30 лістапада Мінска-Магілёўская Мітрапалітальная курыя прыняла шэраг мер для забеспячэння далейшай дзейнасці парафіяльнай супольнасці ва ўмовах часовага закрыцця Чырвонага касцёла, паведамляе Catholic.by.
Замест ксяндза Уладзіслава Завальнюка новым адміністратарам парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску прызначаны ксёндз канонік Юрый Санько.
Парафія Чырвонага касцёла часова перамяшчаецца ў кафедральны касцёл Панны Марыі на плошчы Свабоды. Парафіяльная канцылярыя ж будзе адкрыта ў плябаніі пры касцёле святога Сымона і святой Алены (вул. Савецкая, 13), а таксама ў адным з катэхетычных класаў пры архікатэдры.
Раней ксёндз-канонік Уладзіслаў Завальнюк напісаў заяву, каб яму дазволілі даглядаць тэрыторыю храма, якой амаль два месяцы ніхто не апякуецца, і стаў дворнікам пры Чырвоным касцёле.
Нагадаем: у ноч на 26 верасня ў храме здарыўся загадкавы пажар. Гэта стала нагодай для таго, каб зачыніць Чырвоны касцёл і перастаць пускаць туды вернікаў.
Касцёл св. Сымона і св. Алены ў Мінску, больш вядомы ў народзе як Чырвоны касцёл. Храм знаходзіцца на пл. Незалежнасці, побач з Домам урада і з’яўляецца адным з сімвалаў сталіцы Беларусі. Будынак касцёла, пабудаваны ў 1910 годзе на сродкі мецэната Эдварда Вайніловіча, пасля здабыцця Беларуссю незалежнасці не быў перададзены абшчыне, але знаходзіўся ў яе бязвыплатным карыстанні. У 2013 г. храм быў замацаваны на праве гаспадарчага ведання за КУП «Мінская спадчына». Менавіта гэтая арганізацыя апавясціла абшчыне вернікаў аб скасаванні дамовы карыстання.