Штодня адкрываеш сваю звыклую стужку навін з амаль усімі парталамі Беларусі і чытаеш свежыя артыкулы і навіны. Нешта там у свеце адбываецца, хтосьці кагосьці ў нейкай вёсцы зарэзаў і г.д. Але ж гэта стандартна, звыкла і зразумела. Большую цікавасць выклікаюць артыкулы пра новыя падзеі ў культуры, мастацтве, дзейнасці. І нельга сказаць, што гэтага няма, хутчэй наадварот — што ні навіна, дык сусветная прэм’ера, гурт галактычнага маштабу, ды і ўвогуле, калі не ведалі, у нас поўны росквіт беларушчыны і грамадскай супольнасці. Усё настолькі цудоўна, што нават не верыцца ў рэчаіснасць, што прасціраецца за тваім акном, якая чамусьці даказвае збольшага адваротную тэзу. А дзе ж крытыка, панове?
Не, я не хачу сказаць, што ўвогуле няма срачаў і дыскусій. Бывае, што праскокваюць часам нейкія міжсабойчыкі, але так, на пару дзён, а потым усё забываецца, затухае і спыняецца. А самае галоўнае — ніякіх вынікаў ці кансэнсусу не дасягаецца.
Але ж адна справа — вельмі спрэчная тэма, а іншая — калі фактычна існуе забарона на крытыку “нацыянальнага” прадукту ці нейкіх нібы нацыеарыентаваных суполак. Напрыклад, калі апошні раз публічна хоць адзін альбом беларускага гурта прызналі правальным? Фільм? Ну хаця б адну кніжку раскрытыкаваць нармальна? Нешта я такога не заўважаў, а калі і з’яўлялася, то хутчэй за ўсё ў настолькі вузкіх колах, што звычайнаму “смяротнаму” там не месца. Але чаму? Дзе ў нас хоць нейкія антырэйтынгі, крытыка і паказчыкі якасці прадукту? Такое адчуванне, што беларуская мова і любая мінімальная намінацыя адразу надае статус культавасці. Але, будзем шчырыя, гэта не так. Бо самае галоўнае — гэта амаль усё нямасавае, а хутчэй аматарства ці нешта пачатковае. І іх правалы — у распаўсюдзе зусім не праз дрэнных рускіх, дурных беларусаў ці рэптылоідаў з Нібіру, а з абсалютна прымітыўнай прычыны: не чапляе, недастаткова якасна. І насамрэч, часам смешна чытаць гэтыя прыстаўкі пра легенды, паспяховасць і супермегаякасць, бо збольшага гэта проста піяр сваіх для сваіх. І вось тут адкрываецца першая прычына адсутнасці крытыкі:
1. Баюся сябра пакрыўдзіць, ён жа насамрэч таленавіты і класны чалавек
Думаю, самы галоўны і неразумны цвік у труне беларускай крытыкі. Зразумела, нашае поле жыве ў маленькім гета, дзе амаль усе адно аднаго ведаюць, але ж гэта не азначае, што мы праз гэта павінныя на ўсё закрываць вочы, а журналісты — рабіцца ўсяго толькі бясплатным піярам чарговай шараговай задумы, якая пры гэтым прэтэндуе на нешта. Але ж… Калі напісаць хоць кроплю крытыкі, наш самапрызнаны геній пакрыўдзіцца і больш не будзе даваць інтэрв’ю і каментароў, калі спатрэбіцца. Ён і так усё рэдагуе перад публікацыяй, а тут увогуле адмовіцца мець з намі кантакт. Лепш ужо проста пазітыўна напісаць, а карыстальнік зробіць свой выбар.
Падобна, праўда? Тады віншую! Дзякуючы вам якасць нашага прадукту ніжэйшая за плінтус. Бо менавіта з прычыны гэтага аўтары вырашаюць, што сапраўды мэтры і геніі, якія ўжо сядзяць на творчым Алімпе, таму нічога новага ці інавацыйнага рабіць не трэба. Ды і навошта, калі навокал хваляць? Дрэнныя продажы? Ну, не дараслі яшчэ. Каб пабачыць жывога тытана, таксама трэба быць абраным з трэцім вокам. Ну а калі вы не з тусы, дакрануліся да вялікага, маеце сваю крытычную пазіцыю і раптам не пабаяліся яе публічна агучыць, лепш падумайце сто разоў, бо тут хаваецца другая прычына адсутнасці крытыкі:
2. Важдзізм, за крытыку якога вас з’ядуць з косткамі і ператравяць
Купала — недатыкальны! Дунін-Марцінкевіч павінен у гісторыі застацца цвярозым праведнікам, а Зянон Пазняк з’явіўся ў гэтым свеце праз беззаганнае зачацце! Багі, а не людзі, вакол якіх гуляюць розныя міфы, а самае галоўнае — існуе негалоснае правіла хваліць іх абсалютна ўсё, нягледзячы ні на што. Насамрэч такімі бажкамі нашая прастора чамусьці перапоўненая. Што ні дзеяч, дык легенда і недатыкальная істота, крытыкануць якую будзе вам каштаваць квітка ў рай ці якую-небудзь Вальгалу. Проста запомніце: важдзёў не судзяць. Вы вось памятаеце, каб Сталіна крытыкавалі? Ну дык вось, тут тое ж самае!
Але калі гэта вас не спыніць то трымайце трэці, ключавы, аргумент на момант, калі вас яшчэ не атрымалася з’есці:
3. І ўвогуле, крытыкуеш — зрабі сам! І гэта, ты мастак, каб ацэньваць чужую працу? Не — дык і маўчы!
Тут мы пачынаем разумець сапраўдную скіраванасць большасці цяперашніх праектаў. Не на масу і крытыкаў, а… для сваіх. Вядома ж, астатнія недзе там, як смаўжы, коўзаюцца, калі мы тут, багі Алімпа, проста па-сяброўску спаборнічаем у званні найлепшага бога тыдня. Ды і тое ўмоўна, бо суддзі ж — мы самі :) Але ж наўпрост казаць пра гэта нібыта нельга (гл. пункт 2), таму публічна вам будуць даказваць адваротнае. З гэтага пункту цяжка выслізнуць, бо тут ужо бойка да апошняга. Але для сапраўдных тэрмінатараў існуе асобны, смачнейшы, тып фаталіці:
4. Ты ж на кантору працуеш! Агент! Шпіён! Правакатар! Ты супраць беларушчыны!
І тут ужо канец. Ніяк жа не дакажаш адваротнае. А догма адна: хто кажа крытычна супраць “беларускага” прадукту, той супраць Беларусі. Не ведаю асабіста, але ж пытанне… У саўку крытыкаваць якасць савецкіх прадуктаў можна было? Ёсць у мяне пэўныя падазрэнні…
Вось і атрымліваем выбар: хвалі ці трымай асабістую анафему і кроч у лепразорый такіх жа “агентаў” і “правакатараў”. Але запомні, дружа: у тусе стаць богам пасля гэтага амаль немагчыма. Такія правілы. Ну а пакуль усё падгнівае, галоўнае — унутранае прызнанне, а масавыя поспехі пакінем на часы “прыўкраснай Беларусі будучыні”.
Хочаш нешта змяніць? Вывучы тэму, пачні пісаць артыкулы, аб’ектыўныя якасныя рэцэнзіі, ацэньвай, складай топы, уздымай пытанні! І самае галоўнае — не варта баяцца лепразорыя, там прынамсі існуе хоць нейкая праўда і прагрэс.
Багдан Сакалоў