Пару гадоў таму ў Магілёве паміж Архіерэйскім Валам Каніскага і вуліцай Ленінскай (Вялікай Садовай альбо Ветранай) з’явіўся Спаскі завулак. Лагічным працягам было б вяртанне калі не Спаскай царквы, якая калісьці дала назву таму завулку, то хаця б яе званіцы, бо зараз месца на скрыжаванні завулку і вала нічым не занятае.
“Сама царква да Паўноўнай вайны была драўляная і Спаскі манастыр быў драўляны. Войскі Пятра І адступалі ў верасні 1708 года і па яго загадзе Магілёў быў спалены. А разам і Спаская царква”, – распавёў “Нашаму Магілёву” мясцовы краяўзнаўца Алег Дзьячкоў.
Паводле яго, новую царкву скалацілі на скорую руку – “яна нават нахілялася пры моцным ветры”. “У 1740-х гадах пачалі будаваць мураваную. І завяршаў будаўніцтва ўжо Георгій Каніскі, які прыехаў у Магілёў у 1775 годзе. І ён запрасіў на той час аднаго з самых выбітных архітэктараў на тэрыторыі былога Вялікага княства Літоўскага Іагана Глаўбіца. Сам Глаўбіц быў пратэстант. Жыў у Вільні. Быў старшынём пратэстанцкай грамады. І як сапраўдны хрысціянін будаваў для людзей усіх канфесій – уніатаў, праваслаўных, каталікоў”, – кажа Дзьячкоў.
Краязнаўца лічыць Спаскую царкву ў Магілёве ўнікальнай і непаўторнай для Беларусі таго часу. “Глаўбіц пабудаваў яе ў стылі позняга беларускага віленскага барока. На ўсходзе Магілёўшчыны, акрамя мсціслаўскага храма, больш не магу прыгадаць такіх. Да таго ж унікальнай Спаская царква была яшчэ тым, што ў сярэдзіне XVIII стагоддзя мураваных праваслаўных храмаў амаль не будаваліся. Бо перыяд быў такі, што на тэрыторыі Беларусі праваслаўных было толькі 8%. Не было каму будаваць і для каго”, – кажа ён.
На фота Спаскі завулак і вольнае месца для званіцы
Прыгажосць і смерць Спаскай царквы
Як сведчыць энцыклапедычны даведнік “Архітэктура Беларусі”, які выйшаў у Мінску ў 1993 годзе, магілёўская Спаса-Праабражэнская царква размяшчалася на высокім беразе Дняпра, у глыбіні кварталу. Уяўляла сабой крыжова-купальны храм з дзвюхвежавым галоўным фасадам. Над сяродкрыжжам на высокім светлавым васьмігранным барабане ўзвышаўся сферычны купал, завершаны галоўкай. Да глухіх граней барабану далучаліся чатыры двух’ярусныя вежачкі з невысокімі купаламі, якія разам стваралі пяцігаловую кампазіцыю. Галоўны фасад завяршалі двух’ярусныя вежы, паміж якімі размяшчаўся высокі ступеньчатага абрысу франтон. Сцены фасадаў завяршаліся шырокім тонкапрафіляваным карнізам, рытмічна чляніліся лучковымі аконнымі праёмамі з дэкаратыўнымі ляпнымі дэталямі, паміж вокнамі — спараныя пілястры з дарычнымі капітэлямі. У інтэр’еры чатыры цэнтральныя слупы пры дапамозе падпружных арак падтрымлівалі купал на ветразях. Інтэр’ер быў багата аздоблены, тут знаходзіліся творы магілёўскіх майстроў: жывапісца Мірона Пігарэвіча і чаканшчыка Пятра Сліжыка. У 1785 годзе было скончанае будаўніцтва мураванай агароджы з брамай і двух’яруснай званіцай і манастырскага корпусу.
Мураваная званіца атрымала дадатковую назву “астранамічная вежа”, распавядаецца на сайце Магілёўскай праваслаўнай епархіі ў артыкуле «История храмов Могилевщины». “С нее во времена Г. Конисского проводились астрономические наблюдения. Епископ Георгий распорядился установить на куполе колокольни Спасского монастыря, вместо креста, сделанный из меди, покрытой золотом образ Архангела Гавриила с мечом в правой руке. Этот образ простоял на Спасской колокольне более полувека, пока в 1825 году снова не был заменен могилевским архиепископам Павлом на крест”, – адзначаецца ў артыкуле.
Як сведчыць невядомы аўтар, чый артыкул размясціўся старонках газеты “Веснік Магілёва” ад 15 чэрвеня 2012 года, пасля смерці Каніскага (13 лютага 1795 года) на 78-м годзе жыцця, яго цела было пахавана ў Спаскай царкве і нібыта доўгі час заставалася нятленым.
«Исторический факт: в конце июля 1812 г. наполеоновские солдаты делали зачем-то обыск в Спасской церкви. Они взрывали пол, рыли ямы, отпирали и осматривали кладовые, сундуки с серебряной утварью и др. Открывали и гроб с телом Г. Конисского. После этого велели все позакрывать. В храме не взяли ничего! Забрали только 8 турецких пушек, что стояли рядом, которые когда-то подарил «светлейший» князь Григорий Потемкин на колокол весом в 111 пудов.
Спасская церковь сильно пострадала в годы Великой Отечественной войны, и ее, без особых раздумий или душевных терзаний, снесли-уничтожили в конце 1940-х. Как, впрочем, и другие недалеко от нее расположенные Богоявленский собор, Воскресенскую, Успенскую и Покровскую церкви. То, что можно было и сберечь, и постепенно возродить», – распавядаецца ў газеце.
“Ва ўсіх даведніках напісана, што Спаская царква была знішчана гітлераўцамі падчас вайны. Але я размаўляў с адным са старых жахароў Лупалава. Ен кажа, што яна была пашкоджана падчас вайны, а знеслі яе пасля вайны, праўда, дакладна невядома, у якім годзе”, – кажа Дзьячкоў.
Пры гэтым ён адзначае, што частку званіцы, відаць, знеслі яшчэ да вайны. “Ёсць здымак даваенны, і на ім ужо аднаго з ярусаў званіцы няма. А на купалах Спаскай царквы крыжоў ужо няма”, – прыгадвае краязнаўца, адзначаючы, што 80-90% падмуркаў храма цяпер знаходзіцца пад будынкам упраўлення Следчага камітэта, а падмуркі званіцы нішто не перашкаджае раскапаць і даследаваць.
Спачатку адбудаваць званіцу, а потым, можа, і храм
“Спаскую царкву аднавіць немагчыма – там будынак Следчага камітэта, які не перасунеш. Але ёсць праект цалкам рэалістычны – праект аднаўлення вежы Спаскай царквы. Яна стаяла крышку асобна. Сёння яна б стаяла на Спаскім завулку. І калі б яе аднавіць, гэта было б цудоўна”, – распавёў “Нашаму Магілёву” кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін МДУ імя Куляшова Аляксандр Агееў.
Ён сцвярджае, што раней быў праект адбудовы вежы, дзе быў бы размешчаны нейкі бар. “Быў праект зрабіць там невялічкі бар, від з якога адкрываўся б на Задняпроўе цудоўны. Але менавіта ў тым стылі, ў якім вежа была пабудавана. Ёсць дастаткова і малюнкаў, і фатаграфій. Гэта рэалістычна”, – упэўнены гісторык.
Паводле яго, адбудаваная званіца Спаскага храма аднаўляла б сілуэт горада. “Па вышыні яна была ніжэй за Ратушу. Бо самую высокую вежу меў Багаяўленскі манастыр, потым – Ратуша, а Спаская – трэцяя”, – адзначае Агееў.
На яго думку, адбудова Спаскай званіцы магла б стаць камерцыйны праект, але патрэбным і гісторыкам, і грамадскасці, бо ў перспектыве тры высокія дамінанты стварылі б атмасферу старога горада.
Ідэя аднаўлення гэтай званіцы не новая, адзначае ў сваю чаргу Алег Дзячкоў. “Нават нехта з архітэктараў рабіў праект па аднаўленню Спаскай званіцы. Таксама чуў пра варыянт, што там тэлескоп хацелі ўсталяваць і аддаць пад філіял Куляшоўскага ўніверсітэта”, – распавёў Дзьячкоў.
Разам з тым ён мяркуе, што пры сучасных тэхналогіях магчыма і аднаўленне ўласна Спаскай царквы. “Калі адновяць Спаскую царкву, то першае, што будуць бачыць магілёўцы і госці з боку Дняпра – будзе Спаская царква. Гэта можна зрабіць у перспектыве”, – гаворыць краязнаўца.
Уладзімір Лапцэвіч, “НАШ Магілёў”