемна-шляхецкім шармам айчыннай альтэрнатывы. Далей пайшлі арганізацыйна-адміністратыўныя высновы — сарамлівая беларуская цэнзура.
Айчынны ракенрол стаўся няздзейсненым шанцам якаснай перазагрузкі дзяржаўнай поп-індустрыі. З надыходам палітычнай зімы ён страціў здольнасць уплываць на падзеі і сышоў у фармат пярэстай працы на замову. Забароненыя музыкі засвойвалі фармат вясельных капэл і карпаратыўнай агучкі, бадзяліся па блізкім замежжы, сябравалі з амбасадарамі, спявалі ў падтрымку палітычных кампаній. Але гэта ўсё было наастачу — жыццё на ўскраіне падзеяў. Зрэшты, і падзеяў пачало фатальна не хапаць.
Акурат тут наша машына поп-сэнсаў канчаткова спынілася — і пачала паціху адкручваць час у зваротны бок.
Пераможная стабільнасць у выніку з’ела ўсіх — і “пераможцаў”, і альтэрнатыву. Абодва бакі сышлі ў рэакцыйныя/інерцыйныя трэнды — калгасны попс, алка-бугі, еўракабарэ, паэтычныя меладэкламацыі, музычны фельетон, этна-мантры ды спеўныя сходы. І гадавалі інерцыйную публіку — ціхіх саракагадовых, нязменна закаханых калі не ў жвавыя скокі Саладухі, дык у мілую ўсмешку Вайцюшкевіча.
Гук зрабіўся прадказальным: камфортным ды лайтовым. Серыйным. Неістотным. А вось ідэяў зрабілася зусім не бачна. Прынамсі — свежых ідэяў, большых за чарговае падарожжа ў культурны архіў.
Змест вычарпаўся, застаўся стыль.
Навіны ўмоўна апошняга часу — электронны трып-поп Shuma, хваткі хітмэйкінг Nizkiz і Akute, вінтажны дэнс Mustelide, баявыя крычалкі BRUTTO, стадыённы кач “ЛСП” і Макса Каржа — можна пазначыць як прыгоды дызайну, распрацоўку розных вымярэнняў музычнага сэрвісу. Дзіўныя спробы быць камерцыйнымі у краіне, дзе няма сапраўднага рынку культуры, уцямнай культурнай палітыкі і звычкі плаціць не за ўгар, а за канцэпт. Прасцей гандляваць сабой у замежжы.
Нічога асабістага, джаст бізнес. А ці было інакш? Рок-рэвалюцыя — казка для падлеткаў канца мінулага стагоддзя, калі грамадзянскіх свабодаў фатальна не хапала, затое былі дасягальнымі пашарпаныя вінілы “паплаў” ды “цэпелінаў”. Ракенрол працаваў як суцяшальная ўзнагарода піплу ў безнадзейным чаканні каляровага заўтра. І піпл — спачатку хіпозны, потым свядомы — верыў: будзе рок — будзе шчасце.
Дачакаліся: вось вам рок. Поўнае сеціва пазітыўных вайбаў. Amazon з YouTube, усе варшаўскія сідзішныя сэканд-хэнды і камплект складанак “Тузіну”. Нашы ў горадзе.
І што? У тым і рэч, што нічога.
Ракенрол тут і цяпер важыць няшмат. Бо ў свае лепшыя часы быў фактычна камандным гульцом. Рэзанатарам сацыяльных зрухаў. Часткай культурнага выбуху. Прыбярыце (як у нас) іншыя кампаненты колішняй выбухоўкі — дэмакратычны рух, уплывовыя незалежныя медыя, палітычную канкурэнцыю з пазацэнзурным крэатывам, тэхнічную крытыку традыцыі, вольны культурны абмен, ратацыю элітаў ды свабоду выказвання — і самотная “музыкалка” скончыцца сама па сабе. Памрэ як з’ява і падзея.
Застанецца як хуткі cэрвіс і прытулак маргіналаў. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя. І цалкам іншыя героі.
Максім Жбанкоў, budzma.by